Горвальскае выступленне сялян 1905 г.

0
1734
Горвальскае выступленне сялян 1905 г.

Горвальскае выступленне сялян адбылося ў снежні 1905 г. у мястэчку Горваль Рэчыцкага павета. У канцы 1905 па ініцыятыве агітатараў Усерасійскага сялянскага саюза братоў А. і Ц. Чысцікаў тут створана арганізацыя гэтага саюза. Яе чальцы – жыхары мястэчка Л. Козыр, М. і Р. Галашы раз’язджалі па вёсках і агітавалі сялян далучацца да саюза, аб’явщь усеагульную забастоўку.

19.12.1905 (1.1.1906) паліцыя зрабіла вобшук у Козыра. Пры арышце ён крыкнуў “Завіце народ!”. Вяскоўцы, ўзброеныя каламі вызвалілі яго. Пабіты ўраднік уцёк, а прыстаў схаваўся ў валасным праўленні.

Сяляне вырашылі трымаць у палоне прыстава, пакуль не будуць вызвалены арыштаваныя раней браты Чысцікі. 20 снежня ў валасное праўленне дастаўлены 2 схопленыя жандарскія унтэр-афіцэры. Ураднік, 2 гарадавыя, 10 паліцэйскіх, якія прыбылі з Рэчыцы, вызвалілі прыстава і жандараў, але сяляне пачалі склікаць народ. Да праўлення збеглася амаль усё насельніцтва мястэчка. Натоўп выгнаў урадніка з памагатымі за ваколіцы Горвалі. Мястэчка часова апынулася ў руках паўстанцаў.


Аўтар:
Захар Шыбека
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 177. Ст. 88-89.