Гомельскія студэнцкія зямляцтвы

0
27
Гомельскія студэнцкія зямляцтвы

Гомельскія студэнцкія зямляцтвы існавалі ў 1920-я гг. ў Мінску, Горы-Горках, Смаленску, Ленінградзе (Петраградзе), Маскве і іншых гарадах БССР і РСФСР.  Ствараліся студэнтамі-ураджэнцамі Гомеля і Гомельскай губерні з мэтай арганізацыі культурна-асветніцкай работы, матэрыяльнага забеспячэння і ўзаемадапамогі для землякоў. У 1920-1922 працавалі самастойна. З 1923 кантраляваліся партыйнымі і камсамольскімі органамі навучальных устаноў і Гомельскім губкамам РКП(б). У час летніх канікулаў гомельскія партыйныя і камсамольскія органы запрашалі сяброў зямляцтваў на практыку ў паветы губерні, ладзілі для іх забаўляльныя і культурна-асветніцкія імпрэзы ў Гомелі. У 1924 Гомельскі губкам РКП(б) заснаваў губернскую  стыпендыяльную камісію, якая забяспечвала зямляцтвы разавымі грашовымі датацыямі і персанальнымі стыпендыямі, дасылала ім часопіс “Ивестия Гомельского губкома КПР” і іншую мясцовую літаратуру. 14.06.1925 у Гомелі адбылося агульнае паседжанне  прадстаўнікоў гомельскіх зямляцтваў Ленінграда, Масквы і Смаленска.

Зямляцтва ў Мінску. Заснавана восенню 1921 студэнтамі БДУ і іншых вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў Мінска. Кіраўнікі П. Майсалаў, I. Чмыхаў, Хурсік. У 1924 паставіла ў БДУ беларускую п’есу “Дурныя пастыры”. Шэфствавала над беларускай школай с. Яроміна Гомельскага павета. У 1925 чальцы зямляцтва заснавалі навуковы гурток па вывучэнні Гомельшчыны пры Мінскім сельска-гаспадарчым інстытуце. У пачатку 1927 прыняло рэзалюцыю з ухвалай далучэння Гомельскйй губерні да БССР.  Сябрамі Мінскага зямляцтва былі З. Снежка, вучоны і педагог С. Юркевіч. Пасля ўз’яднання Гомельскай губерні з БССР многія сябры гомельскіх зямляцтваў далучыліся да беларускіх студэнцкіх зямляцтваў.

Зямляцтва пры Горы-Горацкім сельска-гаспадарчым інстытуце (ГСГІ). Існавала ў 1921-1927 гг. Атрымлівала грашовыя субсідыі ад гомельскіх губернскіх гаспадарчых  органаў. Супрацоўнічала з прафсаюзнымі органамі ГСГІ.

Зямляцтва ў Ленінградзе. Існавала ў пачатку 1920-х г. — 1924 і з 1925, аб’ядноўвала каля 100 студэнтаў. Кіраўнік — Смаль. Працы зямляцтва перашкаджаў Ленінградскі абкам РКП(б). На агульным сходзе 28.09.1924 прынята рашэнне, што ў зямляцтва могуць уваходзіць толькі чальцы РКП(б).

Зямляцтва ў Маскве аб’ядноўвала каля 80 студэнтаў. У 1923-1924 частка сяброў далучылася да Беларускага студэнцкага зямляцтва ў Маскве. Ладзілі сустрэчы з адказнымі супрацоўнікамі Гомельскай губерні, кантактавалі з губернскімі партыйнымі,  камсамольскімі, прафсаюзнымі арганізацыямі, з губернскай стыпендыяльнай камісіяй.

Зямляцтва ў Смаленску. Існавала да лістапада 1927 г., аб ядноўвала каля 60 чалавек,  пераважна студэнтаў Смаленскага ўніверсітэта. Кіраўнік — Гарахоўскі.


Аўтар:
Юрка Васілеўскі
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 81.