Гомельскія кірмашы — штогадовыя кірмашы ў Гомелі ў ХІХ — пач ХХ ст. З канца ХІХ ст. ў Гомелі вядомы 2 кірмашы Васільеўскі (праводзіўся ў пачачатку студзеня) і Узвіжанскі (у сярэдзіне верасня). У пачатку 1840-х гадоў узнік трэці кірмаш — Троіцкі (у траўні). Узвіжанскі кірмаш доўжыўся 4-7 дзён, Васільеўскі і Троіцкі — па тыдні.
На Гомельскія кірмашы прыязджалі купцы з Масквы, Тулы, Пецярбурга, Рыгі, Кіева, Ніжняга Ноўгарада, Варшавы, Лодзі і іншых гарадоў. З Расіі прывозілі шарсцяныя, баваўняныя, ільняныя, шаўковыя тканіны, футра, збожжа, скуры, металы і металічныя вырабы, шкло, рыбу, мыла, цукар, з-за мяжы — перац, шафран, тытунь, карыцу, валоскі гарэх, з Украіны — коней і іншую жывёлу.
Гомельскія кірмашы ўваходзілі ў спіс 124 найбуйнейшых (з гандлёвым абаротам больш за 50-100 тыс. руб) кірмашоў Расійскай імперыі.У 1840-я гады на кірмашы дастаўлялі тавараў у сярэднім на 370 тыс руб., рэалізоўвалі на 225 тыс. (61 %), у 1850-я гады адпаведна на 420 і 240 тыс (57%). У 1880-я гады гандлёвы абарот Васільеўскага кірмашу складаў 400-450 тыс. руб, Троіцкага — 160-200 тыс., Узвіжанскага — 50-75 тыс. рублей. На пачатку ХХ ст. ператварыліся ў спецыяльныя конскія кірмашы (прадавалася таксама іншая жывёла, збожжа).
Літаратура
- Дембовецкий А.С. Опыт описания Могилёвской губернии, Кн. 2, Могилёв, 1884.
- Живописная Россия Т.3, ч. 1-2 Спб., М., 1882, Россия,
- Полное геогр. описание нашего отечества Т. 9, Спб., 1905.
Аўтар: Вячаслаў Швед
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 81.