Ад часоў дагістарычных да сярэдзіны XIV стагоддзя
100-35 тысяч гадоў назад.
Пранікненне на тэрыторыю раёна (ды і ўвогуле Беларусі) першых людзей (неандэртальцаў); у 1928 годзе каля вёскі Падлужжа (цяпер Ленінскі сельскі Савет) быў знойдзены востраканечнік (нож-скрэбла) характэрны для помнікаў мусцьерскай культуры. Пазней падобныя прылады неандэртальцаў былі знойдзены каля Свяцілавіч Веткаўскага раёна (1929г.) і в.Абідавічы Быхаўскага раёна (60-я гады ХХ ст.).
24-23 тысячы гадоў да н.э.
Бердыжская стаянка–адно з першых паселішч чалавека сучаснага фізічнага тыпу, чалавека разумнага (Homo sapiens sapiens), там жылі краманьёнцы, іх галоўным заняткам было калектыўнае паляванне. Размяшчаецца стаянка ва ўрочышчы Калодзежкі каля в.Падлужжа. Адкрыта восенню 1926 года беларускім археолагам К.М.Палікарповічам. Адносіцца да эпохі верхняга (позняга) палеаліту (старажытнакаменнага веку). Помнік касцёнкаўска-вілендорфскай культуры. На стаянцы дамінуюць касцёнкаўцы. Хоць пахаванняў тут не знойдзена, па аналогіі са знаходкамі астанкаў касцёнкаўцаў на археалагічным помніку Касцёнкі-XIV (Маркіна Гара), што ў Варонежскай вобласці і каля вёскі Сунгір бліз горада Ўладзіміра, антрапалагічна гэта, як мяркуюць некатарыя вучоныя, еўрапеоіды з прымессю мангалоідаў і грымальдыйцаў (ранніх негроідаў). (частка археолагаў не лічыць грымальдыйцаў негроідамі).
20-16 тысяч гадоў да н.э.
Паазерскае абледзяненне. Рэзкае і хуткае пахаладанне і сухасць клімату. Людзі пакідаюць тэрыторыю раёну, ды ўвагуле і ўсёй Беларусі. Людзі з раёна адыходзяць на Дон.
15 тысяч гадоў да н.э.
Цяплее. Пачынае паступова адступаць ляднік.
14-13 тыс. гадоў да н.э. – 10 тыс. гадоў да н.э.
Фінальны палеаліт. Вяртаюцца людзі. Даліну Сожа засяляюць патомкі касцёнкаўцаў, якія прыходзяць сюды з вярхоўяў Дона. Антрапалагічна гэта еўрапеоіды з прымессю мангалоідаў, негроідаў ужо няма. Адносяцца яны да грэнскай культуры (ад назвы ўрочышча Грэнск, што каля в.Ворнаўка Кармянскага раёна). Грэнцы ўжо пачынаюць прымяняць лук і стрэлы, характэрнай асаблівасцю былі наканечнікі з бакавой выемкай, яны будавалі лёгкія жытлы тыпу сібірскіх чумаў. Раскопкі гэтага часу на тэрыторыі Чачэрскага раёна амаль не праводзіліся. Помнікі вядомы каля вёсак Загор’е (на беразе возера Жавынец) і Бяляеўка (на беразе возера Вялля ва ўрочышчы Жураўлікі).
9-5 тысяч гадоў да н.э.
Эпоха мезаліту (сярэднекаменнага веку). Людзі прадаўжаюць асвойваць тэрыторыю раёна. Гэта патомкі насельніцтва грэнскай культуры. У гэты час на землі раёна прыходзяць плямёны днепра-дзяснінскай культуры (гэту культуру ў Пасожжы частка даследчыкаў называе сожскай). У познім мезаліце грэнцы адыходзяць з тэрыторыі раёна, часткова к вярхоўям Акі, часткова ў басейн Дзясны. Сожцы застаюцца ў раёне. У мезаліце цёпла, цяплей, чым зараз. Тэрыторыя раёна пакрываецца лясамі. Людзі пры паляванні выбіраюць месцы па прынцыпу: вада, крэмень, пойменные лугі. Пачынаецца барацьба за гэтыя месцы. Першыя войны. Шырока прымяняюцца лук і стрэлы. Вынайдзены прылады працы з выкарыстаннем мікралітаў. Асноўныя заняткі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Сожцы выкарыстоўваюць прылады вырабленыя з пласцінак, лістападобныя наканечнікі стрэл. На сучаснай тэрыторыі раёна помнікі гэтай эпохі – Падлужжа-3, урочышча Жавынец каля в.Загор’е. Стаянак грэнскай і сожскай культур не адкрыта, бліжэйшыя – Стаўбун і Прысно Веткаўскага раёна.
Канец 5 – 3 тысячагоддзе да н.э. Эпоха неаліту (новакаменнага веку).
Гэта перыяд радыкальных змен у гаспадарцы, матэрыяльнай і духоўнай культуры: з’яўленне земляробства, жывёлагадоўлі і абменнага гандлю, глінянага посуду, гандлю шліфаваных і свідраваныя каменных вырабаў, удасканаленне мікралітаў. Трэба адзначыць, што на тэрыторыі раёна пераход к земляробству (спачатку матычнаму, вырошчваўся пераважна ячмень) і жывёлагадоўлі адбыўся толькі ў канцы неаліта, прыручаны сабака. Галоўнымі ж заняткамі па-ранейшаму былі паляванне і рыбалоўства. Тэрыторыю раёна ў эпоху неаліту насялялі плямёны верхнедняпроўскай культуры, гэта былі патомкі плямёнаў эпохі мезаліту ў асноўным прадстаўнікоў сожскай культуры. Этнічна гэта так званыя “паўднёвыя” альбо “дняпроўскія” фіна-угры. Кераміка верхнядняпроўцаў ляпная з арнаментам ямачна-грабеньчатага тыпу. Гаршкі ляпілі шляхам паслядоўнага налепу гліняных стужак. (На тэрыторыі раёна існавалі наступныя пасяленні верхнядняпроўскай культуры каля населеных пунктаў: Чырвоны Бор, Загор’е, Рудня-Нісімкавіцкая, Ключавы, Шохаўка, Залессе, Гарадоўка, Отар, Аношкі, Бердыж, Падлужжа, Сябровічы, Шапатовічы, Нісімкавічы і Чачэрска урочышчы Печышча і Няшын ці Гайшын).
Пачатак 2 тысячагоддзя – VIII/VII стст. да н.э. Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі і раёна.
Узнікае і распаўсюджваецца металургія, апрацоўка і выкарыстанне бронзы. Прыход у раён індаеўрапейцаў (“шнуравікоў”). Земляробства і жывёлагадоўля становяцца галоўнымі формамі гаспадаркі. На тэрыторыі раёна прыйшоўшыя індаеўрапейцы паступова асімілююць мясцовае неалітычнае насельніцтва: перамагае мова індаеўрапейцаў, але генетычны тып застаецца ў асноўным мясцовым (індаеўрапецы былі смуглыя і чарнавалосыя, а перамог тып мясцовы русавалосы). У бронзавым веку на тэрыторыі раёна жылі спачатку плямёны сярэднедняпроўскай культуры (XXVI – XV стст. да н.э.), якія першыя прынеслі ў Беларусь тэхналогію апрацоўкі бронзы. Сярэднедняпроўцы ўваходзілі ў лік культур шнуравой керамікі і баявых сякер. Шырока распаўсюджваецца і ўдасканальваецца ўмельства шліфаваць камень і высвідроўваць у вырабах з крышталічных парод адтуліны для рукаятак. Іх археалагічныя помнікі размешчаны каля населеных пунктаў: Сябровічы, Падлужжа, Бердыж, Гарадоўка, Залессе, Загор’е, Нісімкавічы, Валосавічы. XV – IX стст. да н.э. перыяд існавання сосніцкай культуры, іх археалагічныя помнікі адкрыты каля населеных пунктаў Сябровічы, Падлужжа, Бердыж.
VIII/VII стст. да н.э. – VIII ст. н.э. Жалезны век
заключны этап першабытнай культуры, які характарызуецца з’яўленнем і шырокім распаўсюджваннем металургіі жалеза, вырабам з яго прылад працы і зброі.
VII ст. да н.э. – III ст. да н.э.
Тэрыторыю раёна займаюць плямёны мілаградскай культуры. Яны першыя ў Беларусі пачалі вырабляць жалеза. Па адной з гіпотэз мілаградцаў атаясамліваюць з неўрамі, па другой са скіфамі-аратымі, аб якіх пісаў “бацька гісторыі” Герадот у сваёй працы “Гісторыя” ў V ст. да н.э. Мілаградцы жылі ва ўмацаваных пасяленнях – гарадзішчах і ва неўмацаваных – селішчах. Для іх характэрны кругладонны посуд. У гэты час узнікае першае гарадзішча на Замкавай Гары г.Чачэрска. Цікавыя помнікі мілаградцаў на Чачэршчыне – гарадзішчы каля в.Шапатовічы і в.Нісімкавічы.На жыццё мілаградцаў істотны ўплыў аказваў скіфскі свет паўночнага Прычарнамор’я. Этнічная прыналежнасць мілаградцаў спрэчная, частка вучоных лічыць, што гэта балты, частка, што славяне.
Канец III ст. да н.э. – II ст. н.э.
Тэрыторыю раёна займаюць плямёны зарубінецкай культуры. Яны занялі гарадзішчы і селішчы мілаградцаў. Характэрныя знаходкі на помніках зарубінецкай культуры – пласкадонны посуд, спружыністыя шпількі. Этнічная прыналежнасць зарубінцаў таксама спрэчная: адны вучоныя лічаць, што гэта славяне, другія – балты, трэція – этнічна змешаныя балты, славяне і кельты; адны атаясамліваюць прадстаўнікоў гэтай культуры з гістарычнымі бастарнамі, другія – з венедамі. На Чачэршчыне даследаваліся Чачэрскае, Нісімкавічскае і Шапатовічскае гарадзішчы зарубінцаў.
III – V стст. н.э.
Раён насяляюць прадстаўнікі кіеўскай археалагічнай культуры. Таксама іх этнічная прыналежнасць характарызуецца неадназначна: частка вучоных лічыць, што гэта ўсходнія балты, другія лічаць, што гэта ўжо продкі славян. Знаходзяць толькі селішчы гэтага перыяду. Рэшткі пасяленняў прадстаўнікоў кіеўскай культуры знойдзены каля вёсак Нісімкавічы, Шапатовічы, Бердыж. Вельмі цікавы помнік зарубінцаў быў знойдзены У.А. Літвінавым і А.А. Макушнікавым каля пасёлка Гудок (урочышча Берагавы борак (пасека)).
Сярэдзіна V – пачатак VIII стст н.э. Калочынская культура.
На тэрыторыі рёна паселішча калочынскай культуры Нісімкавічы-2 даследаваў археолаг А.Макушнікаў. Этнічная прыналежнасць калочынцаў таксама спрэчная (балты, славяне, альбо сімбіёз балтаў і славян).
VII – VIII стст. н.э.
Узнікненне «прото-Чичерска», як абшчынна-племяннога цэнтра носьбітаў калочынскай культуры.
VIII – X стст. н.э. – роменска-боршаўская культура, гэта бясспрэчна славяне.
“Радзімічская эпоха” на землях Чачэршчыны. Згодна з летапіснай версіяй радзімічы прышлі ў Пасожжа ад “ляхаў”. Тое, што прыход іх не быў мірным пацвярджаюць прыказкі: “Радзімец цябе бяры”, “Каб цябе радзімец узяў”, якія бытавалі на Чачэршчыне, таксама яны адзначаны і на Магілёўшчыне. На тэрыторыі раёна зарэгістравана больш за 30 месцаў, дзе знаходзяцца курганы радзімічаў.
Да 885 г. – радзімічы залежаць ад хазар і выплачваюць ім даніну “па аднаму шэлягу ад рала”. Шэлег – гэта заходнееўрапейскі шылінг, магчыма, што прыўшоўшыя з захаду радзімічы называлі шэлегамі арабскія дырхемы, якія ў тыя часы выконвалі ролю ўніверсальнай валюты ва ўсходнеславянскіх землях, Прыбалтыцы, Паволжы, Хазарыі. У зямлі радзімічаў вучоныя знаходзяць гэтыя манеты пад час раскопак, а калі-нікалі і скарбы. Так, у пачатку ХХ стагоддзя ў в.Покаць быў знойдзены скарб, у які ўваходзілі манеты 776-778гг., адчаканеныя ў Багдадзе.
885 г. – князь Алег «Вещий» вызваліў радзімічаў ад хазарскай даніны і налажыў кіеўскую.
907 г.* – радзімічы ўдзельнічаюць у паходзе Алега на Царград (Канстанцінопаль), калі быў прыбіты шчыт на вароты сталіцы Візантыі. (частка гісторыкаў лічыць паход Алега пазнейшай выдуманай устаўкай у летапіс, таму што грэкі, пра яго не згадваюць. Магчыма летапісец прыпісаў Алегу славу пахода Аскольда і Дзіра ў 860 годзе).
913 г. – памёр Алег. Кіеўскім князем стаў Ігар Стары.
каля 940 г. – вайна хазар з Кіевам. Паражэнне Ігара Старога. Радзімічы і севяране вызваляюцца ад кіеўскай залежнасці (магчыма, што яны перасталі даваць даніну ў Кіеў ужо пасля смерці Алега).
984 г. – радзімічаў на рацэ Пясчане перамагае Воўчы Хвост, ваявода вялікага князя кіеўскага Ўладзіміра Святаславіча Чырвонае Сонейка. Другое падпарадкаванне Кіеву.
984 – 1026 гг. – Чачэрск і тэрыторыя раёна у складзе Кіеўскай Русі.
988 г. – Хрышчэнне Русі. Пачатак распаўсюджвання хрысціянства сярод радзімічаў.
1026 – 1036 гг.
Пасля бітвы пад Ліственам (1024г.) па Гарадзецкаму дагавору разам з усім левабярэжжам Дняпра Чачэршчына ўваходзіць у склад зямель Мсціслава Ўладзіміравіча Храбрага, малодшага сына Уладзіміра Чырвонае Сонейка і Рагнеды, цэнтр у г.Чарнігаў. Мсціслаў вядомы князь-воін на Русі, – гэта ён перамог у адзінаборстве касожскага князя Рэдзедзю. Правабярэжжа Дняпра застаецца за Яраславам Мудрым. І Мсціслаў і Яраслаў сыны князя Ўладзіміра і Рагнеды.
1036 г.
Памёр, не пакінуўшы нашчадкаў, Мсціслаў Храбры. Чачэршчына вяртаецца ў склад дзяржавы Яраслава Мудрага.
1054-1239 гг. “Чарнігаўскі перыяд” у гісторыі Чачэршчыны.
Чачэрск і раён у складзе Чарнігаўскага княства, альбо яго ўдзелаў. Пераўтварэнне горада ў значны ваенна-адміністрацыйны, гандлёва-эканамічны і культурны цэнтр.
1054-1072 гг.
Усімі справамі на Русі кіруе трыўмвірат сыноў Яраслава Мудрага: Ізяслава, Святаслава і Ўсевалада. Чачэрскам і воласцю кіруюць Святаслававы намеснікі.
1073-1078 гг.
Пасля пераходу Святаслава Яраславіча на кіеўскі стол, Чарнігавам, а разам з ім і Чачэршчынай кіруе яго брат Усевалад.
1078-1094 гг.
Праўленне ў Чарнігаве Ўладзіміра Ўсеваладавіча Манамаха. У Чачэрску сядзяць яго намеснікі.
1094-1096 гг.
Праўленне ў Чарнігаве Алега Святаславіча (“Гарыславіча”), у Чачэрску – яго намеснікі.
1097 г.
Агульнарускі з’езд князей у Любечы, дзе вырашаецца пытанне аб падзеле зямель Кіеўскай Русі і прымаецца норма: “Хай кожны трымае вотчыну сваю”.
1097-1123 гг.
Чарнігаў, а значыць і Чачэрск пад уладай старэйшага брата Алега “Гарыславіча” Давыда Святаславіча.
1123-1127 гг.
Праўленне Яраслава Святаславіча.
1127-1139 гг.
Праўленне пляменніка Яраслава Ўсевалада Ольгавіча (сына Алега Святаславіча “Гарыславіча”).
1139-1151 гг.
Праўленне Ўладзіміра Давыдавіча. Па чарнігаўскіх гарадах сядзяць Святаслаў і Ігар Ольгавічы, Уладзімір і Ізяслаў Давыдавічы.
1151-1154, 1155-1157 гг.
Праўленне ў Чарнігаве Ізяслава Давыдавіча, у Чачэрску – яго намеснікі.
1154-1155 гг.
Часовае праўленне ў Чарнігаве Святаслава Ольгавіча.
1157-1164 гг.
Пажыццёвае праўленне ў Чарнігаве Святаслава Ольгавіча.
1159г. (фактычна падзея была ў 1158 г.)
Пад гэтым годам запісана ў Іпацьеўскім летапісе першае паведамленне аб Чачэрску: Ізяслаў Давыдавіч пасля пераходу на кіеўскі вялікакняскі стол захаваў за сабой і Чачэрск. Перад пагрозай паходу на яго кааліцыі князёў, вярнуў Чачэрск свайму стрыечнаму брату Святаславу Ольгавічу.
1164-1176 гг.
У Чарнігаве правіць Святаслаў Усеваладавіч, пляменнік Святаслава Ольгавіча. З 1176 года ён займае вялікакняскі кіеўскі стол, з’яўляецца адным з герояў “Слова аб паходзе Ігаравым”.
1167-1179 гг.
Чачэрскам валодае ноўгарад-северскі князь Алег Святаславіч, старэйшы сын Святаслава Ольгавіча (ён уступіў Чарнігаў стрыечнаму брату Святаславу Ўсеваладавічу). Алег неаднаразова хадзіў на полаўцаў і перамагаў іх. У 1147г. яго разам з бацькам Святаславам Ольгавічам у Маскве частаваў князь Юрый Далгарукі (першая згадка пра Маскву). Малодшыя браты Алега – Ігар Святаславіч і Буй Тур Усевалад – героі “Слова аб паходзе Ігаравым”.
1168 г. (фактычна падзея была ў 1167 г.)
Князь Алег Святаславіч з жонкай Агаф’яй сустракае і частуе ў Чачэрску свайго цесця вялікага князя кіеўскага Расціслава Мсціславіча (прылічаны пазней праваслаўнай царковой до ліку святых як Дабраверны Расціслаў). Тут Расціслаў наведаў і свайго ўнука Святаслава Ольгавіча, які і нарадзіўся ў Алега і Агаф’і ў 1167г. Верагодней усяго ў Чачэрску. У 1185 годзе Святаслаў таксама будзе ўдзельнічаць у паходзе на полаўцаў разам з дзядзькамі Ігарам і Ўсеваладам.
1176-1198 гг.
У Чарнігаве правіць князь Яраслаў Усеваладавіч.
1179-1198 гг.
Ноўгарадам-Северскім і Чачэрскам валодае Ігар Святаславіч, галоўны герой “Слова аб паходзе Ігаравым”.
1198-1202 гг.
Ігар Святаславіч займае Чарнігаўскі стол. Чачэрск зноў у складзе Чарнігаўскага княства.
1202-1214 гг.
Пасля Ігара на чарнігаўскім стале паслядоўна змяняюцца яго пляменнік Святаслаў Ольгавіч (сын Алега Святаславіча, які нарадзіўся ў 1167г., гэта яго заязджаў паглядзець у Чачэрск у тым жа годзе Расціслаў Мсціславіч), затым будучы кіеўскі вялікі князь Усевалад Святаславіч Чэрмны, пасля яго Рурык Расціславіч і потым малодшы брат Чэрмнага Глеб Святаславіч.
1214-1223 гг.
Праўленне ў Чарнігаве Мсціслава Святаславіча, яго намеснікі сядзяць у Чачэрску.
31 мая 1223 г.
Бітва русічаў і полаўцаў на рацэ Калка з мангола-татарскімі войскамі пад кіраўніцтвам Джэбэ і Субудуя. У бітве прымалі ўдзел таксама і чачэрскія ратнікі. Перамаглі мангола-татарскія войскі. Многа русічаў палягло, загінуў і Мсціслаў Святаславіч.
1223-1246 гг.
Праўленне Міхаіла Ўсеваладавіча (Міхаіла Чарнігаўскага). Ён быў забіты ў Ардзе ва ўзросце 67 гадоў, за адмову прайсці язычаскі абрад ачышчэння. Пасля яго правіў Мсціслаў Глебавіч (? – ?).
Каля 1239 г.
Разгром чарнігава-северскіх зямель мангола-татарамі. У 1239г. войскамі Батыя быў захоплены Чарнігаў, па археалагічных дадзеных быў разбураны Гомель. Лёс Чачэрска дакладна невядомы. Але хутчэй за ўсё і ён быў разбураны. На гэта ўказвае аўтар «Жития Михаила Черниговского», пішучы аб лёсе чарнігаўскіх гарадоў: «… мнозии града попленены быша, иже и доныне места их стоят пуста, и многыа монастыри, и честныа церква и села от того нечестиваго Батыева пленения запустеша и ныне лесом заростоша».
1239-сяр. XIV в.
Чачэрск і землі раёна пад вярхоўнай уладай мангола-татар, даннікі ўлуса Джучы. Пасяленні адбудоўваюцца. На месцах жыццё ідзе, як і раней, Чачэрскам і воласцю кіравалі старцы, яны збіралі падаткі і агавораную частку іх перадавалі баскакам.
Вядомы беларускі гісторык, археолаг Г.В.Штыхаў лічыць, што ў гэты перыяд Чачэрск застаецца цэнтрам удзела-воласці, дзе згасала галіна мясцовых князёў.
Аўтар: С.І. Атрошчанка