Гомельскі адказ Чэмберлену?

0
1554
Гомельскі адказ Чэмберлену

Расійскі пісьменнік Віктар Драгунскі, які прабавіў дзіцячыя гады ў Гомелі, бачыў тут “самый лучший на свете революционный плакат”. Ці то ў руках дэманстрантаў, ці то на будынку нейкай дзяржаўнай установы ён красаваў фразай, якая ўразіла юнага Віктара на ўсё жыццё: “Гомельские швейники в последний раз предупреждают Чемберлена!”. Дзяніс Драгунскі, сын пісьменніка, які перадаў бацькаў успамін 1920-х гадоў, ніяк не патлумачыў, чым гэтая фраза уразіла аўтара “Дзяніскавых апавяданняў”. Але адказ відавочны – ад яе вее мілым спалучэннем гомельскай суворасці з савецкай кампанейшчынай, з-за якіх тырчаць вушы класічнага: “Эх, Моська, знать она сильна…”.

У кнізе іншага пісьменніка – Паўла Фрэнкеля – сітуацыя падаецца як анекдатычны выпадак савецкага мінулага (да таго ж нібыта 1930-х гадоў). А каб чытач зразумеў, у чым цымус анекдота, Фрэнкелю давялося прапісаць своеасаблівы дысклэймар: “В провинциальном белорусском Гомеле демонстранты также несли транспаранты”. “Провинциальный белорусский” – ужо само па сабе смешна, калі ты прайшоў Рым і Крым ці “видел чудеса обеих столиц”. А тое, што “швейнікі” у гэтым варыянце гісторыі ператварыліся ў “ткачоў”, зусім неістотна. З аднолькавым поспехам Чэмберлена маглі папярэджваць у апошні раз хоць “кустари-одиночки”, хоць “сябры саюзу паляўнічых, усяго лікам да 30 асоб”.

Але хто такі Чэмберлен? З дзяцінства чуўшы выраз “Наш адказ Чэмберлену”, я нейкі час быў пэўны, што гаворка пра прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Нэвіла Чэмберлена – таго самага, які ўдзельнічаў у сумнавядомай Мюнхенскай змове 1938 года. Павел Фрэнкель, відаць, так лічыць аж дагэтуль. Але насамрэч выраз з’явіўся за адзінаццаць гадоў да Мюнхена і тычыцца, не брытанскага прэм’ер-міністра, а міністра замежных спраў Джозэфа Остына Чэмберлена (брата Нэвіла). У лютым 1927 года ён скіраваў савецкаму ўраду ноту з абвінавачваннямі ў “антыбрытанскай прапагандзе” і з патрабаваннямі спыніць падтрымку гаміньданаўскага Кітая, на што галоўная газета СССР неўзабаве адказала артыкулам, частка назвы якога і стала пазней крылатай: “Привет Кантону! Вот наш ответ Чемберлену!” (Кантон – рэзідэнцыя гаміньданаўскага ўрада Кітая).

Адпаведная прапагандысцкая кампанія ахапіла ўвесь Савецкі Саюз. Беларусь (ужо з вернутым ёй Гомелем) не была выключэннем. Кампартыя патрабавала лаяльнасці масаў. Але зусім не кожны грамадзянін разумеў, што там у кітайцаў. Вельмі яскрава гэтую сітуацыю апісаў Андрэй Мрый у сатырычным рамане “Запіскі Самсона Самасуя” (1929 г.). У адным з эпізодаў галоўны герой робіць даклад па жыватрэпетнай тэме: “Прызнаюся, кажучы аб Сун-Ят-Сэне і становішчы ў Кітаі, я заблытаўся і не ведаў, якая розніца між Чан-Кай-Пшы і Ка-Ка-Фэнам і іншымі сусветнымі гáдамі, але я гаварыў упэўнена, мне нельга было праявіць сваю несвядомасць, бо гэта невыгодна ў першую чаргу і мне, і РВК”. Слухачоў жа – просты местачковы люд – цікавіла іншае: “Чаму карова 40 руб., а боты 30 руб.?” Або “Калі мы навучымся працаваць без кампаніяў?”. Іншым сведчаннем таго, што савецкі адказ Чэмберлену ўспрымаўся не так адназначна, як хацелася б бальшавікам, знаходзім у вершы нашага земляка, ураджэнца Мазырскага павета Алеся Дудара “Пасеклі край наш папалам” (1928 г.):

Нью-Ёрку грозім кулаком
І Чэмберлена лаем трапна.
Засыплем шапкамі яго,
Ура, ура – патопім ў соплях.

Такім чынам за плакатам, які неслі гомельскія швейнікі, вельмі проста магла хавацца мазолістая дуля, адрасаваная абодвум бакам дыпламатычнага канфлікту.

Бяда толькі ў адным – Віктар Драгунскі пераехаў з сям’ёй у Маскву ў 1925 годзе і гомельскага варыянту адказу Чэмберлену асабіста назіраць не мог, калі, канечне, не адведваў Гомель у канцы 20-х гадоў. Зрэшты, сын пра гэта не ўспамінаў. Пра плакат будучы пісьменнік мог дазнацца ад знаёмых ці нават з прэсы. З іншага ж боку, нельга выключыць і тое, што тут мы маем справу з феноменам ненаўмысных фальшывых успамінаў, і на месцы прозвішча Чэмберлена мусіла б быць іншае. Брытанскі міністр замежных спраў Джордж Натаніэль Керзан склаў ультыматыўную ноту, якую ў маі 1923 года перадалі савецкаму ўраду. У сэнсе прэтэнзій гэта была зборная салянка, бо ў ёй закраналіся абсалютна розныя па значнасці пытанні (ад рэлігійнага пераследу ў СССР, да затрыманых англійскіх рыбакоў).

У адказ на ультыматум, як можна здагадацца, у Савецкім Саюзе прайшла “небывалая буря протестов”. Характэрны афіцыёзны стыль таго часу: “Многочисленные телеграммы с разных концов федерации говорят о волне митингов и демонстраций, свидетельствующих о небывалой бури протеста, с какой всероссийский пролетариат встретил сообщение об английском ультиматуме… В Гомеле, Нижнем Новгороде, Уфе, Ярославле, Баку, Елисаветграде, Екатеринбурге, Саратове, Покровске, Пятигорске, Ростове-на-Дону, Новочеркасске, Петрозаводске, Минске, Омске, Архангельске и других городах состоялись многотысячные демонстрации, экстренные пленумы Горсоветов, грандиозные митинги на всех фабриках, заводах и предприятиях. В Покровске митинг беспартийных рабочих и крестьян принял резолюцию: мы заявляем и клянемся больному Ильичу, что в кабалу капитала не пойдем и ни одного октябрьского завоевания не отдадим” (паведамленне “РОСТА”, цыт. паводле газеты “Власть труда” ад 16 мая 1923 г.). Ці сапраўды тады ў Гомелі адбылася шматтысячная дэманстрацыя, меркаваць не бяруся. Як і не спяшаюся сцвярджаць, што ў гомельскіх швейнікаў (на загад партыі) накіпела менавіта ў той дзень.

Сяргей Балахонаў