Хрысціянскія персанажы ў міфалагічнай прозе Гомельшчыны

0
817
Хрысціянскія персанажы ў міфалагічнай прозе Гомельшчыны

Хрысціянскія персанажы даволі шырока прадстаўлены ў міфалагічнай прозе Гомельшчыны: мы знаходзім апавяданні, былічкі, павер’і пра Бога, Ісуса Хрыста, анёлаў, Адама і Еву, Каіна і Авеля, святога Ілью. У кніжна-царкоўнай і народна-міфалагічнай традыцыях апісанні гэтых персанажаў адрозніваюцца, але, разам з тым, яны выяўляюць некаторыя агульныя рысы.

Бог

Бог, паводле ўяўленняў жыхароў Гомельшчыны, знешне падобны да чалавека (“…выглядае, як чалавек” [ККФ]; “Бог быў пахожы на чалавека. Толькі крылы былі за спіной” [СІР]), маладога (“такі высокі малады чалавек” [2, с.312]) або сталага (“Бог у нашых людзей з’яўляўся ў выглядзе дзеда” [2, с.294]; “Сам Бог — старычок старэнькі” [4, с.189]), з добрымі вачыма (“вочы ў яго добрыя, цяпло ідзе ад іх” [2, с.312]), прыгожага (“Бог сільно красівы” [2, с.356]), апранутага ў белае (“Народ представлял Бога …в белом одеянии1” [2, с.306]) і здольнага з’яўляцца ў розных абліччах (“Ён можа з’явіцца ў вобразе жабрака, старой бездапаможнай жанчыны або дзіцяці” [2, с.296]).

Пастаянна Бог жыве на небе (“сёмым небе”) (“Бог …жыве на небе ” [ККФ]; “Неба мае сем нябёсаў. …а Бог жыве аж на сёмым” [РНМ, ХМР]; “…Бог стаў жыць у небе сярод ангелаў” [2, с.294].), але час ад часу спускаецца на зямлю да добрых і веруючых людзей (“На землю Бог спускаецца амаль заўсёды і толькі да добрых людзей, якія паміраюць, каб забраць іх дуттты з сабой, таксама заўсёды знаходзіцца каля веруючага чалавека” [2, с.318]), да бедных, хворых і слабых (“Бывае на зямлі, толькі бачаць яго бедныя, хворыя і вельмі слабыя” [ЦАП, РАМ]). Сустракаюцца таксама тэксты, у якіх тлумачацца прычыны перасяленя Бога з зямлі на неба: чалавечыя няшчырасць і сквапнасць, ілжывасць і карысталюбства: “Раней Бог хадзіў па зямлі, а цяпер не ходзіць. Ён хадзіў у лахманах і прасіў у людзей есці. Адны давалі, а другія праганялі і ругаліся. Яны думалі, што Бог будзе хадзіць красівы і багатлівы. Бог засердзіўся на крывотлівых людзей і не стаў хадзіць па зямлі» [ЦАП, РАМ].

У народна-міфалагічным успрыманні Бог — стваральнік свету (“Свет і ўсё, што ў ім, стварыў Бог…” [ШАІ]; “Зямлю стварыў Бог. Усяму, што маем, павінны дзякаваць Богу” [ЛММ]) і чалавека. Па меркаваннях розных інфарматараў, чалавека ён стварыў з зямлі (“Чалавека Бог здзелаў з зямлі. Зляпіў і дыхнуў яму ў рот сваім дыханнем, дык во ён ажывіўся” [2, с.314]) або гліны (“Чалавека Бог зрабіў з гліны па свайму вобразу і ўдыхнуў у яго жыццё” [ШАІ]) і да т.п. Прычым, усё лепшае, што ёсць ў чалавеку, узята ад Бога, горшае — ад чорта (“Бог ляпіў чалавека з гліны, а тады адвярнуўся памыць рукі. А чорт — тут як тут. Усунуў апендыцыт і ўсяго яму туды” [2, с.311]).

Бог як стваральнік чалавека надзяляляецца ў традыцыйнай народнай культуры адпаведнымі магчымасцямі і здольнасцямі:

— дапамагаць (“Без Бога немагчыма жыць на свеце, бо ён нам дапамагае жыць, працаваць” [ЛММ]; “З Богам дапамога толькі і прыходзіць” [2, с. 293]);

— заступацца (“Бог — гэта наш заступнік” [2, с.313]) і апякаць (“Усю ягоную жызнь Бог глядзіць за чалавекам, беражэць яго ад чортавых напасцей” [2, с. 314]; “Бог — наш пакравіцель” [2, с.315]);

— павучаць (“Бог нас вядзе па правільнаму пуці: мы павінны бачыць беднага, старэнькага, хворага, бо мы пад Богам ходзім і з намі гэта можа здарыцца. Усё правільнае і добрае ад Бога-Айца”) [АНД];

вызначаць лёс (“Нараджаецца чалавек, і Гасподзь дае судзьбу” [ЗМЛ]; “Ад Бога завісела жізнь чалавека, яго лёс” [Сір]);

рэгуляваць веды чалавека і караць яго (“Спачатку людзі ведалі ад Бога час сваёй смерці, але калі Бог убачыў, што яны не хочуць працаваць, перастаў ім аб гэтым казаць” [ДНІ]; “Спусціўся Бог на зямлю ды старычком абярнуўся. Ішоў ён і ўбачыў, што стары чалавек забор гародзіць. Бог і спрашвае ў старыка, навошта такі забор хіленькі і слабы. А ён яму і адказвае, што праз колькі дзён яму ўжо паміраць, зачым тады добры забор рабіць. А Бог і сказаў, што больш ніхто не будзе ведаць часу сваёй смерці” [4, с.229]). Тэкстаў, дзе распавядаецца, як Бог пазбаўляе людзей магчымасці ведаць дзень смерці, паколькі яны, валодаючы такімі ведамі, паводзяць сябе не заўсёды правільна, зафіксавана нямала. Дарэчы, у некаторых раёнах Гомельшчыны гэтымі функцыямі надзяляецца святы Ілья: “Ішоў як-то святы Ілля па дзярэўні. Смотрыць, дзед саломенны забор ставіць. Ён яму і гаварыт: “Што ж ты саломенны забор ставіш, ён жа няпрочны?” А дзед яму і кажа: “На мой век хваціць”.

— “А адкуль ты знаеш, які твой век?” — “Ведаю, што скора памру”. — “Ах, ты ведаеш, дык я вам здзелаю так, што вы больш ведаць не будзеце!” З таго часу людзі і не ведаюць, калі памруць” [4, с.224].

Жыхары Гомельшчыны вераць, што за дрэнныя ўчынкі і жаданне атрымаць таямнічыя веды, Бог можа пакараць людзей ператварэннем у якіх-небудзь духаў (“Бог пры сталпатварэнні Вавілонскім пакараў народ, які хацеў пранікнуць у яго таінства. Ён змяшаў мовы, але галоўнае было тое, што гэтыя людзі пацяралі свой воблік. Бог назначыў іх на вечныя часы вартаўнікамі. Вартаваць ваду, горы, лясы і шмат чаго іншага. Хто ў гэты момант знаходзіўся ў доме — стаў дамавіком, у леселесавіком, у вадзе — вадзяніком і г.д.” [ЛММ]) або жывёл (“Раней Бог хадзіў па зямлі. Ну і захацелася мужыку і жонцы спалохаць Бога. Сталі думаць, як яго спужаць. “Падлезем пад мост і замычым, а Бог спудзіцца нас”. А Бог сказаў: “Калі ж вы так замычалі, то і будзеце век мычаць”. І абярнуў іх мядзведзямі” [РНМ, ХМР]), за працу ў святыя дні можа прымусіць працаваць “на тым свеце” (“Жанчына, якая робіць у святыя дні, наказваецца. Казалі, што на тым свеце людзі будуць адпачываць у святы дзень, а яна рабіць” [ПНС]) або зрабіць камнем (“Пайшоў мужык рабіць на Вялікдзень, і Бог яго пакараў: акамянеў зразу, бо калі не ведаеш, што празнік і робіш, Бог можа прасціць, а калі знаеш і працуеш, то абязацельна накажа” [КВМ]), можа пакінуць без ураджая (“Гасподзь не разрашае ў святы працаваць, бо не будзе ўраджайнасцГ [КМЗ]).

У народна-міфалагічнай традыцыі Бог прадстаўляецца суровым, але справядлівым (“Бог не хоча паліць грэшніка, но Богу нужна ўнічтожыць грэх” [2, с.290]; “Бог справядлівы. А ліхое дзела Бог не даруе, калі не на етым свеце, то на тым” [2, с.294]), надзяляецца функцыямі суддзі і карніка адначасова (“Бог чалавечую душу пасылае ці то ў рай ці то ў пекла, як ужо заслужыць” [2, с.299]) выступае носьбітам абсалютнай ісціны, а таму ўсе яго ўчынкі і дзеянні ў дачыненні да людзей, як праведных, так і грэшных, лічацца правільнымі і не выклікаюць пярэчанняў або незадавальненняў.

Ісус Хрыстос

Тэкстаў павер яў, былічак, міфалагічных апавяданняў, у якіх галоўным персанажам высупае Ісус Хрыстос, зафіксавана на тэрыторыі Гомельшчыны няшмат. Сярод іх найбольш прадстаўлены вераванні аб прапаведніцкай дзейнасці (“…хадзіў ён па зямлі, прапаведывал ён хрысціянскую веру, і вучні з нім хадзілі яго” [КМЗ]), ахвярнасці і выратавальніцкай місіі Хрыста (“Бог паслаў яго ў мір па вялікай любові к нам у жэртву” [2, с.297] “Рай будзе на зямлі. Гэта вечная жызнь, патаму што Хрыстос спас нас на крэсце” [2, с.291]; “Бог сваім сынам выратаваў усіх нас, сын яго амыў сваёю крывёю сваёй усе нашы грахі” [2, с.292]). Вядома, што паняцці выратавальнік і збавіцель з’яўляюцца своеасаблівымі эпітэтамі да імя Ісус. Па словах С. Аверынцава, “гэтыя эпітэты — адлюстраванне дагматычнага палажэння аб тым, што Ісус Хрыстос добраахвотна прыняўшы пакуты і смерць нібы выкупіў сабой людзей з палону і рабства ў сіл зла, якімі яны аддалі сябе ў акце “грэхападзення” Адама і Евы” [1].

Анёл

Вядомая забарона на пляванне ўправа грунтуецца на папулярных ў народнай традыцыі вераваннях аб тым, што анёл, які ўяўляецца памочнікам Бога (“Анёл — памочнік Бога. Еслі чалавек Богу нравіцца, ангелочык ахоўвае чалавека ўсю жызнь’” [2, с.300]), знаходзіцца ў чалавека менавіта за правым плячом: “Анёл заўсёды каля чалавека з правага боку, таму пляваць направа няльзя” [2, с.300].

Забароны на кіданне смецця праз вакно звязаны з вераваннямі ў анёлаў, якія аберагаюць чалавека, знаходзячыся не толькі побач з ім, але і побач з яго домам: “Анёлаў-храніцеляў у чалавека два: адзін за правым плячом сцеражэ душу, а другі — пад вакном — сцеражэ дом, ад хвароб і прочых напасцяў. …Ён заўсёды за вакном, і той, хто выкідае смецце з вакна, кідае смецце на свайго анёла” [4, с.194].

У тэкстах, зафіксаваных на тэрыторыі Гомельскай вобласці, анёл прадстаўлены найперш як ахоўнік (“Пры нараджэнні кожнага чалавека да яго спускаецца ангел, які будзе аберагаць гэтага чалавека ў жыцці ад усякай бяды” [2, с.309]), які прыходзіць да чалавека пры нараджэнні (“Калі чалавекарадзіўся, то яму даецца ангел-спасіцель…” [4, с.216]) і пакідае яго, калі той памірае (“…Бог і анёл-ахоўнік адыходзяць, …калі добры чалавек памірае і яго душа адыходзіць на той свет” [РНМ, ХМР]) або пачынае вельмі грашыць (“…калі чалавек не будзе жыць па законе Божым, то гэты ангел пакідае чалавека і на яго звальваюцца розныя няшчасці” [2, с.309]; “Анёл-ахоўнік пакідае чалавека, калі чалавек прадае сваю душу д’яблу” [РНМ, ХМР]). Трэба адзначыць, што і ў кніжна-царкоўнай і народна-міфалагічнай традыцыях анёлы, як і ўсе духі, што дзейнічаюць у свеце, “не жывуць самі па сабе і для сябе, яны адказныя перад адзіным богам як яго “службовыя духі”, ад яго і для яго яны набываюць сваё быццё, годнасць, месца ў свеце, абавязаны воінскай вернасцю і воінскай дысцыплінай” [3].

Адам і Ева

На Гомельшчыне запісаны матэрыялы, у якіх Адам і Ева згадваюцца ў якасці роданачальнікаў (“Первые людзі Адам і Ева далі пачатак усяму роду людскому” [СІР]), створаных Богам і ім жа пакараных за непаслушэнства.

Паводле народных вераванняў, Бог стварыў Адама, першага чалавека, па сваім вобразе і падабенстве, выкарыстаўшы ў якасці матэрыялу (у розных версіях) пыл (“Бог зрабіў Адама з пылі..” [САІ]), гліну (“Чалавека Бог зрабіў з гліны…» [ШАІ]), а пасля, каб мужчыне не было сумна, стварыў жанчыну, узяўшы для гэтага рабро Адама (“…чалавеку было адзінока, і тады Бог усыпіў яго і з рабра Адама зрабіў яму жонку Еву” [ШАІ]). Трэба адзначыць, што на тэрыторыі Гомельшчыны сустракаюцца тэксты, у якіх распавядаецца аб паходжанні Адама ад малмы (відавочны ўплыў эвалюцыйнай тэорыі Ч. Дарвіна), стварэнне жанчыны, нягледзячы ні на што, у народна-міфалагічнай традыцыі звязваецца толькі з намерамі і дзеяннямі Бога: “Створаны чалавек ад абез’яны, і звалі яго Адам. А потым яму стала скушна, і Бог з яго рабра зрабіў Еву” [ЦАП, РАМ].

Бог, як сцвярджаюць інфарматары, пакараў першых людзей за тое, што аслухаліся яго і паспрабавалі забаронены плод (яблык, вінаград), сарваны самастойна (“Калі сарвалі яблыка ў Божым саду, першая стала есці Ева, а патом дала паспрабаваць яго Адаму…” [КМЗ]), прапанаваны вядзьмаркай (І вось нейкая вядзьмарка паднесла ім яблык з запрашчонага дзерава” [2, с.331]) альбо анёлам (“Аднойчы ангал падкасаўся к Еве і засмуціў яе…” [РНМ, ХМР]). Дарэчы, негатыўная семантыка анёла-спакусніка тут невыпадковая: паводле агадычных і каранічных легенд, “змей — гэта скінуты анёл, які не хацеў падпарадкоўвацца чалавеку, зайздросцячы яму, у хрысціянскай традыцыі трывала замацавалася атаясамліванне змея з д’яблам, сатаной, прыняўшым аблічча змея” [3]. Спосабы пакарання чалавека за ўжыванне забароненага плода называліся інфарматарамі розныя:

выгнанне з раю (“Ева дала Адаму яблыка, і іх ізгналі із рая за грэх” [КАА]; “Бог прагневаўся на іх і выгнаў з раю на зямлю” [КМЗ]);

фізічныя напаміны на целе — костачка ў горле (“Ева паслухала ангала, сарвала вінаград і аддала яго Адаму. Вінаград еты не ўдалося праглынуць ні Адаму, ні Еве: ён і застаўся ў іх горле костачкай” [РНМ, ХМР]) або “адамаў яблык” (“…калі Адам стаў есці яблык, Бог яго ўбачыў і пачаў ругацца. Адам спужаўся і не паспеў пракаўтнуць яблык, і ён застраў у яго ў горле і застаўся там назаўсёды” [ЦАП, РАМ]); цяжкія роды — для жанчын, вайна — для мужчын (“[Бог] сказаў ім, шчо Ева будзе трудна ражаць дзяцей, а Адам будзе ваяваць” [КМЗ]).

Каін і Авель

Асуджэнне зайздрасці і здрадніцтва, зласлівасці і жорсткасці выразна выяўляецца ў тэкстах павер’яў, былічак і міфалагічных апавяданняў аб братах Каіне і Авелі (“Жылі два браты Каін і Авель. І вось адзін другога скалоў віламі ад зайздрасці, таму што ў Авеля было многа валоў і ўсяго астатняга” [КВД]), апошні з якіх у хрысціянскай традыцыі разглядаецца “ў многіх адносінах як правобраз Ісуса Хрыста (пастыр авечак; чалавек, прынёсшы праведную ахвяру; чалавек, зведаўшы гвалтоўную смерць)” [4]. А плямы на месяцы нагадваюць, па народных меркаваннях, аб страшным граху Каіна і служаць выразным папрокам-згадкай усім тым, хто захоча зрабіць благое: “Гэта страшнае дзела. Бог назаўсёды пакінуў гэта на месяцы, каб людзі глядзелі да не забывалі на гэта. На месяцы быццам бы выява: брат падымае руку на брата” [САІ]; “А плямы на месяцы, таму што адзін ляжыць, як віламі сколаты, а другі стаіць” [КВД]; “І з таго часу з’явіліся на поўным месяцы плямы — плямы крові Авеля” [АНД]. Відавочна, што ў большасці вышэйзгаданых тэкстаў выяўляецца сінтэз біблейскай маралі і народных поглядаў на жыццё, згодна з якімі хітрасць і падман, зайздрасць і забіранне чужога, праяўленні залішняй дапытлівасці былі непрымальнымі, строга забараняліся і адпаведна караліся, а высакароднасць і дабрыня, самаахвярнасць і самаадддача, паслухмянства і працалюбства сталі своеасаблівай асновай для з’яўлення найбольш важных пастулатаў народнай педагогікі.

Спіс інфарматараў

Аўраменка Ніна Дзмітрыеўна, 1930 г.н., в. Бабоўка Жлобінскага р-на. Драбышэўская Надзея Іванаўна, 1928 г.н., г. Гомель.

Зуева Марыя Лаўрэнцьеўна, 1927 г.н., в. Стаўбун Веткаўскага р-на.

Каляда Аксана Антонаўна, 1924 г.н., г. Гомель.

Кашлакова Матрона Зосімаўна, 1927 г.н., в. Лядцы Гомельскага р-на. Краўчанка Васіль Дзянісавіч, 1919 г.н., в. Старыя Дубровы Акцябрскага р-на. Кудравец Вольга Максімаўна, 1932 г.н., в. Ванюжычы Петрыкаўскага р-на. Курдэсава Ксенія Фёдараўна, 1919 г.н., г. Добруш.

Логвінава Марыя Мікалаеўна, 1924 г.н., п. Бальшавік Гомельскага р-на. Паўлюкова Надзея Сямёнаўна, 1924 г.н., г.п. Акцябрскі.

Разуменка Ніна Мікалаеўна, 1922 г.н., в. Перарост Добрушскага р-на.

Радаўня Арсеній Міхайлавіч, в. Глініца Мазырскага р-на.

Ружыцкая Валянціна Ульянаўна, 1954 г.н., в. Іванаўка Рэчыцкага р-на. Сакалова Алена Ізотаўна, 1917 г.н., в. Карма Добрушскага р-на.

Сарокін Іван Раманавіч, 1920 г.н., в. Капаткевічы Петрыкаўскага р-на.

Хмялёва Марыя Радзівонаўна, 1920 г.н., в. Перарост Добрушскага р-на.

Цалко Аляксандра Пракопаўна, в. Глініца Мазырскага р-на.

Шкурко Адам Ігнатавіч, 1928 г.н., г. Гомель.

Шокун Ніна Лаўрэнцьеўна, 1935 г.н., в. Мар’іна Добрушскага р-на.

Літаратура

  1. Аверинцев, С.С. Иисус Христос / С.С. Аверинцев. [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://esseclub.narod.ru/Myths10/IisusChristos.html.
  2. Міфалагічныя ўяўленні беларусаў / уклад. В.С. Новак. — Мінск: Права і эканоміка, 2010. — 538 с.
  3. Мифологический словарь / гл. ред. Е.М. Мелетинский — М.: Советская энциклопедия, 1990. [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://myths.kulichki.ru/enc/item/f00/s00/a000020.shtml.
  4. Народная міфалогія Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік. — Мінск: ЛМФ “Нёман”, 2003. — 320с.

Аўтар: А.А. Кастрыца
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі ; навук. рэд. А.І. Лакотка. – Мінск : Права і эканоміка, 2012. – Вып. 13. – С. 388–393.