Хто быў буйным прыватным землеўласнікам у Светлагорскім раёне?

0
301
Хто быў буйным прыватным землеўласнік у Светлагорскім раёне

Буйным прыватным землеўласнікам у гісторыі раёна быў расійскі адмірал Пётр Іванавіч Пушчын, якому напрыканцы XVIII стагоддзя імператар Расійскай імперыі Павел I падараваў Парыцкую воласць Бабруйскага староства з 1300 прыгоннымі сялянамі.

5 красавіка 1797 года расійскі імператар Павел І у дзень сваёй каранацыі падараваў частку Бабруйскага староства (Парыцкую воласць) прыдворнаму вяльможы, расійскаму адміралу і інтэнданту часоў Кацярыны II, Андрэеўскаму кавалеру Пятру Іванавічу Пушчыну (1723-1812). Як гаварылася ў дакуменце, ён атрымаў «в вечное и потомственное владение» 1300 прыгонных сялян [1].

У 1793 годзе тэрыторыя сучаснага Светлагорскага раёна ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай увайшла ў склад Расійскай імперыі. Усе сяляне, якія жылі тут, сталі прыгоннымі і разам з землямі раздаваліся расійскім дваранам. Вольнымі заставаліся толькі шляхціцы пры ўмове дакументальнага пацвярджэння свайго паходжання, інакш яны таксама траплялі ў лік сялян.

Адпаведна “Вопісу ўладанняў адмірала Пятра Пушчына”, які датуецца 1800 годам, у вечнае і спадчыннае карыстанне яму дасталіся 28 населеных пунктаў Парыцкай воласці, 19 з іх размешчаны ў межах тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёну [2]. Гэта вёскі Ала, Вялікі Бор, Высокі Полк, Гамза, Здудзічы, Ліпінін (Ліпнікі), Молча (Мольча), Паганцы, мястэчка Парычы, Прудок, Пясчанка (Пясчаная Рудня), Расава, Селішча (Селішчы, Краснаўскай сельскай Рады), Скалін (Скалка), Стушын (Стужкі), сяло Чэркавічы (Чыркавічы), Чэркавіцкая Рудня (Рудня), Язвінін (Язвін), Кнышавічы (Кнышэвічы) [3]. У Парычах, щто ў 1800 годзе ўпершыню названае мястэчкам, жыло 111 прыгонных сялян (53 мужчыны і 58 жанчын) і 18 шляхціцаў (10 мужчын і 8 жанчын). Самай шляхетнай была на той час веска Шацілкі: 74 мужчыны і 91 жанчына. А сялян было ўсяго 14 мужчын і 11 жанчын. Шляхціцы жылі ў фальварку Стушын (Стужкі): 5 мужчын і 3 жанчыны. Згодна “Вопісу”, у 1800 годзе ў прыватнай уласнасці пана Пушчына знаходзілася больш за 1900 прыгонных сялян [3] толькі з ліку тых, якія жылі ў межах сучаснага Светлагорскага раёна.

Прыгонныя сяляне выконвалі для пана Пушчына наступныя павіннасці: мужчыны з канём і жанчыны пешшу працавалі тры дні на тыдзень, акрамя гэтага былі гвалты, так званы згон сяляну час збору ўраджая, нарыхтоўкі сена, шарваркі — будаўнічыя работы ў маёнтку пана, перавозка прадуктаў харчавання пана на продаж, даніна — збор грыбоў і ягад для пана, выраб яму пэўнай колькасці палатна, здача курэй, яек, дроў і іншае. Існавалі і дзяржаўныя падаткі, якія трэба было плаціць жывымі грашыма [4, с. 49— 50]. Але нават у такіх жорсткіх эксплуатацыйных умовах знаходзіліся сяляне, якія павялічвалі ўласную маёмасць. Напрыклад, у 1832 годзе селянін Фёдар Рыгоравіч Сыцко ва ўрочышчы Асопнае меў 66 дзесяцін зямлі (дзесяціна — адзінка плошчы ў Расіі да 1918 года, роўная 1,0925 га). Паводле купчай, аформленай у 1859 годзе, арандатарам 97 дзесяцін зямлі ў вёсцы Язвін стаў селянін Іван Вікенцьевіч Цераховіч [4, с. 52].

Апасля ўсталявання савецкай ўлады на Беларусі (1919 год) бальшавікі нацыяналізавалі маёмасць усіх землеўласнікаў.

Крыніцы:

  1. Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальным хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. У 2-х кн. Кн.1. Мн. 2000. С. 59—60.
  2. Маслюкоў Т. На зямлі дрыгавічоў II Ранак-плюс. 1996. № 38. С. 6.
  3. Маслюкоў Т. Якое яно, мінулае? II Светлагорскія навіны. 1991. 26 сакавгка. С. 3.
  4. Рабянок П. Шляхам двух стагоддзяў / Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. У 2-х кн. Кн.1. Мн. 2000. С. 49-52.

Аўтар: В. Раманцоў
Крыніца: Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і ад- казах. — Мінск : Галіяфы, 2011. — 252 с. Ст. 48-50.