Да Дня ведаў мы распыталі шэраг вядомых і актыўных гомельцаў пра іх школьныя часы.
Сяргей Балахонаў, пісьменнік і паэт, настаўнік гісторыі, краязнаўца:

У першы клас я пайшоў 1 верасня 1984 г. Цэлы год перад тым адхадзіў у “нулёўку”, таму ўжо ведаў, што такое школа. Урачыстай лінейкі зусім не памятаю. А яна ж мусіла быць асаблівай, бо мы былі першымі першакласнікамі ў новапабудаванай школе, адкрыццё якой тады і адбывалася.
Памятаю, што неяк адразу пазнаёміўся з аднакласнікам, якога звалі Вадзім. А я такога імя раней не чуў. Таму калі мама спытала, як клічуць майго новага сябра, я сказаў, што яго клічуць, як Леніна – Уладзімір. Вельмі цьмяна памятаю, як нас прымалі ў акцябраты. Але дакладна зайздросціў тым, у каго акцябрацкі значок быў не металічны, а пластмасавы. Ён здаваўся больш прыгожым.
Неяк гойсалі з яшчэ адным аднакласнікам па калідорах. А дзённік настаўніца ўзяла толькі ў яго, дзе напісала заўвагу, што той насіўся па школе напару з Балахонавым.
Было раз, што сядзелі ў кабінеце адны і балбаталі. Цяжка паверыць, але хлопчыкі абмяркоўвалі варыянты дзеянняў на выпадак вайны са Злучанымі Штатамі. Адзін кляўся, што адразу ж запішацца на фронт добраахвотнікам.
Вясной 1985 г. была прэм’ера пяцісерыйнага фільма “Госця з будучыні”. Увесь клас знаходзіўся пад уражаннем ад прыгод Колі Герасімава, прыгажосці Алісы Селязнёвай і магчымасці падарожжаў у часе. Пра машыну часу гаварылі беспярэстанку. На ўроку працоўнага навучання я нават спрабаваў сабраць яе мадэль з металічнага канструктара.
Дзіўна, але суцэльнага ўспаміну пра школьныя гады ў мяне няма. Часам патрэбны нейкі артэфакт або зададзеная тэма, каб сёе-тое ўспомніць. Цудоўна памятаю школьны кінатэатр і нядзельныя паказы фільмаў. Помню дурныя забавы, якія былі і ў нашым класе, і наогул па школе. Прыкладам, цэлай эпідэміяй стала стральба абрывачкамі гумкі – усе хлапцы хадзілі і стралялі адзін у аднаго.
Класе ў восьмым, адзіны раз, калі настаўніца матэматыкі не прыйшла, а замены не было, мы рушылі на вуліцу (куды тэхнічкі глядзелі?), дзе акурат была выкапана траншэя для трубаправода. Скакалі праз яе. У мяне не атрымалася, і я саслізнуў уніз ды няўдала абапёрся рукамі, паламаўшы левую. Аднакласнікі потым зайздросцілі, што мяне вызвалілі надоўга ад фізкультуры. Але хтосьці казаў, што на маім месцы ён бы зламаў сабе правую руку, каб яшчэ можна было і не пісаць. З таго ж падлеткавага ўзросту памятаецца, як наш тагачасны класны кіраўнік, настаўнік нямецкай мовы, ушчуваў нас за беганіну адзін за адным і вельмі строгім голасам казаў: “Вам не надакучала гоцаць? Вам не абрыд гэты кіч, кеч, квач?”. Потым мы міжсобку жартавалі, што класны ведае назву нашай любімай гульні ў даганялкі на розных мовах свету.
Ларыса Шчыракова, журналістка:
Я вучылася ў школе № 2 ў Навабеліцы. Запомнілася мне нашае ўступленне ў піянеры. Прымалі ў палацы ў парку. Павязалі гальштук, мусіць быў яшчэ красавік, было не надта цёпла, але я расшпіліла паліто каб усе бачылі мой гальштук. Я таксама хацела стаць камсамолкай і нават вывучала статут.
Па працэсе ўсё было нудна і не цікава. Толькі падчас перабудовы быў у нас малады настаўнік Брацішоў. Вылучаўся сваёй актыўнасцю, распавядаў нам пра дэмакратыю. У старэйшых часах чыталі шмат забароненай пры саветах літаратуры.
Алесь Плотка, паэт, шоўмэн і вядоўца, каардынатар культурніцкіх праектаў:
Першага дня школьнага як такога я не меў — пачынаў барацьбу з гранітам у Беліцы ў першым класе пры дзіцячым садку. Потым ужо цягам першага класа быў перакінуты на “квадрат” і 58-ю школу, дзе экстрана давучваў англійскую мову.
Школа была на ускраіне горада — раён на раён, вогчнішчы, стралялкі серныя і усё такое.

Два нефармалы ў нас было патлатых у школе — я і Дрон, малодшы брат вакаліста гомельскага гурта “Ацетилен”. Двум патлатым заўжды лягчэй у дзевяностых на ўскраіне, чым аднаму. Аднойчы быў у іх у гасцях і пабачыў абсалютна футурыстычную прыладу ат прусакоў. На квадрат з дрэва набітыя па контуры два рады тонкай сталі, яны пад напругай, падключаныя да рызеткі. У цэнтры — ежа і калі прусак бяжыць да ежы, ён замыкае лапкамі электрычнасць паміж пласцінамі і яму кірдык. Бывае, ўзгадваю і думаю, што ў людзей усё ў жыцці менавіта так…
Аднойчы сусед па парце Ігар гуляўся з цыркулем насупраць спіны Улляны, якая сядзела на парце перад намі. Моцным упэўненым рухам я, як правакатар, дапамог цыркулю патрапіць у мяккую дзявочую спіну. Так Ігару быў потым пякельны разнос, а цяпер мы бадай лепшыя сябры з усіх з той школы. Бачымся не часта, але ж на эмацыйным узроўні.
Марыя Булавінская, гісторык, краязнаўца, журналістка:
Успаміны аб малодшай школе ў мяне шчыльна звязаны з маёй настаўніцай. Тады я навучалася ў вельмі перагружанай дзецьмі 59 школе, бо ў раёне на той момант больш не было сярэдніх навучальных устаноў.
У нашай настаўніцы была асаблівая методыка выхавання і навучання. Напрыклад за кепскае веданне прадмета ад яе можна было атрымаць указкай па галаве ці аналагічны ўдар кнігай. Мне ад яе дасталася толькі адзін раз, пасля чаго мая маці адразу ж прыйшла ў школу разбірацца з ёй.
Але найбольш запомніўся такі яе спецыфічны педагагічны прыём: яна падзяліла дзяцей на «разумных», «сярэдніх» і «тупых».
«Разумныя» сядзелі ў першым шэрагу ўздоўж акна, у другім – «сярэднія», а ўздоўж сцяны сядзелі «тупыя». Я заняла ганаровае месца «сярэдняка». Але па сутнасці ўсе, хто сядзеў не ў першым шэрагу, былі няўдачнікамі і прыраўноўваліся да «тупых». Так усе і сябравалі паміж сабой «па розуме». Па правілах перайсці ў разрад «разумных» можна было, але я такіх выпадкаў не памятаю.
Аднойчы мы паехалі ў санаторый ля Нарачы. «Тупыя» жылі ў пакоі з «тупымі», «разумныя» з «разумнымі». Неяк я прачнулася раніцай, выйшла на калідор і даведваюся, што ў корпусе адныя «тупыя» і ніводнага «разумнага». Куды ж падзяваліся «разумныя»? Мы – дзеці тады добра правялі час, бегаючы амаль бескантрольныя па ўсім корпусе. Ужо потым я даведалася, што ўсе «разумныя» паехалі з настаўніцай на экскурсію ў Полацк і мне было бязмежна крыўдна, бо я ўжо тады цікавілася гісторыяй. Я зразумела, што не хачу быць ні з «тупымі», ні з «разумнымі» і што гэты свет несправядлівы.
Зараз канешне ўзгадваю гэтыя моманты з усмешкай. Разумею, што ўсё гэта недапушчальна, прычым нашыя бацькі падазравалі што штосьці не так, але пра ўсё даведаліся не адразу.