Маё знаёмства з папулярным гомельскім краязнаўствам пачалося ў маленстве народным паданнем пра паходжанне назвы Гомеля. Класічны варыянт гэтага падання выглядае наступным чынам:
“Там, дзе цяпер стаіць Гомель, пасярэдзіне ракі Сож некалі было намыта шмат пяску. Каб плыты і баркі, што плылі па рацэ, не ўзбіліся на мель, на беразе каля гэтага месца заўсёды стаяў чалавек і крыкам папярэджваў:
– Го! Мель! Го! Мель!
Вось і пайшло Гомель”.
Гэты варыянт быў змешчаны ў кнізе “Легенды і паданні” (1983 г.), выдадзенай у серыі “Беларуская народная творчасць”, з каментара да якой вынікае, што паданне запісана ў 1981 г. “у поездзе ад пасажыра, 1921 г.н.”. Як ні дзіўна, але гэты запіс прэтэндуе на тое, каб лічыцца першым, дзе маецца ўказанне на крыніцу, хай сабе і такую няпэўную, як шасцідзесяцігадовы спадарожнік у цягніку. Але паданне існавала і раней. Яго згадаў Вадзім Жучкевіч у сваім “Кратким топонимическом словаре” (1974 г.) як прыклад “наивной этимологии”, не называючы крыніцу інфармацыі. Не абмінуў яго і Серафім Лебедзеў у кнізе “Гомель. Краткий историко-экономический очерк” (1957 г.), назваўшы “добродушно-ироническим предположением”, якое бытавала сярод гамяльчан, але крыніцу зноў жа не пазначыў. “Само собой разумеется, что ничего общего с подлинным историческим обоснованием в этом предположении нет”, – адцеміў ён, выперадзіўшы тым самым далейшае стаўленне навукоўцаў да народнай этымалогіі назвы нашага горада. Больш ранняй пісьмовай фіксацыі гэтага падання мне знайсці не ўдалося.
Тое, што назва Гомеля паходзіць не ад выкрыкаў-перасцярог, відавочна. Але паданне пра плытагонаў цікавае як рэдкі прыклад самарэфлексіі гамяльчан, бо вялікай колькасцю гістарычных легендаў і паданняў Гомель пахваліцца не можа. У такім разе варта было б вызначыць матывацыйную базу для ўзнікнення гэтага сюжэта, прамежак часу, калі ён мог з’явіцца, а таксама ўмовы пры якіх ўзнікненне было б магчымым.
Паданне абыгрывае не самы старажытны варыянт назвы нашага горада – не “Гомій” ці “Гомей”, а менавіта “Гомель”. Такая форма пачынае фіксавацца ў пісьмовых крыніцах у лепшым выпадку з XVI ст., але працягвае і надалей сустракацца ў розных дакументах паралельна з іншымі формамі. Уніфікацыя назвы ў форме “Гомель” адбылася, відаць, на працягу XVIII ст., калі ў польскамоўных дакументах выкарыстоўвалася форма “Homel”, а ў дакументах, складзеных на мове Расійскай імперыі – “Гомель”. Апошняе і замацавалася як афіцыйнае напісанне пасля далучэння ўсходнебеларускіх земляў да Расіі. Хаця калі давяраць сведчанню збіральніцы фальклору Зінаідзе Радчанцы гаворка магла ісці толькі пра ўніфікацыю “зверху”: “Все местные жители зовут Гомель – Гомей, употребляя старинное название, упоминаемое в летописях” (1888 г.). Зрэшты, у фальклорных запісах ХІХ ст. наш горад часцей называецца ўсё-ткі Гомелем.
Другім элементам падання з’яўляецца згадка плытоў, якія праплывалі па Сажу міма Гомеля. У варыянце, перададзеным Серафімам Лебедзевым, удакладняецца, што маецца на ўвазе сплаў лесу па рацэ. Вядомыя дакументальныя сведчанні пра сплаў лесу паўз Гомель адносяцца да XVIII ст. Так, у адным з расійскіх ўрадавых дакументаў пачатку 1738 г. апісваюцца падзеі 1737 г., калі рабіліся беспаспяховыя спробы набыць “по польской стороне (г.зн. у межах Рэчы Паспалітай – С.Б.) близ Днепра и Сожи, даже до польского местечка Гомли, соснового и дубового, стоящего на корени лесу, по-видимому, со 176000 бревен” для сплаву “в Очаков на тамошнее строение”. Беспаспяховыя, бо адны “управители” адмаўляліся, сцвярджаючы, што “без позволения своих господ ни покупкою, ни подрядом договоров не чинят”, а іншыя выстаўлялі занадта высокія цэны. Цікава, што сітуацыя разгортвалася прыблізна ў той самы час, калі адбыўся пажар у Гомелі.
Практыка сплаву лесу па Сажу працягвалася і ў ХІХ ст., дасягнуўшы свайго апагею, як адзначаюць некаторыя крыніцы, пасля сялянскай рэформы са скасаваннем прыгону ў 1861 г. У “Опыте описания Могилевской губернии” (1884 г., кн. 2) схема працы плытагонаў апісвалася наступным чынам: “Зимою обыкновенно лесопромышленники, разъезжая по деревням, нанимают местных крестьян для этой работы, которая начинается со вскрытием рек и продолжается в большинстве случаев до 29 июня или 20 июля, когда связанный в плоты и сложенный в барки лес должен быть доставлен к месту назначения… Приступая к работе, нанятые крестьяне распределяются партиями, распорядительство над которыми поручается атаманам, выбираемым из людей толковых, приобревших знания в деле сплава долгим опытом и хорошо изучившим пути, по которым сплавляются партии леса”.
Памер аплаты залежаў ад адлегласці і ад часу, які патрабаваўся для дастаўкі лесу ў пункт прызначэння, а таксама ад попыту і прапановы працоўных рук. Памянёныя атаманы маглі атрымліваць да 300 рублёў, што ў 10-20 разоў болей за плату шараговых сплаўшчыкам. Акрамя таго пры кожнай партыі лесу, які сплаўляўся з больш дасведчаных людзей прызначаліся так званыя “дубовікі”, якія мелі сваім абавязкам “проводить плоты в местах трудных и не вполне безопасных” і атрымлівалі за працу 80-100 рублёў. Дамоўленыя грошы плытагонам выдаваліся двума часткамі: дзве траціны – пры наёме, рэшта – па выкананні працы на месцы дастаўкі, адкуль сяляне па сушы вярталіся дадому.
Выраб плытоў быў цэлай навукай. Адзін са спосабаў у выданні 1912 г. апісаў наш зямляк гісторык і этнограф Еўдакім Раманаў: “Пристань, куда свозится и заготавливается к весне сплавной лес, называется по-белорусски «рум»; сюда свозятся толстые колоды, из которых составляются плоты, и нагрузочный материал, кроквы, шпалы и проч. Сначала здесь происходит вязка небольших плотиков, называемых «торками», по выводе же отдельных «торков» в речку с более широким руслом их соединяют по несколько вместе, в так называемую «гребенку». «Гребенки» бывают от 30 до 50 саж. Длины (прыблізна 64-106 метраў – С.Б.). Бревна в ней увязываются «хомутами», скрученными в виде больших канатов из сырых лозовых хворстин; каждое бревно перехватывается у двух концов этой хомутиной и привязывается к «жерести», уложенной по длине всей гребенки”. Злучаныя па пары грабёнкі называліся пляніцамі (ці планіцамі). І толькі дзве з’яднаныя пляніцы лічыліся поўным плытом, шырыня якога магла дасягаць 12-16 сажняў, г.зн. блізу 26-34 метраў. Але па звестках на 1884 г. да Лоева лес сплаўляўся звычайна плытамі палавіннымі.
Падбіраемся і да трэцяга элемента падання – мель. Акурат шматлікія мелі, разам з засмечанасцю рэчышчаў і звілістасцю плыні, лічыліся галоўнымі перашкодамі для дастаўкі лесу ў пункты прызначэння. У “Материалах для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба” (1865 г., т. 25), адзначалася, што “дровяные плоты часто сбиваются ветром на мель, разбиваются о берега, заносятся в разливы” (напэўна, маецца на ўвазе разводдзе, выкліканае ліўнямі). Канкрэтна пра Сож у “Опыте описания Могилевской губернии” (1882 г., кн. 1) гаворыцца наступнае: “Русло реки песчаное, реже иловатое; мели встречаются нередко и, вследствие качества грунта, обыкновенно непостоянны и чаще находятся при устьях впадающих в нее рек”. Кніга Фёдара Жудро, Ісакія Сербава і Дзмітрыя Даўгялы “Город Гомель” (1911 г.) дадае канкрэтыкі: “Дно реки песчаное, возле Белицы значительная мель”. Але арыенцір “возле Белицы” вельмі цьмяны і дае шырокае поле для інтэрпрэтацый. Спасылаючыся на памянёную працу Жудро, Сербава і Даўгялы, дзе ніякага тлумачэння пра з’яўленне гэтай мелі няма, Філолаг Аляксандр Рогалеў у кнізе “Гомель. Страницы истории, формирование улиц, местные тайны и загадки” (2014 г.) сцвярджае, што гаворка ідзе пра водмелі “напротив гомельского парка по середине Сожа”, якія ўтварыліся ад таго, што “речка Гомиюк, как и несколько других, на протяжении многих веков несла лёгкий песчаный грунт в реку Сож”.
Між тым ёсць больш пэўныя звесткі пра тое, як у пачатку ХХ ст. праз спалучэнне рукачынных і прыродных фактараў “на реке Соже у Гомеля” з’явілася часовая перашкода. Улетку 1906 г. тут вяліся “землечерпательные работы”, сведчанні пра якія знаходзім у справаздачным выданні 1912 г., складзеным інжынерам Львом Цымбаленкам: “По мере производства работ ниже рефулерных понтонов, служащих для отвода грунта на левый берег реки, среди последней начал образовываться песчаный остров, довольно близко подтянувшийся своею правою стороною к пристани Дорохова, вследствие чего машина поставлена на это место. Засим, проходившие из города по направляющемуся к реке оврагу частые ливни, размыв песчаную набережную, нанесли довольно значительное количество песку под правый берег реки, угрожая полнейшим обмелением самой верхней пристани (пристани парохода «Лихач»), и поэтому пришлось приступить к срезке этого наноса”.
Атрымліваецца, што востраў утварыўся недзе насупраць адрэзку сушы між Кіеўскім і Баярскім спускамі. Дакладных датаў праліўных дажджоў, якія нанеслі пяску, Цымбаленка не назваў, але ўказаў, што ўсе работы доўжыліся з 12 чэрвеня па 1 верасня. А гэта, як вы памятаеце, часткова супадае з часам, калі пачынаўся і ўступаў у актыўную фазу сплаў лесу па Сажу. Гэтая мель, якая, мяркуючы з апісання, магла займаць да двух трацін шырыні ракі (недзе 53 сажні з 80 ці ў сучасных мерах – парадку 113 з метраў са 171), для плытагонаў (нават атаманаў і дубовікаў) мусіла быць нечаканай. У імаверным заторы з плытоў, калі разважаць лагічна, ніхто зацікаўленым не быў – затор мог паралізаваць суднаходства і сарваць тэрміны дастаўкі лесу.
Паспрабуйце самі змадэляваць сітуацыю, пры якой нават палавінны плыт (17 на 50 метраў) узбіваецца на мель, а плытагоны на наступных не паспяваюць або нават не знаходзяць здольнасці адэкватна зрэагаваць. Таму цалкам можна дапусціць, што сплаўшчыкаў яшчэ да падыходу да небяспечнай зоны нейкім чынам папярэджвалі. Пэўных звестак пра гэта ў мяне пакуль няма. Але ўсё ж паўстае пытанне: ці не тады ў якасці каламбура ўзнік выраз “Го! Мель!”? Калі так, то сяляне, занятыя сплавам лесу, маглі падхапіць і пашырыць гэты выраз па маршруце, якім яны кіраваліся, па дарозе дадому і ў сябе на радзіме. Дзесьці ён быў забыты, а дзесьці захаваўся і, страціўшы сваю пачатковую прывязку да канкрэтнай падзеі, паступова ператварыўся ў паданне пра паходжанне назвы Гомеля. Магчыма, падобны алгарытм трансфармацыі гістарычнага факта ў народнае паданне спрацаваў і ў самім Гомелі. Зрэшты, гэта толькі мая версія, якая патрабуе далейшага пацверджання ці абвяржэння звесткамі гістарычных крыніц.
Што ж у выніку атрымліваецца? Стабілізацыя назвы нашага горада ў форме “Гомель” адбылася ў XVIII ст. Лес па рацэ Сож, верагодна, сплаўлялі з даўніх часоў, але дакументы, якія выразна сведчаць пра пашыранасць гэтага занятку, паходзяць з першай паловы XVIII ст. Свайго піку, на што ўказвае ўцягнутасць вялікай колькасці людзей, гэты занятак дасягнуў у другой палове ХІХ ст. Пра існаванне меляў на Сажы каля Гомеля згадваюць наўпрост ці ўскосна выданні другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. Але разам з тым згадваюцца і прафесіяналы, якія ведалі месцазнаходжанне канкрэтнай мелі на маршруце сплаву лесу. Таму патрэба папярэджваць плытагонаў з берагу магла ўзнікнуць толькі ў разе нейкай нестандартнай сітуацыі, як, напрыклад, намыў пяску з прычыны землечарпальных работ і ліўняў улетку 1906 г. Менавіта нестандартная сітуацыя і магла спарадзіць добра знаёмы нам выраз “Го! Мель!”, які не зафіксаваны ў вядомых публікацыях (Вінаградава, Раманава, Жудро і яго суаўтараў) другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст., прысвечаных Гомелю і рэгіёну. Калі ён сапраўды тады бытаваў, то ўсё адно павінна было спатрэбіцца яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў (дарэчы, насычаных пераломнымі для Гомеля падзеямі са зменамі яго дзяржаўна-палітычнага, культурна-гістарычнага і нават нацыянальнага кантэксту), каб у вачах новага пакалення гэты анекдатычны выраз “пастарэў” і стаў успрымацца як элемент даўняга падання. Аднак канчатковыя высновы рабіць рана – росшукі трэба працягваць.
Сяргей Балахонаў