Гурток беларускай моладзі пры гомельскім педагагічным тэхнікуме

0
1359
Гурток беларускай моладзі пры гомельскім педагагічным тэхнікуме

Гурток беларускай моладзі пры гомельскім педагагічным тэхнікуме існаваў з 1921 да вясны 1927 з перапынкамі. Да 1923 называўся таксама гуртком беларускай моладзі Гомельскага павета. Займаўся беларускай нацыянальна-культурнай дзейнасцю. Да 1924 пры гуртку працавалі беларускі хор і тэатральная трупа.

У 1923 заснавана бібліятэка (кіраўнік Я. Баравіцкі). Супрацоўнічаў з Беларускай секцыяй пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы. Пры яе дапамозе атрымліваў газеты і часопісы БССР. Сябры гуртка чыталі лекцыі па беларусазнаўстве ў Гомельскім педтэхнікуме, у лістападзе 1924 сумесна з секцыяй арганізаваў беларускі куток. У 1924/1925 навучальным годзе лекцыі па беларусазнаўстве для сяброў гуртка чытаў А.I. Крукоўскі.

Гурткоўцы ў красавіку 1925 прынялі ўдзел у заснаванні Гомельскай філіі літаратурнага аб’яднання “Маладняк” і ўвайшлі ў яе склад. Летам 1925 правёў культурніцкія мерапрыемствы ў 32 населеных пунктах 13 валасцей Гомельскай губурні. Склад гуртка некалькі разоў абнаўляўся, у траўні 1925 налічваў 46 чалавек. У гурток уваходзілі некаторыя студэнты Гомельскага ляснога тэхнікума. Сярод кіраўнікоў гуртка I. Бандарэнка, М. Грашчанка, А Сарокін, Ф. Валынец, Лашкевіч, Пяскоўскі. Лекцыі па беларусазнаўстве для сяброў гуртка ў 1921 чытаў І. Сербаў.

Літаратура

Чудзін-Васілеўскі Ю. Да гісторыі барацьбы за беларускую школу ў Гомельскай губерні РСФСР (1919—1926) / / Гомельшчына Старонкі мінулага. Нарысы. Гомель, 1994. Вып. 1


Аўтар:
Юрка Васілеўскі
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 177.