Гомельскія пісьменнікі падарылі больш за 800 кніг згарэлай бібліятэцы ў Клімаўцы

0
265
Кнігі ў дар гомельскія пісьменнікі перадалі бібліятэцы Клімаўкі

Больш за 800 кніг гомельскія пісьменнікі перадалі ў дар пацярпелай ад пажару бібліятэцы ў вёсцы Клімаўка Гомельскага раёна. Акцыя ў падтрымку ўстановы працягнецца, паведаміў старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч.

Перадача кніг стала перадкалядным падарункам для ўсіх жыхароў населенага пункта. У пачатку кастрычніка ў бібліятэцы вёскі Клімаўка агнём было пашкоджана каля 80% кніжнага фонду. Цалкам згарэлі кнігі дзіцячай і праваслаўнай літаратуры. У падтрымку ўстановы гомельскія пісьменнікі аб’явілі акцыю «Кнігі для Клімаўскай бібліятэкі». На працягу двух месяцаў да яе падключыліся больш за 30 майстроў пяра паўднёва-ўсходняга рэгіёну. Некаторыя з вылучылі выданні з сваёй асабістай бібліятэкі, перадалі і новыя. Гэта мастацкія творы, краязнаўчая, класічная і іншая літаратура. На аўтарскіх кнігах пісьменнікі пакінулі аўтографы.

«Вельмі рада кожнай кнізе, упэўненая, што ўсе яны знойдуць сваіх чытачоў. Удзячная Уладзімір Гаўрылавіч і ўсім, хто не застаўся абыякавым да нашай бяды. На кожным экзэмпляры будзе паказана, ад каго і пры якіх абставінах гэтая кніга знайшла месца ў нашай бібліятэцы», — сказала загадчыца Клімаўскай сельскай бібліятэкі Гомельскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Антаніна Жыгалава. Яна таксама адзначыла, што адчуваецца падтрымка кіраўніцтва раёна і мясцовых жыхароў. Пра няшчасце бібліятэкі пачулі і за межамі Беларусі. «Кнігі прапануюць нават жыхары Чэлябінска і Ташкента, праўда, паўстае пытанне дастаўкі», — дадала яна.

Зараз бібліятэка туліцца ў адным з памяшканняў мясцовага дома культуры. Ідзе аднаўленне памяшкання, рэстаўрацыя кніг. Абнаўленне фондаў працягваецца.

Да лютага-сакавіка члены рэгіянальнага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі плануюць сабраць як мінімум столькі ж кніг. Да гэтага часу літаратурная супольнасць вобласці рыхтуе і свята бібліятэкі для жыхароў Клімаўкі.

Таксама тэма была агучана на прэзідыуме Саюза пісьменнікаў Беларусі. Да акцыі далучыліся ўсе рэгіёны рэспублікі. Адгукнуўся на заклік і Беларускі Дом друку, які фармуе асобны падарунак. Кола жадаючых дапамагчы бібліятэцы пашыраецца.