Гуканне вясны з гомельскай “Талакой” пройдзе 18 сакавіка

0
331
Гуканне вясны з гомельскай

ГМКГА “Талака” запрашае ўсіх ахвотных прыняць ўдзел у архаічным свяце Гукання вясны. Святкаваць талакоўцы і талакоўкі выправяцца пад Гомель 18 сакавіка. Далучайцеся!

Як і звычайна ў гэты час, нібыта ўжо і цёпла, але дзе-нідзе і халодны вецер нагадае, што зіма шчэ не да канца развіталася з намі. Загукайма вясну разам! Пад спевы, гульні і скокі!

Гукаць будзем 18 сакавіка ў Чонках.

З сабой мець:

  • грошы на праезд,
  • традыцыйны строй альбо нешта падобнае да яго (светлая кашуля, светлыя нагавіцы, дзяўчатам – доўгія спадніцы, хусткі і інш.)
  • зменныя шкарпэткі ці абутак (не выключна, што вы прамокніце-прамерзнеце па дарозе), цёплую вопратку
  • хатнюю ежу і напоі, кубкі
  • патэльня, казанок, нажы, зёлкі, пітная вада для гарбаты, алей.
  • рыззё для пудзіла, каляровыя стужкі, ніткі
  • дыванкі, альбо посцілкі, каб сядзець на зямлі
  • сякера, вяроўка для арэляў, папера для распальвання вогнішча, запалкі
  • добры і гарэзлівы настрой

Збіраемся ў нядзелю, 18 сакавіка на аўтавакзале (з боку горада) а 10:00! Тым, хто спазняецца — +375 29 3432217 нумар для сувязі, Зміцер.

Сачыць за навінамі можна і ў падзеі Ўкантакце.

Мы сочым штодзень за надвор’ем, і штодзень прагнозы змяняюцца. Але не першы год выбіраемся ў экстрэмальных умовах, таму як і ў мінулыя гады, калі гучна і добра загукаем, і да нас завітае сонейка!

Хада з намі!