Гомельскі Герастрат “з няўважлівасці”

0
1876
Так званы

Улетку 356 г. да н.э. жыхар грэцкага горада Эфеса спаліў тамтэйшы храм багіні Артэміды. Адзін з цудаў антычнага свету быў пушчаны з дымам толькі з той прычыны, што падпальшчык жадаў, каб “імя яго вядомым у свеце цэлым сталася”. Асудзіўшы свайго земляка на смерць, эфесцы паспрабавалі асудзіць яго і на забыццё. Відаць, гэтая зацятасць зацікавіла іх сучасніка гісторыка Феапомпа, які “з вялікага свайго красамоўства і розуму” згадаў імя эфескага славалюбцы ў сваіх творах, а іншыя антычныя аўтары падхапілі. Прынамсі, так сцвярджаў рымскі пісьменнік пачатку нашай эры Валерый Максім, чыё кароткае паведамленне пра пажар у Эфесе, тым не менш, лічыцца сёння найбольш змястоўнай крыніцай па тэме. Імя падпальшчыка – Герастрат – не толькі не згінула ў невараці, але яшчэ і расквітнела, хоць і дужа сумнеўным кветам, у крылатых выразах – цвіках вечнай ганебнай славы.

Мала хто ведае, але ў гісторыі Гомеля таксама быў уласны Герастрат, які, аднак, вельмі адрозніваўся ад свайго старажытнагрэцкага “калегі”. Па-першае, гэта была жанчына. Па-другое, пажар яна ўчыніла зусім не ў пагоні за вечнай славай. Па-трэцяе, гомельскі староста не вырак яе на забыццё, згадаўшы ў прысвечанай пажару заяве, праўда, без указання імя.  Па-чацвёртае, ні крылатых, ні бяскрылых выразаў пра яе за амаль што дзвесце восемдзесят гадоў так і не з’явілася. Пра каго ж гаворка?

Сярод актавых матэрыялаў Гарадзенскага гродскага суда, апублікаваных яшчэ ў другой палове ХІХ ст., знаходзім заяву ад імя князя Міхала Фрэдэрыка Чартарыйскага, у якой расказваецца пра здарэнне 2 верасня 1737 г. у Гомелі. Дакумент – дзіця сваёй эпохі – складзены на польскай мове з прыкметным дамешкам лацінскіх выразаў. Пра акалічнасці ўзнікнення пажару ён паведамляе так: “… званая Сямёнавай жанчына, якая жыве на вуліцы Троіцкай, сушачы грыбы аб адзінаццатай гадзіне ночы, з няўважлівасці, уласцівай белагаловым, дом свой запаліла”.

Як бачым, віноўніца называецца Сямёнавай. Гэта не прозвішча ў сучасным разуменні, а ўказанне на сямейную прыналежнасць да некага па імені Сямён – бацькі, мужа або нават свёкра. Акурат апошняе можна дапусціць і ў дачыненні да нашага Герастрата. У арыгінале суседзяць словы “niewiasta” і “białogłowska”. І калі першае ў старапольскай мове магло азначаць і незамужнюю жанчыну, і нявестку, то слова “białogłowa” адпавядала толькі паняццю “замужняя жанчына” (але ні ў якім разе не было адпаведнікам слову “бландзінка”, як мне пашчасціла сустрэць у адной публікацыі пра гомельскі пажар 1737 г. ). Нялішнім будзе заўважыць, што блізкія ім словы сустракаліся і ў старабеларускай мове. Напрыклад, у “Баркулабаўскім летапісе” пачатку XVII ст. аўтар глыбакадумна выдае: “Прето што ся почнет не з благословенства божого и старших панов, господарей наших, а за призволеньем белых голов, не много господь бог помагает и грады множит, албо покой дарует”. Калі ўважліва прыгледзецца да гэтай цытаты, а потым зноў зірнуць на выраз “няўважлівасць, уласцівая белагаловым” (“nierostropność białogłowska”), то разумееш, што гэта чэрці адной шэрсці – праявы гендарных стэрэатыпаў “цывілізацыі мужчын”, якая панавала ў тыя часы і  была схільнай лічыць, што ўсе беды ад жанчынаў.

Вуліцу Троіцкую або Траецкую (другое бліжэй да арыгіналу), дзе пачаўся пажар 1737 г., нельга блытаць з пазнейшай аднайменнай гомельскай вуліцай, якая з 1927 г. называецца Сялянскай. Дом, дзе Сямёнава сушыла грыбы, па сённяшніх арыенцірах знаходзіўся дзесь на адрэзку між філіялам Веткаўскага музея і скверыкам з помнікам Кірылу Тураўскаму. Пра спосаб, якім грыбы сушыліся можна толькі здагадвацца. Калі б гэта рабілася ў печы, то з недагляду дарункі лесу папросту б згарэлі там, не стаўшы прычынай пажару. Калі б іх сушылі на печы, яны наўрад ці б загарэліся наогул. Таму ці сушка адбывалася нейкім іншым чынам (напрыклад, на адкрытым агні), ці ў доме з печчу здарылася нешта нядобрае.

Апісанне далейшага распаўсюджання пажару міжволі напамінае стары англійскі вершык пра ненажэрнага Робіна Бобіна, які “з’еў царкву і з’еў званіцу”: “… разбушаваўшыся і касцёл фарны ахапіўшы, агонь тры дэзуніцкія царквы, два скарбовыя шынкі, колькі сховішчаў збожжа, арэндных будынкаў з лікворамі, рухомай маёмасцю, броварамі, катламі, а асабліва дамоў месцкіх больш за сотню і яшчэ некалькі дзясяткаў, крамы з таварамі funditus папаліў і ў попел ператварыў”. Лічыцца, што полымя тады паглынула большую частку Гомеля. Дзяржава нічым не магла дапамагчы пагарэльцам і тыя былі вымушаны шукаць лепшай долі ў сумежных землях Расійскай імперыі.

Што стала з мяшчанкай Сямёнавай, невядома. У агні яна магла пакалечыцца ці ўвогуле загінуць. Зрэшты, нехта ж паведаміў Чартарыйскаму ці яго памочнікам пра абставіны пачатку пажару, таму ўсё магло абысціся і без гібелі, а сведкай выступіла сама жанчына. Але і ў такім разе застаюцца пытанні: ці прыцягнулі яе да судовай адказнасці, а калі прыцягнулі, то якім чынам пакаралі? Па легендзе, якая бытуе сярод тутэйшых краязнаўцаў, гомельскія паперы Чартарыйскага знаходзяцца ў кракаўскім архіве, займаючы вялікае памяшканне (“как отсюда и вон до того забора”). Кажуць, што нехта з краязнаўцаў бачыў сёе-тое з дакументаў апошняга гомельскага старосты і нават рабіў копіі некаторых з іх. Таму пэўныя шанцы даведацца болей пра нашага Герастрата ў андараку ўсё-ткі ёсць. Я ж у адным з будучых допісаў абяцаю зірнуць на абставіны гомельскага пажару 1737 г. з іншага ракурсу, бо ёсць падставы меркаваць, што “nierostropność białogłowska” магла быць перабольшана.

Сяргей Балахонаў