Гомельскае водгулле Бухарэсцкага землятрусу

0
1566
Землятрус і Гомель

4 сакавіка 1977 г. ў Румыніі адбыўся найбольш разбуральны ў сучаснай гісторыі гэтай краіны землятрус. Падземныя штуршкі адчуваліся далёка за яе межамі – на абшарах Усходне-Еўрапейскай раўніны і Балканскага паўвострава. Незвычайныя для сябе адчуванні зведалі тады і жыхары Гомеля. Гомельскія гісторыі пра той землятрус даводзілася чуць ад розных людзей. Раней я не надаваў гэтаму вялікае ўвагі, не разумеючы, што кожная такая гісторыя ёсць праяваю памяці горада. Таму падрабязнасці расказаў выпадковых суразмоўцаў шчасліва забыліся. Іншая рэч – успаміны маіх родных.

Тату на тады было дваццаць тры. Маме – без малага дваццаць адзін. Да майго нараджэння заставалася амаль два месяцы. Мама, Святлана Андрэеўна, жыла тады ў інтэрнаце (“абшчазе”) паштавікоў, што на вуліцы Партовай дом 14. Пакой на пятым паверсе дзяліла з маладзіцай, якую звалі Тамара. Тамара звычайна рана клалася спаць. Вечар 4 сакавіка 1977 г. не быў выключэннем. Каб не замінаць суседцы па пакоі, мая мама пайшла на кухню, дзе занялася вязаннем, сядзячы насупраць вакна і дзвярэй на балкон. Спрытна арудуючы пруткамі, у нейкі момант яна адарвалася ад свайго занятку і зірнула на балконныя дзверы. Чаму зірнула, не зусім зразумела. Магчыма, проста вырашыла перавесці дух ці, што хутчэй, улавіла бакавым зрокам нешта незвычайнае. Святлана Андрэеўна не дала веры ўласным вачам: зачыненыя дзверы нібыта пахіліліся на колькі градусаў, а потым вярнуліся ў пачатковае становішча. Думкі, што гэта магло ёй усяго толькі прымроіцца, не было – найперш падумалася, што інтэрнацкі будынак папросту развальваецца.

Мама падхапілася і, расхваляваўшыся, пабегла будзіць Тамару. Тая, дарма што з спрасонку, усё ж выслухала ўстурбаваную суседку. Выслухаўшы, выдала незадаволеную тыраду, у якой наракала на нядбалых архітэктараў, што паставілі будынак “на балоце”, з прычыны чаго ён і асядае. Гразілася пайсці скардзіцца ў райкам. Між тым анамаліі заўважылі і іншыя жыхаркі інтэрната. Паасобку і гуртам яны сталі спускацца ўніз. Святлана Андрэеўна, пакідаючы пакой, забрала атрыманыя незадоўга перад тым грошы (“трынаццатую зарплату”) і прыхапіла сваю “сінюю балоневую куртку”.

Па невытлумачальнай прычыне ці не ўся жаночая грамада інтэрнэта, не пайшоўшы на двор, спынілася на першым паверсе. Жыхаркі тоўпіліся ў вестыбюлі каля “вахцёркі цёці Машы”, абмяркоўвалі ўбачанае і чакалі невядома чаго. На шчасце, ніякіх анамальных рухаў больш не заўважалася. Можна было вяртацца ў свае пакоі, каб пастарацца заснуць, гадаючы, што ж насамрэч адбылося.

Гэта сёння ў нас ёсць сеціва, з дапамогай якога можна даведацца пра многія падзеі ў рэжыме рэальнага часу. Тады ж зусім не пра кожнае здарэнне паведамлялася па тэлебачанні, радыё і ў газетах нават праз некалькі дзён пасля таго, як яно адбылося. А калі і паведамлялася, то ў вельмі куртатым выглядзе, не кранаючы дэталяў, замоўчваючы ці мінімізуючы колькасць ахвяраў. Асабліва гэта тычылася асвятлення тэхнагенных катастроф, якія адбыліся не за “жалезнай заслонай”, а ў роднай краіне Саветаў. Выбух на мінскім радыёзаводзе ў 1972 г., крушэнне цягнікоў каля Крыжоўкі ў 1977 г., авіякатастрофа над Нараўляншчынай у 1982 г. – прыклады катастроф той эпохі на адной толькі тэрыторыі Беларускай ССР. Даведацца пра іх сутнасць з афіцыйных крыніц савецкія грамадзяне фактычна не маглі. Таму жанчыны з інтэрната паштавікоў на Партовай 14 у чаканні новага дня мусілі спадзявацца на тое, што заўтра нехта з дыктараў усесаюзных каналаў, трымаючы перад сабой стос паперак, хоць бы і куртата патлумачыць, чаму гомельскі інтэрнат паштавікоў уначы трэсла.

Землятрус 1977 г., які пазней назавуць Бухарэсцкім ці Карпацкім, адбыўся ў 21 гадзіну 22 хвіліны па румынскім часе. Савецкая Беларусь тады жыла па маскоўскім часе, таму ў Гомелі на момант першага карпацкага падземнага штуршка было на адну гадзіну болей. Інтэрнат для наведнікаў, нават калі наведнік твой уласны муж, зачыняўся а 23-й гадзіне. Мой тата, Аляксандр Лаўрэнавіч, як можна меркаваць, выйшаў ад жонкі недзе ў раёне 22:00, каб паспець на тралейбус, які скіроўваўся ў дэпо (тралейбусны парк), дзе тата тады і працаваў. Водгулле Бухарэсцкага заспела яго ў дарозе. Недзе за прыпынак ад дэпо ён адчуў, што тралейбус некалькі разоў здрыгануўся, нібыта патрапіў у глыбокую выбоіну. Тата вельмі здзівіўся, бо выбоінаў у тым месцы не было, а іншага тлумачэння скокам тралейбуса не знаходзілася.

Той землятрус даўся ў памяць і маёй бабулі Марыі Кузьмоўне. Ёй было тады сорак сем гадоў. Яна жыла ў невялікай хатцы ў вёсцы Рудня Гулева на Веткаўшчыне. Спаць увечары легла на палок – драўляны ляжак паміж сцяной і грубкай (галандскай печкай). Прачнулася ад дрыжання зямлі за глухой сцяной. Дрыжанне, яшчэ мацнейшае, адчувалася ў хаце заўсёды, калі непадалёк праязджаў гусенічны трактар, якім кіраваў адзін з суседзяў. Бабуля падумала, што і гэтым разам не абышлося без яго, хаця час для язды быў нязвыкла познім. Яна трохі пазлавалася і заснула зноў.

Мяркую, што падобных успамінаў у Гомелі (як і на Гомельшчыне ў цэлым) захавалася шмат. Адно што яны, відаць, нідзе не зафіксаваны пісьмова, з прычыны чаго могуць з цягам часу забыцца і знікнуць. Вельмі не хочацца, каб гэта адбылося, бо інакш горад можа страціць адну з цікавых старонак гісторыі паўсядзённасці. Калі вы, шаноўныя чытачы, лічыце гэтак жа, то можаце дасылаць успаміны сваіх родных пра гомельскае водгулле Карпацкага землятрусу 1977 г., пакідаючы ў каментарах да гэтага допісу. Я пастараюся іх улічыць.

Сяргей Балахонаў