Гомельскія ўлады парэкамендавалі пашыраць выкарыстанне беларускай мовы ў садках і школах вобласці

0
1335
беларуская мова ў Гомельскай вобласці і школе

Галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкаму накіравала ў падначаленыя структуры інфармацыю аб пашырэнні выкарыстання беларускай мовы ў садках і школах рэгіёну — «для разгляду і выкарыстання ў дзейнасці».

Свабодзе стаў вядомы змест гэтага дакумента. Мы дазналіся, чыя гэта ініцыятыва і ці будзе яна мець хоць які працяг.

У лісце прыводзяцца звесткі пра стан беларускамоўнай адукацыі, сабраныя абласным інстытутам развіцця адукацыі.

Што з беларускай мовай у дзіцячых садках Гомельшчыны

  • У вобласці 664 дзіцячыя садкі, 209 з іх (31,5%) — з беларускай мовай навучання. Аднак у абсалютных лічбах на беларускай мове выхоўваюцца толькі 6,8% дашкольнікаў. Гэта можа тлумачыцца малымі групамі дзяцей у вясковых садках і вялікімі — у райцэнтрах.

беларуская мова ў Гомельскай вобласці і школе

  • У параўнанні з 2015/2016 навучальным годам сёлета на 6 зменшылася колькасць садкоў з беларускай мовай навучання і колькасць выхаванцаў у гэтых установах (-279). Значнае зніжэнне колькасці выхаванцаў беларускамоўных групаў адзначана ў Брагінскім (-12%) і Кармянскім (-10,4%) раёнах.
  • Пры аднолькавай колькасці ўстаноў з беларускай мовай навучання ў 2015/2016 і 2018/2019 навучальных гадах назіраецца зніжэнне колькасці выхаванцаў, для якіх навучальны працэс арганізаваны на беларускай мове, ва ўсіх раёнах вобласці, апроч Добрускага.
  • Новая ўстанова дашкольнай адукацыі з беларускай мовай навучання адкрыта ў Гомлі. Цяпер тут два беларускамоўныя садкі са 127. Колькасць выхаванцаў садкоў з беларускай мовай навучання павялічылася на 0,1%.

Што з беларускай мовай у школах Гомельшчыны

  • У вобласці 529 школ, у 231 з іх (43,6%) навучальны працэс арганізаваны на беларускай мове. Аднак у абсалютных лічбах па-беларуску вучацца толькі 11,03% дзяцей.

беларуская мова ў Гомельскай вобласці і школе

  • У параўнанні з 2015/2016 навучальным годам колькасць школаў з беларускай мовай навучання зменшылася на 12, колькасць вучняў у іх — на 2624 чалавекі.
  • Зніжэнне колькасці вучняў ва ўстановах з беларускай мовай навучання назіраецца ва ўсіх раёнах вобласьці, апроч Калінкавіцкага.
  • Пры адсутнасці ў Гомлі ўстаноў з беларускай мовай навучання ў гімназіі № 36 імя Мележа існуюць тры беларускамоўныя класы (першы, другі і трэці) з 63 вучнямі.

беларуская мова ў Гомельскай вобласці і школе

Чаму «Гісторыю Беларусі» выкладаюць па-расейску і што з гэтым рабіць?

  • Колькасць настаўнікаў, якія выкладаюць «Геаграфію Беларусі» на беларускай мове, павялічылася з 22% у 2016 годзе да 39% у 2018-м.
  • Колькасць настаўнікаў, якія выкладаюць «Гісторыю Беларусі» на беларускай мове, у параўнанні з 2016 годам паменшылася ўдвая (з 65,5% да 31,5%).
  • У школах Гомля не вывучаюць гэтыя прадметы на роднай мове.

Чаму ж «Гісторыю Беларусі» ў асноўным выкладаюць па-расейску? Па выніках апытання настаўнікаў гісторыі і метадыстаў раённых аддзелаў адукацыі ўлады вызначылі наступныя прычыны:

  • нізкі ўзровень валодання беларускай мовай настаўнікамі-прадметнікамі;
    адсутнасць ва ўстановах падручнікаў на беларускай мове;
  • недастатковы ўзровень слоўнікавага запасу вучняў, які не дазваляе ў поўнай меры засвойваць вучэбны матэрыял;
  • недахоп вучэбных дапаможнікаў, вучэбных выданняў на беларускай мове для работы ў пазаўрочны час па вучэбным прадмеце.

У інфармацыйным лісце Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкаму паведамляецца, што летась абласны інстытут адукацыі арганізаваў павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў геаграфіі і гісторыі Беларусі з правядзеннем заняткаў па-беларуску. У 2019 годзе «праз адсутнасць заявак» такое павышэнне кваліфікацыі не запланаванае.

Беларускую мову настаўнікі выкарыстоўваюць выключна на ўроках

Афіцыйнае даследаванне паказала, што ў большасці ўстаноў з расейскай мовай навучання беларуская мова выкарыстоўваецца толькі пры правядзенні вучэбных і дадатковых заняткаў.

беларуская мова ў Гомельскай вобласці і школе

  • На перапынках, пры арганізацыі выхаваўчай работы настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры выкарыстоўваецца расейская мова.
  • Мерапрыемствы па мове, гісторыі і традыцыях беларусаў праводзяцца ў асноўным у межах тыдня беларускай мовы і літаратуры, міжнароднага Дня роднай мовы.
  • Структура і змест урокаў беларускай мовы і літаратуры не адпавядае сучасным патрабаванням: адсутнічаюць тэкстацэнтрычны, лінгвакультуралагічны падыходы, не выкарыстоўваюцца прынцыпы дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання, кантрольна-ацэначная дзейнасць зводзіцца да выстаўлення адзнак без каментарыяў.

Што інстытут разьвіцьця адукацыі рэкамэндуе аддзелам адукацыі?

  • Забяспечыць пераемнасць мовы навучання пры аптымізацыі ўстаноў дашкольнай і агульнай адукацыі і пераводзе навучэнцаў у іншыя ўстановы.
  • Спрыяць фармаванню беларускамоўных групаў пры адкрыцці груп, устаноў дашкольнай адукацыі.
  • Разгледзець пытанне адкрыцця беларускамоўных групаў у садках для забеспячэння падрыхтоўкі і пераемнасці пры паступленні дзяцей у першыя класы школаў з беларускай мовай навучання.
План разгляду пытанняў папулярызацыі і пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства
План разгляду пытанняў папулярызацыі і пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства
  • Прадугледжваць улік колькасці падручнікаў і дапаможнікаў, якія ёсць у раёне, пры пераходзе ўстаноў на другую мову навучання.
  • Стварыць умовы для ўдасканалення прафесійнага майстэрства настаўнікаў геаграфіі і гісторыі Беларусі, якія выкладаюць прадметы на беларускай мове.
  • Арганізаваць навучанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры спосабам выкарыстання абласнога віртуальнага рэсурсу на беларускай мове «Белы ветразь».
  • Забяспечыць слоўнікамі школы ў колькасці, неабходнай для якаснай работы.

Можа, ёсць нешта добрае?

Беларуская мова ў школе

  • У параўнанні з 2016 годам на 70 павялічылася колькасць устаноў, дзе на беларускай мове аформлена стэндавая інфармацыя, створаны этнаграфічныя куткі і музейныя пакоі.
  • З 49 у 2016 годзе да 129 у 2018 павялічылася колькасць устаноў, у якіх дакументацыя і стэндавая інфармацыя аформлены і вядуцца на беларускай мове ў поўным аб’ёме.
  • 56 устаноў адукацыі (у 2016 годзе — 6) вядуць сайты на беларускай мове.

Мясцовыя ўлады: «Нейкіх пэўных звышзахадаў рабіцца не будзе»

Начальніца аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкаму Наталля Сапрыка сказала карэспандэнту Свабоды, што інфармацыя аб пашырэнні выкарыстання беларускай мовы падрыхтавана на ініцыятыву ўпраўлення.

«Гэта не цэнтралізавана, хоць існуе і агульны план, праводзіцца такая праца. Але гэта наш унутраны дакумент. Мы перыядычна глядзім усе кірункі дзейнасці, каб бачыць, як развіваецца сістэма адукацыі», — сказала чыноўніца.

У дакуменце гаворыцца пра рэкамендацыі, але ці будуць зроблены канкрэтныя крокі для пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў адукацыйнай сферы?

«Нейкіх пэўных звышзахадаў рабіцца ня будзе. Гэтыя працэсы натуральныя для кожнай установы адукацыі. Гэта агульны аналіз па вобласці. Гэта інфармацыя для роздуму, для прыняцця мер у кожнай канкрэтнай установе, дзе неабходна. А нейкія глабальныя змены могуць адбывацца толькі на дзяржаўным узроўні», — сказала Наталля Сапрыка.

Яна ня бачыць вялікіх праблем з беларускай мовай у рэгіёне.

«Вучэбныя праграмы выконваюцца, мерапрыемствы праводзяцца. Беларуская і расейская — гэта дзве дзяржаўныя мовы, якія адна адной не перашкаджаюць і не супярэчаць. Я ня бачу нейкіх вялікіх праблем. Калі вы бачылі сам дакумент, то там усё добра. Ёсць плюсы і мінусы. Але нічога такога, што б мяне турбавала, каб трэба было прымаць кардынальныя меры, няма».

Мінадукацыі: «Указанняў ад нас не было»

Прэсавая сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая сказала карэспандэнту Свабоды, што «інфармацыя аб пашырэнні выкарыстання беларускай мовы ў садках і школах» — гэта ініцыятыва Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкаму.

«Такіх указанняў ад міністэрства не было. У нас беларуская мова і літаратура вывучаюцца ў рамках вучэбнага прадмета і праграмы. Нічога новага няма», — сказала яна.

Таварыства беларускай мовы: «У Гомлі па-ранейшаму адсутнічае магчымасць навучання па-беларуску»

Старшыня Гомельскай гарадской філіі «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» Алеся Аўласевіч лічыць, што нарэшце ўлады прызналі тыя праблемы, пытанні пра якія гомельская філія ТБМ падымае гадамі.

Алеся Аўласевіч

«Мы даказалі, што попыт ёсць, правялі сваё даследаванне, па выніках якога было відавочна, што па розных падліках да 20% дзяцей маглі б навучацца па-беларуску, каб ім былі створаныя ўмовы. Гэтыя лічбы сталі для ўладаў нечаканасцю. Пасля гэтага з’явіўся клас у гімназіі № 36, чыноўнікі паабяцалі скарыстаць прапанаваны намі механізм асобнага ўліку тых, хто хацеў бы навучацца па-беларуску, для камплектацыі групаў у садках, які невядома, ці працуе сёння», — пракаментавала Алеся Аўласевіч.

Яна лічыць, што колькасць дзён роднай мовы, тыдняў, адмысловыя акцыі — усё гэта маскуе асноўную праблему.

«У Гомлі адсутнічае магчымасць навучацца па-беларуску! Так, ёсць тры класы, але вам вельмі пашэнціць, калі вы з таго ж раёну, што і гімназія № 36. Так, ёсць адна група ў садку, але набіраецца яна раз на чатыры гады», — зазначыла старшыня гарадской філіі ТБМ.

Алеся Аўласевіч мяркуе, што для канкрэтнага вырашэння праблемы трэба:

  • загад зверху і наяўнасць кадраў;
  • настаўнікі, гатовыя выкладаць па-беларуску фізіку, англійскую мову, працоўнае навучанне, а значыць, валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі на адпаведным узроўні;
  • у навучальных установах можна ўвесці квоту на беларускамоўных настаўнікаў з адпаведнай сертыфікацыяй — 50%;
  • замяніць хаця б кожны дзясяты білборд у Гомлі «Я люблю Беларусь» на «Вядзецца набор у беларускамоўную групу садку №…» з нумарам тэлефона;

«Больш увагі, кантролю як з боку грамадства, так і з боку ўлады над сітуацыяй — і ўсё ў нас атрымаецца», — упэўнена старшыня гарадской філіі ТБМ.