Гурт RE1IKT прэзентаваў новую праграму ў Гомелі

0
822
Re1ikt і іх канцэрт у Гомелі

Мінскі гурт Re1ikt адыграў 30 верасня канцэрт у Гомелі.

Выступ у клубе “Імперыя” адбыўся ў межах туру па падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Удзельнікі Re1ikt раней жылі ў Гомелі і запісалі тут 2 альбомы, у тым ліку і “Рэкі прабілі лёд”, які быў выпушчаны ў 2011 году і стаў бэстсэлерам сярод беларускіх рэлізаў лэйбла Vigma. Таксама ў Гомелі быў зняты відэакліп на песню “Рэкі пад ільдом”, у якім былі задзейнічаныя і маладыя гомельскія дзеці. За год кліп сабраў каля 6 тысяч праглядаў на YouTube.

Выступ Re1ikt стаў своеасаблівай паўакустычнай прэзентацыяй альбома «Рэкі прабілі лёд». Акрамя таго, музыкі прадставілі новы матэрыял і выканалі найлепшыя старыя песні.

Таксама ўдзельнікі Re1ikt правялі сярод гледачоў розыгрыш тэматычных прызаў ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Але падарункі на гэтым не скончыліся: усе ахвотныя могуць прыняць удзел у конкурсе “Быць беларусам: адшукай свой Re1ikt” і выйграць сувеніры і атрыбутыку.

Падрабязнасці па спасылцы:

http://budzma.org/news/konkurs-i-tur-byc-belarusam-adshukaj-svoj-re1ikt.html

Ужо праз некалькі тыдняў гурт адыграе яшчэ некалькі выступаў у Беларусі: на чарзе Менск, Барысаў ды Магілёў. А таксама выправіцца ў Польшчу, дзе дасць некалькі канцэртаў і пакажа новы незвычайны праект.

Re1ikt у сваёй музыцы спалучае такія кірункі, як progressive rock, post rock, art rock і alternative rock. Група валодае ўнікальным гучаннем, пры гэтым падчас запісу і выступаў выкарыстоўваецца толькі стандартнысклад “жывых” прылад (2 гітары, бас, ударныя) і вакал. На канцэртах Re1ikt гарманічна спалучаюць магутны драйв кампазіцый імправізацыйнымі эксперыментамі з гукам. Нярэдка калектыў дае акустычныя выступы, гуляе на кватэрніках і “музейніках”.

За час існавання каманда паспела паўдзельнічаць у фэстах у Польшчы, Літве, Украіне, Беларусі. Сярод іх Tautu Muge, Halfway Festival,Jesien Bardow, а таксама «Камяніца», «Дах», Heavy Mass Medium і інш.

Група Re1ikt брала таксама ўдзел у праектах і конкурсах «Больш ні гуку!» (кампанія ААН супраць хатняга гвалту), «Музычны Спарынг-2» (перамога ў намінацыі «Альтэрнатыва» і «Лепшы вакал»), Global Battle of the Bands, «Graffiti Open Fest», «Ноч Музеяў», перамагала з акустычнай праграмай на «Бардаўскай восені – 2009» (Гран-пры), «Купалаўскіх вакацыях» (Прыз глядацкіх сімпатый).

На рахунку ў Re1ikt 3 студыйных альбома. «Рэкі прабілі лёд» («Вігма», 2011) і «Клініка» (Go Records, 2009) былі афіцыйна выдадзены на лэйблах. Таксама Re1ikt знялі 4 відэакліпа, выпусцілі 2 live-DVD («Акустычная Тэрапія», «Крыгаход»), акустычныя складанкі («Vytoki», «Home Songs»).

Будзем спадзявацца, што таленавітыя хлопцы з гэтага цудоўнага гурта не забудуцца пра родны ім Гомель і шчэ неаднаразова завітаюць да нас у госці!