Хлеўнік

0
149
Хлеўнік

Хлеўнік жыве ў хляве. Звычайна ён злы. Хлеўнік заезджвае коней і кароў. Баяцца хлеўнікі сарок, якіх хазяін падвешвае мёртвымі ў хляве. Калі ён памрэ, то скаціна не будзе весціся ў хляве. Яго ніхто не бачыў.

Запісана ў в.Бабоўка Жлобінскага р-на ад Аўраменка Ніны Дшітрыеўны, 1930 г.н., перасяленкі з вДронькі Хойніцкага р-на студэнткай Ядчанка В.

Хляўнік пераважна звязаны з гаспадаровымі коньмі і каровамі, вельмі рэдка — з авечкамі і ніколі — з козамі і свіннямі. Ён ледзьве пераносіць іх прысутнасць у хляве. Летам і зімой хляўнік пастаянна застаецца ў хляве, займаючы ў ім задні кут.

Калі ўпадабаў хляўнік гаспадароў, ён песціць і чысціць кожную скаціну, а коням нават заплятае грывы і хвасты. У адваротным выпадку ён кудлаціць, нават выдзірае шэрсць, грывы і хвасты скручвае ў каўтуны, гайсае да апошніх сіл жывёлы па хляве.

Хляўнік чамусьці баіцца сарокі, і вопытны гаспадар вешае гэтую птушку над дзвярыма хлява.

Запісанаў в. Роза Люксембург Ельскага р-на ад Анасенка А.І., 1944 г.н. са слоў яе маці студэнткай Дворак Л.

Хлеўнік — эта дамавік, які жыве ў хляве. Ён очэнь плахі, патаму шта плахое дзелае худобе. Еслі іе конь у хазяіна, то ўночы будзе ездзіць на ім, пакуль ён не схуднее ілі не здохне. Можа ездзіць і на карове.

Запісана ў в Хутар Светлагорскага р-на ад Казловай Анастасіі Яўхімаўны, 1929 г.н. студэнткай Філіпавай М.

Хлеўнік!? То ж быў не хлеўнік, яго Дваравым звалі. У каждай хаце ён быў. Ён глядзеў за скаці-най: хадзіў ноччы ў сараі і заплятаў у каней касу, ахраняў іх.

Ён такі, як высокі чалавек, ва ўсім белым і блісцяшчыя пугавіцы. А мая пляменніца, када ёй было 9 гадоў, тожа яго бачыла. Была ў суседзеў свадзьба, а яны, малыя, на ганку сядзелі. Ён паказаўся ім, быццам у воздуху вісіць, ну не на зямлі, а дзе-та на метр ад яе, і няма. Так яны чуць уцеклі са страху. Дзетачка, у той час людзі добрыя былі і дагодныя Богу — во і бачылі ўсіх, а цяпер не.

Запісанаў в.Батвінава Чачэрскага р-на ад Кулікававай Наталлі Паўлаўны, 1931 г.н. студэнткай Цімохавай А.

Хлеўнік — гэта халера ў хляве. Гаворуць, што, калі хлеў добры, чысты, то хлеўнік ні шкодзіць жывёліне. Кароўкі тады даюць добра малака.

Мабуць, мой хлеўнік на мяне разазліўся, бо адна кароўка здохла, а маладзейшая нешта зачмарэла. Хто яго знае?

Запісанаў в.Перавалока Рэчыцкага р-на ад Карака Ганны Яфімаўны, 1928 г.н. студэнткай Сідарэнка I.

Хлеўнікі жывуць у сараі. Яны белыя, ножкі белавастыя, спінка ў сівых плямках. Самі яны беленькія і маленькія, поўзаюць на 4 ножках. Яны жывуць гуртом.

Я сама іх бачыла, калі была маленькай. Мама паслала ў хлеў штосьці зрабіць. Я ўгледзіла хлеўнікаў, іх было тры. Я спужалася і пабегла ў хату, і крычу: “Мама, што за мышы бегаюць?” А яна пасмяялася і гаворыць: “Гэта хлеўнік”.

Хлеўнікі бываюць рознай масці. I любяць скаціну такой масці, якой і саміе. А калі хлеўнік не злюбіць скаціну — гэта гора. Ох, і заганяе ўжо яе, змучыць.

Бывала, купіш скаціну, ды прывядзеш дамой, дык калі карова мокрая, так значыць, хлеўнік яе ўсю ноч ганяў і не злюбіў. Значыць, трэба купіць новую скаціну другой масці, каб была па хлеўніку.

Так было і ў нас. Мама купіла карову краснай масці. Уранку, як зайшла ў хлеў, а карова ўся мокрая. Тады яна сказала, што трэба купіць новую карову і другой масці. Купілі карову чорнай масці, тады хлеўнік не ганяў яе, і карова ўсягда была сухая.

Для таго, каб знаць, скаціну якой масці купіць, то трэба зрабіць так: калі строіш сарай, то каля сарая, або там, дзе будзе пол, выкапаць яму. Калі ў яме бегалі чорныя жучкі, то дзяржалі скаціну чорнай масці, а калі красныя — то краснай масці. Рабілася гэта для таго, каб угадзіць хлеўніку.

Запісана ў г. Рэчыцы ад Радчанкі Соф’і Мацвееўны, 1916 г.н. студэнткай Барысевіч А.

Ад бабулькі я даведалася, што хлеўнік — гэта дамавік, але ж толькі добра даглядае жывёлу. Такі хлеўнічак, па яе словах, жыў побач з парасятамі, бо з тога бока, дзе ён жыў, сена ніколі не прымятае, а толькі ў кутку была паветная ўмяцінка.

Хлеўнік абараняў жывёлу ад вароў, хваробы, звяроў. Быў добрым сябрам з дамавіком. На ранняй зары будзіў пеўніка, каб той у свой час і гаспадароў будзіў на працу. Разам з хлеўнікам — дамаві-ком жывецца добра і гаспадарам і жывёле.

Запісанаў г. Добрушы ад Лысоўскай Лізаветы Еўклідаўны, 1910 г.н. студэнткай Берлінай А.

Калі купяць каня ці карову, прывядуць дамоў, ну, вядуць у хлеў. А тут ужо спяклі свежы хлеб. Пачынаюць рэзаць іменна краек і нясуць у сарай разам з жывёлай. I просяці: “Дамавы-хазяін, прымі маю скацінку, не бей яе, сахрані яе”. I так тры раза. Еслі ўлюбіць каня, то ўхажываць будзе, расчэсваць, касічкі плясці. Калі не — будзе ганяць па хляву, мокрая скаціна будзе. Эта ўжэ лучшэ збывай, эта не па двару скаціна. На Пасху ўжэ няльзя пасля дванаццаці ў хлеў выходзіць, бо ўжэ нячысцік гэты ходзіць — 12 перайшло — уцякай, дамавік заступае.

Запісанаў в.Агародня Добрушскага р-на ад Хадзьковай Вольгі Восіпаўны, 1938 г.н. студэнтамі Балачковым В., Таргоняй А., Елавой Т.

Хлеўнік жыве ў хляву, у сараі. Калі што-небудзь не ладзіц-ца ў сараі, то гэта — “папушчэнне” ад Бога. Бог наказвае скаціну за грахі, якія вы зрабілі. Бывае, што напускае хваробу на грэшнікаў, але амаль заўсёды — на хлеў. Неабходна ўсё асвяціць у доме і ў хляву, таму што гэта наслана чорнай сілай. А з-за грахоў Бог выратаваць людзей не можа, пагэтаму чорная сіла бярэ над людзьмі верх…

Ласціца — гэта такі звярок, падобны да хлеўніка. Можа хлеўнік ператвараецца ў яго. Гэты звярок падобны на белку, але толькі знешне. Ласцік можа закруціць каню грыву так, што немагчыма яе расчасаць. Ён будзе бегаць па спіне каровы да тых пор, пакуль з каровы не пальецца пот. А так як ён любіць соль, то пасля здзекаў ласціца злізвае гэты салёны пот…

Запісанаў в. Будаўнік Хойніцкага р-на ад Гапоненка Ніны Іванаўны, 1930 г.н. студэнткай Працэўнікавай I.

Хлеўнікам завуць ластаўку. Калі ў сарай ластаўка прыляцела да каровы, карова пачынае пацець і хварэць. Трэба павесіць казіную шкуру, штоб карова не пацела. Бо ластаўка баіцца казінай шкуры. Я сама з імі сустракалася, калі мая карова ці куры балець пачыналі.

Запісанаў в.Карма Добрушскага р-на ад Пузікавай Марыі Антонаўны, 1929 г.н. студэнткай Траціннікавай М.

Хлеўнік жыве ў лесе. Яго нельга гнявіць, бо казалі, што паперадуша жывёлу. Бралі вядро вады і разлівалі яго па 4-х вуглах, клалі кусок хлеба на белую трапачку, ставілі іконы.

 

Запісана ў в.Карма Добрушскага р-на ад Сакаловай Алены Ізотаўны, 1917г.н. студэнткай Уласавай Н.

У дамавіка ёсць яшчэ младшы брат. Хлеўнік яго завуць. Ён тожа стары, але адзежа ў яго не белая, а цёмная, штоб не так вымазвалася. Ён жа жыве ў хлеве і даглядае за дамашняй жывёлай: свіннямі, каровамі, конямі. Любіць часаць коням грыву і заплятаць касу. Глядзіць, штоб усё было добра, каб за жывёлай добра ўхажывалі хазяева. Калі ўсё добра, зла людзям не дзелае.

Запісана ў в.Міхалькі Гомельскага р-на ад Абрамцовай Марыі Малахаўны, 1932 г.н. студэнткай Гук Ж.

Хлеўнік — той жа самы дамавік, які жыве ў хляве. Як толькі дазнаюцца, што з’явіўся хлеўнік, адразу ж стараюцца яго выжыць. Хлеўнікі пугаюць скаціну.

Запісана ў в.Азершчына Рэчыцкага р-на ад Казловай Марыі Кандратаўны, 1934 г.н. студэнткай Кундзелевай І.

Пра гэткіх такіх хлеўнікаў расказваюць многа. Адны кажуць, што яны ёсць, другія — што няма. Вось у нас, напрыклад, маці перад тым, як запусціць скаціну першы раз у хлеў, на парозе астаўляла ці пад парогам, свяцоную ваду і кавалак свяцонага хлеба на ноч, пры гэтым казала такія словы: “Глядзі, гаспадар, маю скацінку, хлебам кармі ды вадой паі”. Гаспадаром лічылі хлеўніка. I вось гэты добры “гаспадар” абярагаў скацінку ад напасцяў і заўсёды быў побач з жывёлай. У кожным сараі — свой хлеўнік і аберагае сваю скаціну, да другіх жывёл не пераходзіць і ў другі хлеў не ідзе. Кажуць, што ў тым двары, дзе ў сараі няма хлеўніка, скаціне не здабраваць.

Запісана ў вЛясец Калінкавіцкага р-на ад Русаковай Соф’і Мікалаеўны, 1923 г.н. студэнткай Яцэнка Н.

Каб абараніць жывёлу ад хлеўніка, трэба вакол жывёлы пахадзіць з стрэчанскай свечкай. У такім выпадку ён не ўвойдзе ў хлеў, бо будзе баяцца. Неабходна было падвешваць на варотах хлява забітую сароку, бо гэта атрапей ад уздзеяння нячыстай сілы. Сакатанне сарокі на хляву выдае прысутнасць нячыстай сілы.

Запісана ў п.Бальшавік Гомельскага р-на ад Логвінавай Марыі Мікалаеўны, 1924 г.н. студэнткай Фёдаравай Л.

Гэта той, які доіць кароў. Яго называюць ласачка. Прыходзіш у сарай, а карова стаіць потная.

Запісана ў г. Гомелі ад Цуранкова Аляксандра Васільевіча, 1925 г.н., перасяленца з в.Рэчкі Веткаўскага р-на студэнткай Малай I.

У кухні, у хлеве жывуць такія звірушкі, белыя, называліся яны ласкі. Яны садзілісь на каней і ганялі іх, таксама ў сараі вадзілісь. I ў нас такая жыла. Праўда, мы яе не відзелі. Відаць, гэта і есць гэтыя духі.

Запісана ў г. Гомелі ад Белакаваленкі Уладзіславы Антонаўны, 1922 г.н. студэнткамі Агапітавай В., Лынеўскай Т.

Раней хадзіла ласіца па сараях, ганяла і коней, і кароў. Яны таміліся і пацелі. Тады хазяева падпільнавалі і злавілі яе. Цяпер ужэ яе німа.

Запісана ў г. Светлагорску ад Майбусавай Ніны Іванаўны, 1929 г.н. студэнткай Ларыёнавай I.

Я чуў толькі пра хлеўніка. Казалі, што гэта малы, худы чалавек, які жыве ў хляве. Ён болын шкодны, чым дамавы. Ён ездзіць па начах на конях, з-за чаго яны худнеюць, слабеюць і могуць здохнуць. Казалі, што з ім можна падружыцца, але як гэта зрабіць, я ня ведаю, ня помню, як выганялі хлеўніка, хаця нешта такое чуў.

Запісана ў г. Гомелі ад Шкурко Адама Ігнатавіча, 1928 г.н. студэнтам Балмачэнкам Дз.

Еўнік жыве ў овіне, у печке або на печке. Еўнік выглядае чорным, толькі глаза, як вуглі гараць. Еўнік па начах падмятае гумно, вее зярно, малоціць па ўтрах. Калі насажваюць еўню, т.е.кладуць снапы для прасушкі, то кідаюць сноп у агонь. Калі малацьба скончана, то пакідаюць сноп у еўне, каб еўніку было заняціе. Калі прагнявіць яго, то ён пачне брасаць снапы ў агонь і сажге овін.

З хатнікам і еўнікам дружаць. Яны забоцяцца пра гаспадарку. Як толькі даведваюцца, што завёўся хлеўнік, то яго стараюцца выжыць. Ён порціць скот, ездзіць па начах на конях у канюшні, а ад такой язды конь хутка худзее і слабее. Такое ж бывае з каровамі — і на іх хлеўнік ездзіць. Каровы бегаюць па хляву, мычаць, хутка худзеюць і перастаюць даваць малако. Хлеўнік баіцца сарокі. Трэба яе павесіць над дзвярмі канюшні.

Запісана ў г. Добрушы ад Брычанка Марыі Міхайлаўны, 1932 г.н., нарадзілася ў в.Прудок Калінкавіцкага р-на студэнткай Антончыкавай Н.

У хляву ёсць тожа дамавік. Яго называюць хлеўнікам. Бывала, людзі гаварылі, што хлеўнік за ноч заганяе каня. Адкрыеш дзверы, а ён увесь мокры, у пене. А ў другіх людзей, наадварот, ён каню ў грыве касічкі пазаплятае, разгладзіць, аж той блішчыць. Наверна, як спадабаецца яму конь.

Запісана ў г. Добрушы ад Курдэсавай Ксеніі Фёдараўны, 1919г.н., ураджэнкі в.Харошаўка Добрушскага р-на студэнткай Крупскай Н.

Калісьці чула ад бабулі пра хлеўніка. Жыве ў хлеве нейкі невялікі чалавек, якому трэба ўвесь час дагаджаць, тады ён будзе ахоўваць жывёлу. Але казалі, што калі завядзецца хлеўнік — гэта дрэнна, жывёла гіне.

Запісана ў г. Гомелі ад Драбышэўскай Надзеі Іванаўны, 1928 г.н. студэнткай Канавалавай Т.

Крыніца: Народная міфалогія Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік. — ЛМФ «Нёман», 2003. — 320 с. Ст. 38-44.