Хлеўнік у міфалагічай традыцыі беларусаў-палешукоў

0
129
Хлеўнік і міфалогія Беларусі

Народныя фантастычна-міфалагічныя ўяўленні займаюць значнае месца ў жыцці людзей і сведчаць аб выключна багатай, народнай фантастыцы, яе ролі ў фарміраванні светапогляду беларусаў. Адзначым факт устойлівасці захавання ніжэйшай міфалогіі, аб гэтым сведчаць аповеды інфармантаў пра персанажаў народнай дэманалогіі, запісаныя на Гомельшчыне.

Звернемся да характарыстыкі аднаго з міфалагічных персанажаў – хлеўніка, звесткі пра якога пашчасціла запісаць у Рагачоўскім раёне.

Хлеўнік – гэта істота, якая выглядае паарознаму, паводле ўяўленняў людзей. Адны лічаць, што хлеўнік – істота белай масці, другія – чорнай, іншыя кажуць, што гэта малы, худы чалавек, які жыве ў хляве.

На карысць зааморфнага выгляду хлеўніка сведчаць уласныя запісы, зробленыя ў маёй мясцовасці: «Я іх бачыла сваімі вачамі, толькі я тады малая была. Ну вот іду я ў хлеў, мамка паслала штоота зрабіць. Бачу, мелькнула штоота. Ну, такое беленькае, маленькае ды на чатырох ножках. Я спужалася ды пабегла ўцякаць, ды крычу нема. Мамка выбегла і пытае: «Што крычыш?» Я ёй: «Усё па-парадку». Дык яна і кажа: «На мышэй пахожы? Дык гэта хлеўнік» [А. Т. М. ]. Іншы раз уяўлялі гэту істоту ў антрапаморфнай іпастасі: «Ва ўсіх такіх стасунках з жывеламі хлеўнік застаецца нябачным і толькі зрэдку ўзнікае ў вобразе скручанага, зморшчанага, худога чалавека: здаецца, нібы шкілет хлопчыка памясцілі ў скуру дарослага» [1, с. 38].

Устойлівасць месцазнаходжання хлеўніка ў хляве пацвярджаецца наступнымі фактамі, узятымі з аповядаў інфарматараў: «Летам і зімою хлеўнік пастаянна жыў у хляве, сядзеў ён у заднім куце, на бэльке, на курыным седале. Сядзіць і назірае за скацінаю» [А. Т. М. ]. «Гэта дэманалагічны персанаж, які апекаваў над усім тым, што жыло і знаходзілася ў хляве. Іначай у сялянскай сям’і проста і быць не магло, бо ад таго, як у любога з гаспадароў вялася жывёла, залежыў, бясспрэчна, яе дабрабыт» [2, с. 280].

На характар функцыянальнасці гэтай міфалагічнай істоты ўказваў М. Нікіфароўскі, які адзначаў, што хлеўнік можа быць як добрым, так і благім адначасова: «Калі ўпадабаў хлеўнік гаспадароў, калі да спадобы яму прыйшоўся падбор масці жывёлы – ён песціць і чысціць кожную скаціну, а коням нават заплятае грывы і хвасты, носіць любімцам ваду хатнімі вёдрамі, цішком падхопленымі ў сенцах, дапускае да крыўды адных жывёл другімі і інш. У адваротным выпадку ён кудлаціць, нават выдзірае шэрсць, грывы і хвасты скручвае ў каўтуны, трывожыць уночы, гойсае да апошніх сіл жывелу па хляве. Болей за ўсіх дастаецца нялюбай кабыле, на якой хлеўнік выязджае на двор, у гумно, носіцца з канца ў канец па вёсцы, праскача вёрст 5 па дарозе ці па полі, і за адну толькі ноч давядзе яе так, што кабыла спадзе з цела. Акрамя таго, ён адштурхоўвае жывёлу ад корму і пойла ці пераносіць яе да любімца, які такім чынам адкормліваецца за кошт нелюбімца. Апошні худнее, марнее, самкі скідваюць плод, нованароджаныя бываюць са скрыўў леннямі, арганічнымі парокамі» (Н. Я. Никифоровский. Нечистики с. 53–54).

«Як бачым, хлеўнік аднаму гаспадару лагодзіць, дапамагае ягонай жывёле, а другому – нічым не імкнецца дапамагчы, а ўсё чыста толькі псуе: не дае есці коням і каровам, заганяе іх да паўсмерці ці ўвогуле даводзіць да самай смерці. Нават з нованароджанай жывёлай небараку-гаспадару не шанцуе, няма ў яго падстаў для таго, каб радавацца за паспешнае развіццё сваей гаспадаркі. Такому чалавеку не заставалася нічога іншага, акрамя як шукаць прычыну такіх непрыязных адносін хлеўніка да сябе. Аказваецца, што «хлеўнік пераборлівы ў густах: адзін не любіць вараных, другі – шэрых, трэці – двухжыльных коней…» [1, с. 281–282]. Аб гэтым сведчаць многія факты з аповедаў людзей. Напрыклад: «Жыў у мяне хлеўнік, дык ён звар’яцеў, што я толькі не рабіла… Шкодзіў маю скаціну, як хацеў…» [Л. А. А].

Спосабаў засцярогі ад хлеўніка існуе шмат, даволі многа замоў, у якіх адлюстраваны матыў супрацьдзеяння хлеўніку. У якасці прыкладу прывядзём адну з іх: «Багаславі, Госпадзі, і дапамажы ад хлеўніка! Устану я рана-раненька, умыюсь бела-бяленька, пайду ў чыстае поле, зірну на сіняе мора. На сінім моры выспа, на выспе зялёная ель, на той елі шаўковая плець, на той плеці залатое чарасло, на том чарасле Прэсвятая Матар Божая стаяла, Ісуса Хрыста на руках дзяржала. Прыляцелі к ёй трыдзявець паграбатых, а трыдзявець пашкрабатых, тую ель хацелі сеч – рубіць, а Хрыста ў вочы павідаць, адказвае ім Гасподзь Ісус Хрыстос: «Адкасніцеся вы, трыдзявець ідалы! Як вам етага дрэва і не сёння рубаць, Хрыста ў вочы не відаць, так і варанога каня есць не няць! А мне, рабу Божаму, адмаўляць, і Госпада Бога на помач прызываць і Прысвятую Матар Багародзіцу, і ўсіх Святых» [Замовы, с. 44].

У аднолькавых выпадках, калі хлеўнік жартам ці ў раптоўным гневе патрывожыў скаціну ўночы, яго можна спыніць, прысарамаціўшы [с. 38, Б. М. ]. «Увайшла я ціхенька ноччу ў хлеў, у руках дзяржала свечку, незапаленую за спіной. А калі пачула шамаценне, падняла свечку над галавой і крыкнула, што бачу мол твае хітрыкі, яны зусім непрыстойные…» [Л. А. А].

«Самы лепшы сродак выгнаць хлеўніка наступны. Трэба звіць з «пасконі» (канаплі) пугу ў тры «стволкі», на канцы завязаць тры вузельчыкі, ад іх на адлегласці адной пядзі яшчэ тры, а праз пядзю і яшчэ тры. У тую ноч, калі настае маладзік, бітую пугу навязаць на асінавае пугаўё, перад варотамі паставіць жароўню з асінавымі палаючымі вуглямі, зрэшты, вуглі могуць быць і іншыя, але асінавыя нібыта лепш. Калі ўсё гэта гатова, трэба ўзяць кабылу ці карову за хвост і гнаць яе цераз хлеў да дзвярэй, сцябаючы наводмаш пугай і стараючыся перагнаць цераз жароўню. I гэтак перабраць усіх кароў і коней, пры гэтым прыгаворваючы: «Пайшла, хіра (немач, хвароба, погань), на ўзвей вецер! Калі на якой-небудзь жывёле і сядзеў хлеўнік, то ад уздзеянняў пугі з «пасконных» валокнаў, якая рассякае яго цела да крыві, агня, якога ён баіцца, і, нарэшце, замовы, якой надаецца чароўная сіла, ён не адважыцца вярнуцца назад і пакіне статак у спакоі» (А. Е. Богданович. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов, с. 71–72 ).

Прадметнай атрыбутыкай з’яўляюцца бэлька, жэрд, шасты. «Пры згадванні хлеўніка імя яго не называецца. Асцярога забараняе глядзець у кут, на бэлькі і шасты, дзе, мяркуецца, знаходзіцца хлеўнік. Пры неабходнасці крануць бэльку, жэрдку, трэба спачатку назваць гэтыя прадметы, каб папярэдзіць хлеўніка, які са сну можа нарабіць нямала бяды» [1, с. 38]. «…Захажу і адразу гавару: курынае седала!» [А. Т. М. ]

Такім чынам, хлеўнік – гэта вельмі таямнічая і ў некаторай ступені ўсемагутная істота, якая з’яўляецца вядомым прадстаўніком ніжэйшай міфалогіі, аб якім у людзей існуюць уласныя ўяўленні. Хлеўніка як міфалагічную істоту і сёння ведаюць жыхары ў розных кутках Беларусі.

Літаратура

  1. Беларуская міфалогія: дапам. / уклад. У. А. Васілевіч. – 22е выд. – Мінск: Універсітэцкае, 2002. – 208 с.
  2. Міфалогія: духоўныя вершы / А. М. Ненадавец [і і нш.]; нав. рэд. А. С. Фядосік. – Мінск: Бел. навука, 2003. – 471 с. – (Беларускі фальклор: жанры, віды, паэтыкі; Кн. 5).

Спіс інфарматараў

[А. Т. М. ] – Атрохава Тамара Міхайлаўна, 1931 г. н., в. Вуглы, Рагачоўскага раёна Гомельскай вобл. (ўласныя запісы, зробленыя аўтарам артыкула).

[Л. А. А. ] – Лук’янава Аляксандра Аляксандраўна, 1938 г. н. г. Рагачоў, Гомельскай вобл. (ўласныя запісы, зробленыя аўтарам артыкула).


Аўтар:
Атрохава В. А. (Гомель, Беларусь)
Крыніца: Фальклор і сучасная культура: матэрыялы міжнар. навук. практ. канф., 22-23 крас. 2008 г., г. Мінск: у 2 ч. / рэдкал.: I. С. Роўда [i інш.]. – Мінск : БДУ, 2008. Ч. 2 – 134 [2] с. Ст. 60-62.