На працягу 1866-1918 гг. у Гомелі існавала некалькі гімназій – мужчынскіх, жаночых, якія падпарадкоўваліся віленскай навучальнай акрузе.
У 1866 г. на базе дваранскага трохкласнага вучылішча была адкрыта мужчынская 4-класная прагімназія. У 1877 г. яна пераўтворана ў 6-класную прагімназію, а ў 1897 г. – у поўную 8-класную гімназію (1-4-ы класы паралельныя) з падрыхтоўчым класам. У 1898 г. паводле праекта архітэктара С.Шабунеўскага пастаўлены новы будынак гімназіі. У 1909 г. у ёй быў 471 навучэнец, пераважна дзеці мяшчан, дваран і чыноўнікаў, заможных сялян. Утрымлівалася гімназія за кошт дзяржаўных сродкаў (28,3 тыс. рублёў), платы за навучанне (24,6 тыс. рублёў). Дырэктар В.В.Роменскі. Працавала каля 30 выкладчыкаў: М.В.Прашлякоў (руская мова), А.Ю.Шумейка (лацінская мова), Р.А.Кюн (матэматыка і фізіка), К.А.Вялецкі (прыродазнаўства) і інш.
1.7.1882 г. на базе жаночага пансіёна заснавана 4-класная жаночая прагімназія. У 1897-1899 гг. тут адкрыты 5-7-ы класы, у 1909 г. – 8-ы педагагічны клас (з верасня 1917 г. – агульнаадукацыйны). У 1899 г. з наёмнага памяшканння яна пераведзена ў стары будынак мужчынскай гімназіі. Мела падрыхтоўчы і паралельныя класы. Штогод навучалася больш за 500 дзяўчынак, на 1.1.1917 г. было 885 вучаніц (у тым ліку дзяцей дваран і чыноўнікаў 276, мяшчан 251, сялян 253 і інш.), 19 класаў. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне (92 рублі 85 капеек у год за вучаніцу), сродкаў дзяржаўных, гарадскога бюджэту, таварыства дапамогі бедным навучэнцам, заможных асоб. Дырэктар В.В. Роменскі, галоўная наглядчыца В.М. фон Цыглер. У гімназіі працавала каля 30 выкладчыкаў: К.А. Вялецкі (матэматыка і прыродазнаўства), Н.А. Красціянава (руская мова), С.Л. Чачкоўскі (руская мова і гісторыя) і інш.
Прыватная жаночая гімназія В.А. Копіш была адкрыта ў 1907 г. таксама як 4-класная прагімназія. 28.4.1908 г. яна рэарганізавана ў 7-класную гімназію. Загадчык вучэбнай часткі – І.П. Максімаў, у 1911 г. тут працавала 23 выкладчыкі, было 349 вучаніц.
У 1907 г. у складзе 8 класаў была адкрыта прыватная яўрэйская мужчынская гімназія А.Е. Ратнера, у 1911 г. у ёй было 27 выкладчыкаў, 255 дзяцей, пераважна мяшчан і гандляроў.
Прыватная жаночая навучальная ўстанова (з правамі гімназіі) Л.С. Абалонскай была заснавана ў 1915 г. як 7-класная, потым адкрыты 8-ы клас.
Прыватная жаночая прагімназія М.А. Табалевіч-Федароўскай была заснавана ў 1908 г. як жаночае вучылішча. У 1911 г . яна пераўтворана ў 7-класную прагімназію. Мела дзіцячы сад, каб “даць дзецям правільную падрыхтоўку для паступлення ў сярэднія навучальныя ўстановы” (выкладаліся тэорыя і практыка замежных моў, гімнастыка і танцы).
Працавалі таксама жаночыя габрэйскія прагімназіі М.А. Эльяшава і А.Я. Сыркінай. Для атрымання звання настаўніцы рукадзелля ў жаночых гімназіях і прагімназіях адкрываліся курсы, на якіх выкладаліся агульнае і мастацкае рукадзелле, кройка і шыццё бялізны і сукенак, прыкладное чарчэнне, маляванне, методыка рукадзелля, звесткі аб матэрыялах і прыладах, неабходных для рукадзелля, рамесніцкае рахункаводства, парфесійная гігіена, аказанне першай дапамогі, практычныя ўрокі. Вялікую матэрыяльную дапамогу гімназіям горада аказвалі князі Ф.І. і І.І. Паскевічы. Пры іх удзеле ў 1879 г. адкрыта Таварыства дапамогі навучэнцам, якое матэрыяльна падтрымлівала бедных вучняў. Так, у 1910 г. княгіня І.І. Паскевіч дала ахвяраванні па 570 рублёў мужчынскай і жаночай гімназіям, у 1916 г. таварыства вылучыла 1055 рублёў 30 бедным вучаніцам жаночай гімназіі. Сярод выпускнікоў мужчынскай гімназіі двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій авіяканструктар ваенных самалётаў П.В. Сухі, праватай мужчынскай габрэйскай гімназіі – псіхолаг прафесар Л.С. Выгоцкі.
Аўтар: Г.Р. Сянькевіч
Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кнігах. Кн. 1-я. Мн., 1998. Ст. 215-217