Горад, спустошаны стэпавікамі (Гомель у XIII ст.)

0
783
Горад, спустошаны стэпавікамі (Гомель у XIII ст.)

З канца XII ст. назва Гомія амаль на 200 гадоў знікае са старонак летапісаў. Горад апынуўся ў баку ад асноўных падзей тагачаснай гісторыі, якая «пісалася» пераважна ў Кіеве, Полацку, Чарнігаве, Смаленску, Ноўгарадзе. Тым часам горад працягваў расці i багацець. Да пачатку XIII ст. яго плошча дасягнула 45-50 га, што па мерках усходнеславянскага сярэднявечча раўняецца тэрыторыі вельмі значнага гарадскога цэнтра са шматтысячным насельніцтвам (для параўнання: у сёлах звычайна пражывала не больш за 50-100 чалавек).

Чарнігаўскія князі, устрывожаныя ўскладненнем унутрыпалітычнай сітуацыі ў паўднёварускіх землях і, асабліва, з’яўленнем у стэпах новага ворага — манголаў, трымалі ў Гоміі моцны гарнізон прафесійных воінаў-дружыннікаў. Зброю мелі і шматлікія гараджане, заўсёды гатовыя выйсці на гарадскія сцены ў момант нападу во­рага. Фрагменты зброі, баявога рыштунку вершніка і каня — наканечнікі стрэл і дзідаў, шпоры, цуглі, часткі мячоў, шабляў і іншай клінковай зброі знойдзены археолагамі як ў «арыстакратычным» раёне горада дзядзінцы, так і ў звычайных дамах на пасадах і ў навакольным градзе.

Вучоныя не без падстаў лічаць, што выраб зброі быў адным з найбольш развітых рамёстваў у гарадах Старажытнай Русі. Гэтае рамяство патрабавала значных прафесійных навыкаў і спецыяльнай падрыхтоўкі майстроў. Вядома, што дабротная прадукцыя ўсходнеславянскіх збройнікаў карысталася попытам у суседніх народаў: Скандынавіі, усходняй Прыбалтыкі, качэўнікаў-полаўцаў. Выраб зброі, зразумела, трымаўся пад дзяржаўным кантролем і рэгламентаваўся вярхоўнай уладай. Тым не менш за ўсю гісторыю навуковых раскопак на тэрыторыі сучасных Беларусі, Украіны і заходняй Расіі вучоным не даводзілася сустракацца са збройнымі майстэрнямі IX-XIII ст. I гэта зразумела, бо такая вытворчасць развівалася далёка не ў кож­ным горадзе, а пераважна ў буйнейшых гарадскіх цэнтрах, дзе знаходзіліся асноўныя спажыўцы рэчаў узбраення — княжацкія дружыннікі.

Археолагі часта загадзя «бачаць» асноўныя вынікі будучых даследаванняў. Аднак самыя аптымістычныя прагнозы не маглі прадказаць адкрыццё летам 1987 г. у Гомелі унікальнай збройнай майстэрні першай паловы XIII ст.

Рэшткі гэтай майстэрні раскапаны ў зоне рэканструкцыі дзіцячага кінатэатра. Майстэрня размяшчалася ў адной з частак вялікага драўлянага дома. Яе падлога знаходзілася ніжэй узроўню старажытнай зямной паверхні. На земляной падлозе выяўлена спецыяльна абсталяванае агнішча вытворчага прызначэння. Сама пабудова згарэла ў час пажару, які каля 1239 г. ахапіў навакольны град летапіснага Гомія. Майстэрня аказалася заваленай разбуранымі рэшткамі сцен і даху, якія літаральна пахавалі вялікую колькасць разнастайных рэчаў (каля 1500 адзінак). Пад уздзеяннем моцнага агню рэчы спякліся. Большасць знаходак — дэталі наступальнай і абарончай зброі сярэдневяковых ратнікаў. Знаходкі адносяцца да ўзораў узбраення, якое было пашыраным у Еўропе ў XII-XIII ст. Тут выяўлены перакрыжаванні і навершы мячоў, шабель з каляровага і чорнага металу, наканечнікі ножнаў ад клінкоў. Ёсць і нечаканыя знаходкі — фраг­менты жалезнага наруча (ці наручаў). Такая дэталь экіпіроўкі цяжкаўзброеных ратнікаў ва ўсходнеславянскіх землях да XIV ст. сустракаецца надзвычай рэдка, а на Беларусі з’яўляецца першай знаходкай. Вядомы толькі адзін старажытнарускі аналаг — наруч з гарадзішча Дзявіч-Гара пад Каневам на Кіеўшчыне, які выяўлены ў пласце мангольскага пагрому 1240 г.

Знойдзены ў гэтай майстэрні і цікавыя фрагменты кальчужных палотнаў, складзеных з сотняў кольцаў. Пры тым амаль усе кавалкі належаць да розных кальчуг: дыяметр і форма кольцаў у асобных фрагмен­тах адрозніваюцца. Самыя вялікія па колькасці і самыя каштоўныя знаходкі — пласціны ад баявых панцыраў («броней дощатых» на тэрміналогіі летапісцаў). Яны ляжалі на падлозе майстэрні. Па прыблізных падліках іх больш за 1000 адзінак.

Колькасць пласцін у гомійскім комплексе значна перавышае тую, што неабходна для вырабу адной «броні» (па падліках вучоных, сярэдневяковыя панцыры складаліся прыблізна з 600 пласцін). Размяшчэнне знаходак у раскапанай пабудове выключав іх прыналежнасць да некалькіх скончаных вырабаў. З гэтага вынікае, што мы маем справу менавіта з наборам панцырных «запчастак». Пра гэта ж сведчыць і выключная тыпалагічная разнастайнасць знойдзеных у Гоміі пласцін. Калі прааналізаваць выявы самых розных «броней» на старажытнарускіх мініяцюрах, абразах i інш., то пасля гомійскіх знаходак становіцца зразумелым, што мастакі ХІІ-XIV ст. не выдумлялі ix, а асноўвалі малюнкі на рэальна існаваўшых разнастайных сістэмах панцырнай абароны ратнікаў.

Знойдзены там і бракаваныя, і неапрацаваныя пласціны. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што іх выраблялі на месцы. Такую ж думку пацвярджаюць і знойдзеныя там фраг­менты кальчуг і канчаткова неапрацаванае наверша мяча. Нарэшце, і гэта галоўны аргумент на карысць майстэрні, побач з «запчасткамі» зной­дзены і металаапрацоўчыя інструменты, сярод якіх каля 20 тачыльных камянёў, круг-тачыла, а таксама вялікі напільнік.

Гомійскі комплекс не мае роўных ва Усходняй Еўропе. Бо на ўсіх помніках Старажытнай Русі IX-XIII ст. знойдзена толькі некалькі сотняў пласцін ад «броней».

Гомельскія знаходкі не толькі кан­чаткова пацвярджаюць тэзіс аб мясцовай панцырнай вытворчасці ў нашчадкаў радзімічаў, але і ўдакладняюць уяўленні пра ўзровень спецыялізацыі старажытнага рамяства па вырабе зброі. Раней лічылася, што ад каваля да спажыўца-дружынніка зброя трапляла без пасрэднікаў. Новыя знаходкі дазваляюць вылучыць у ланцугу «каваль — спажывец» яшчэ і майстра, які выконваў толькі апрацоўку зброі і яе рамонт.

У сярэдзіне XIII ст. паўнакроўнае жыццё Гомія — багатага сярэдневяковага горада — рэзка абарвалася. Пільнае вывучэнне археалагічных знаходак, адзначаныя пры раскопках сляды моцнага пажару ў дзядзінцы і навакольным градзе, які знішчыў драўляную забудову і фартэцыі, пакінутыя ў дамах і майстэрнях каштоўныя рэчы, за якімі так і не прыйшлі іх гаспадары, сведчаць, што ў гісторыі Гомія адбыліся нейкія трагічныя падзеі. Знойдзеныя ў пласце разбурэння крапаснога вала наканечнікі мангольскіх стрэл не пакідаюць сумненняў, што горад падвергся нападу іншаземных заваёўнікаў. Няма сумненняў, што гаміяне абараняліся мужна, аднак ёсць падставы думаць, што крэпасць была ўзята штурмам, бо горад спа­лены, разрабаваны, большасць яго жыхароў забіта ці забрана ў палон.

Мангольскія наканечнікі стрэл, знойдзеныя ў 1988 г. у рове Гомійскай цытадэлі XIII ст.
Мангольскія наканечнікі стрэл, знойдзеныя ў 1988 г. у рове Гомійскай цытадэлі XIII ст.

Дакладную дату захопу чужаземцамі летапіснага Гомія вучоныя пакуль не ведаюць. Можна меркаваць, што гэта здарылася ў 1239 г., калі орды азіяцкіх прышэльцаў разрабавалі і спалілі стольны Чарнігаў. Як вядома, Гомій уваходзіў у склад чарнігаўскіх уладанняў, і яго аддзяляла ад сталіцы адлегласць каля 100 кіламетраў. Багаты горад-крэпасць, які стаяў на шляху захопнікаў на поўнач, падзяліў долю шматлікіх паўднёварускіх гарадоў і замкаў, растаптаных капытамі мангольскіх коней. Намёк на трагічныя падзеі ў гісторыі Гомія праглядаецца ў горкіх словах летапісца пра тое, што лёс Чарнігава напаткаў многія гарады чарнігаўскія.

Аўтар: А.А. Макушнікаў
Крыніца: Памяць. Гомель: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі: у 2-х кнігах / [уклад.: П. П. Рабянок]. — Мiнск: Белта, 1999. С. 35-37.