Хваля бежанцаў на паўднёва-ўсходнім Палессі ў 1915 годзе

0
46
Бежанцы і беженцы на Беларусі ў Першай сусветнай вайне на Гомельшчыне

Трагічны лёс напаткаў беларускі народ у час Першай сусветнай вайны, ад якой пацярпела насельніцтва як на акупаванай немцамі тэрыторыі, так і рушыўшае ў бежанства. З’ява бежанцаў Беларусі не знайшла свайго поўнага адлюстравання ў айчыннай гістарыяграфіі, што абумовіла звяртанне да яе вывучэння на паўднёва-ўсходнім Палессі як адным са значных накірункаў бежанскага руху.

Масавы характар бежанства на Беларусі прыняла летам — восенню 1915 года, калі ў ходзе адступлення расійскіх войск частка насельніцтва была выселена па загаду ваенных улад, а другая част­ка пакінула месцы свайго пражывання з-за немагчымасці працягваць існаванне пад абстрэлам у прыфрантавой паласе. Вялікая люд­ская лавіна рушыла на ўсход, разліўшыся па ўсёй Беларусі.

Ужо ў жніўні 1915 года першы паток бежанцаў з Заходняй Беларусі дасягнуў Мазыршчыны: беяжанцы рухаліся праз Рэчыцкі, Гомельскі і іншыя паветы паўднёва-ўсходняга ГІалесся. Ва ўмовах абвастрэння пагрозы дэзарганізацыі работы тылу ваенныя ўлады патрабавалі ад губернскіх і павятовых улад рэгуляваць бежанскі рух. Па патрабаванні Галоўнага начальніка забеспячэння армій Паўночна-Заходняга фронту генерала М.А. Данілава 30 жніўня мінскі губернатар даручыў павятовым уладам губерні вызначыць шляхі руху бежанцаў, а таксама абсталяваць па месцах харчовыя і фельчарскія пункты па аказанні дапамогі бежанцам. Асабліва напружаныя абставіны склаліся ў Мазырскім і Рэчыцкім паветах, дзе наглядаўся найбольш масавы рух бежанцаў. 3 мэтай абмеркавання практычных мер па аказанні дапамогі бежанцам у першай палове верасня 1915 года пад старшынствам галавы Рэчыцкай управы І.І. Патопа адбыўся шэраг надзвычайных пасяджэнняў павятовага земскага сходу. Перш за ўсё ўправа вызначыла шляхі далейшага перамяшчэння бежанцаў: з Мазыра на Калінкавічы, праз вёскі Даманавічы, Якімаву Слабаду з пераправай праз р. Бярэзіну ў Магілёўскую губерню. Другі шлях — з Мазырскага павета праз р. Прыпяць у Нароўлі на Юравічы, Хойнікі, Брагін. У далей- шым бежанцы накіроўваліся праз р. Днепр у Чарнігаўскую губер­ню. Для ўпарадкавання перамяшчэння бежанцаў ствараліся размеркавальныя пункты ў Калінкавічах, Барбарове і Брагіне. Бежан­цы рухаліся па гужавых дарогах, зрэдку па шашэйных. Іх амаль не перавозілі чыгункаю. Вялізная маса людзей вымушана была галадаць, з-за недахопу памяшканняў начаваць пад адкрытым не­бам, нават не маючы магчымасці разводзіць агонь, каб прыгатаваць ежу і абагрэцца. Рух бежанцаў на Мазыршчыне ўскладняўся тым, што праз Мазыр таксама ажыццяўлялася эвакуацыя розных устаноў на ўсход краіны, а некаторыя з іх размяшчаліся ў горадзе. Напрыклад, у Мазыр былі эвакуяваны Брэсцкае камерцыйнае вучылішча і Пінская земская ўправа.

На дапамогу бежанцам прыйшлі такія грамадзянскія арганізацыі, як Усерасійскі Земскі і Гарадскі саюзы, якія адкрылі свае аддзяленні на шляху руху бежанцаў. Паміж гэтымі арганізацыямі існавала своеасаблівая кааперацыя. Так, Земскі саюз браў на сябе медыцынскую дапамогу, а Гарадскі — харчовую. 3 1 верасня 1915 года па люты 1916 года Мінскае губернскае земства па ўладкаванні бежанцаў адкрыла ў губерні чатыры харчовыя пункты, у тым ліку ў вёсцы Леніна Мазырскага павета, выдаўшага за два месяцы 22 670 абедаў і ў вёсцы Даманавічы Рэчыцкага павета, які за 10 дзён верасня выдаў 989 абедаў.

Дабрачынную дапамогу бежанцам аказваў Таццянінскі камітэт. У 1915 годзе ён асігнаваў Мінскаму аддзяленню 510 тыс. рублёў, якія былі размеркаваны паміж паветамі Мінскай губерні. У сакавіку 1916 года Мінскім губернскім аддзяленнем Таццянінскага камітэту было пераведзена 22 тыс. рублёў Мазырскаму павятоваму аддзяленню. У Мазыры быў абсталяваны ўрачэбна-наглядальны пупкт. Пры ім ажыццяўлялася раздача бежанцам цёплай вопраткі і бялізны.

Але рух бежанцаў на Палессі ўскладняўся рознымі абставінамі. Адной з іх з’яўлялася адначасовае перасяленне бежанцаў разам з эвакуацыяй буйнай рагатай жывёлы, якая ішла сваёй хадой за лінію р. Днепр. 30 ліпеня 1915 года на нарадзе Мінскай ваеннай акругі было разгледжана пытанне аб перадачы жывёлы Мінскай ваеннай акруговай Інтэнданцкай управай на ўтрыманне земст­вам. У прыватнасці, Мазырскае земства дала згоду на ўтрыманне 30 тыс. галоў буйнай рагатай жывёлы.

У цэлым дапамога бежанцам з боку розных дзяржаўных і грамадскіх устаноў была недастатковай. Гэта прывяло да жабрацкага стану і масавай пагібелі людзей. 3 надыходам халадоў восенню 1915 года асноўная маса бежанцаў была эвакуяавана па чыгунцы ўглыб Расіі. Становішча бежанцаў, асеўшых на Палессі, заставалася вельмі цяжкім. У мясцовых улад не хапала сродкаў на харчаванне і жыллё для бежанцаў. Не ўсе асігнаваныя сродкі даходзілі да бежанцаў.

Аўтар: Л.М. Бабкоў
Крыніца: Краеведение – основа духовного и нравственного возрождения общества: научно-практ. конф. ( Гомель, 10-11 декабря 1997 г .). – Гомель, 1997. Ст. 99-101.