Паводле старадаўняй народнай традыцыі каб надыйшла вясна яе трэба паклікаць. Дзеля гэтага ладзіўся адмысловы абрад “Гуканне вясны”, які меў на мэце прыспешыць надыход вясны, прылёт птушак з выраю і пачатак новага земляробчага году.
У 2013 г. надыход вясны для Беларусі быў вельмі актуальны, таму сябры маладзёвай суполкі “Талака”, не гледзячы на мароз і завею, выправіліся на бераг Сажа каб здзейсніць рытуал. Маладзёны спявалі адмысловыя загукальныя песні, вадзілі вакол упрыгожанага дрэва вясновыя карагоды, гулялі ў гульні, гатавалі на вогнішчы рытуальную ежу (яешня з сырам) і пітво (крупнік), гушкаліся на арэлях, спальвалі пудзіла зімы Марэну, пускалі плот з запаленым колам па вадзе.