Хто такі Раман Шаціла?

0
822
Хто такі Раман Шаціла

Раман Шаціла — першы вядомы з пісьмовых крыніц жыхар Шацілак, уладальнік маёнтка Шацілінскі Востраў.

Імя Рамана Шацілы (дакладныя гады жыцця невядомыя) згадваецца ў прывілеі Вялікага князя літоўскага, караля Польскага Жыгімонта II Аўгуста ад 15 ліпеня 1560 года. У дакуменце гаворыцца, што маёнтак Шацілінскі Востраў пасля смерці яго ўладальніка Рамана Шацілы перадаецца ў валоданне зямяніну Ждану Манкевічу з абавязкам выканання вайсковай службы [1, с. 47]. Прывілей быў знойдзены ў 1989 годзе, дзякуючы светлагорскаму грамадскаму гісторыка-культурнаму аб’яднанню “Поўня”. Яго актывіст — настаўнік гісторыі СШ №7 Тэльман Маслюкоў — праз гарадскі аддзел культуры ініцыяваў пошук старадаўніх дакументаў аб Шацілках. Тады ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у Мінску была выяўлена копія каралеўскага прывілея 1560 года, якая цяпер з’яўляецца першым гістарычным сведчаннем аб Шацілках (цяпер Светлагорск) [2, с. 105].

Назва Шацілінскі Востраў указвае на яго ўладальніка — чалавека з прозвішчам Шаціла. Пазней населены пункт пачаў называцца Шацілкі, якія ў 1961 годзе былі пераназваныя ў Светлагорск. Пакуль невядома, да якога саслоўя належаў Раман Шаціла, але хутчэй за ўсё ён быў зямянін — селянін, у абавязкі якога ўваходзіла выкананне пэўных дзяржаўных і вайсковых даручэнняў. На гэта ўказвае тое, што і наступны ўладальнік Шацілінскага Вострава — Ждан Манкевіч — у прывілеі 1560 года названы як зямянін. Верагодна, што ў Рамана Шацілы, апошняга з роду не засталося нашчадкаў [3], таму маёнтак перайшоў да Ждана Манкевіча.

Адкуль у нашай мясцовасці з’явіліся Шацілы? На думку кандыдата філалагічных навук Аляксандра Рогалева, які зрабіў параўнаўчы аналіз назваў населеных пунктаў, яны прыйшлі з тэрыторыі сучаснай Украіны [4, с. 130].

Існуюць легенды аб тым, як з’явіліся Шацілы на месцы будучага Светлагорска. У адной з іх, запісанай доктарам філалагічных навук А. Ненадаўцом, апавядаецца, што чалавек з імем Шаціла выратаваў паселішча, якое ледзьве не згубіў паморак. Удзячныя тубыльцы сваіх дзяцей пачалі называць па імені выратавальніка — Шацілкамі. Потым гэта назва перайшла і на паселішча [5, с. 362].

У другой легендзе, якая захоўваецца ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы Светлагорска, гаворыцца, што даўным-даўно ўздоўж Бярэзіны ішлі сем шукальнікаў шчасця. Убачылі яны на правым беразе ракі прыгожае месца і пасяліліся там. Сярод іх быў чалавек з іменем Шаціла, у яго расла прыгожая дачка. Яна любіла гуляць па высокім беразе ракі. Аднойчы бераг абваліўся, і прыгажуня ўпала ў чорны вір Бярэзіны. Выратаваць яе не здолелі. Бацька, засмучаны такой трагедыяй, пакінуў нешчаслівую мясціну 3 таго часу паселішча пачало называцца Шацілкавічамі.

Магчыма, што ў апошняй легендзе адлюстраваныя рэальныя трагічныя падзеі роду Шацілаў. Магчыма, апошні з іх, Раман, не перажыўшы згубы дачкі, памёр, так і не пакінуўшы спадчыннікаў. У любым выпадку, прозвішча Шаціла больш не сустракаецца ў дакументах аб Шацілках XVII-XIX стагоддзяў. Вельмі рэдка яго можна напаткаць у Светлагорскім раёне зараз.

У 2006 годзе недалёка ад Цэнтральнай плошчы Светлагорска быў адкрыты бронзавы помнік у гонар першага вядомага жыхара Шацілак — Рамана Шацілы [6].

Крыніцы:

  1. Маслюкоў Т. Узнікненне Шацілак. Шацілы і Манкевічы — старажытныя шляхецкія роды Беларусі / Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. У 2-х кн. Кн. 1. Мн. 2000. С. 47-49.
  2. Грабянчук I. Светлагорск II Беларускі гістарычны часопіс. 1997. М° 3. С. 105-110.
  3. Маслюкоў Т. Колькі ж нам гадоў? // Ранак-плюс. 1997. № 39. С. 6.
  4. Рогалеў А. Колькі гадоу Светлагорску? / Сцежкі ў даўніну. Мн. 1992. С. 126-130.
  5. Ненадавец А. Гомельшчына ў легендах і паданнях. Мн. 2001. С. 357-362.
  6. Романцов В. Шатила с «Солнцем» на груди пришел в Светлогорск // Ранак-плюс. 2006. № 38. С. 5.

Аўтар: В. Раманцоў
Крыніца: Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск: Галіяфы, 2011. — 252 с. Ст. 20-22.