Гомельскі цэнтральны лагер ваеннапалонных

0
190
Гомельскі цэнтральны лагер ваеннапалонных

Гомельскі цэнтральны лагер ваеннапалонных, дулаг (перасыльны лагер) — 121. Існаваў у верасні 1941- кастрычніку 1943 у час акупацыі Гомеля нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Створаны на месцы былой дыслакацыі кавалерыйскай дывізіі Чырвонай Арміі і на тэрыторыі завода “Рухавік рэвалюцыі”. У сярэднім у лагеры было 30-35 тысяч ваеннапалонных, часам да 60 тысяч. Вязні ўтрымліваліся ў 7 драўляных бараках (былых стайнях). Харчавая норма складала 400 г. эрзацхлеба і 1,5 л. супу ў суткі. Зімой 1941-42 у лагеры лютавалі эпідэміі тыфу і іншых захворванняў, штодзённа памірала каля 1000 чалавек.

Вясной 1942 акупацыйная адміністрацыя склала картатэку сталага кантынгенту палонных, палепшыла работу шпіталя, лазні, норму харчавання павялічыла да 500-600 г. хлеба і 2 л. Супу. Штодзённа 2 тысячы ваеннапалонных выводзілі на работы па-за лагерам — на чыгунку, будаўніцтва і інш. Унутраны рэжым стаў больш жорсткі. Спецслужбы Германіі пачалі вярбоўку ваеннапалонных для дыверсійнай дзейнасці. Падрыхтаваны спісы палонных па нацыянальнай прыналежнасці, за выключэннем рускіх. Частка гэтых вязняў была накіравана ў нацыянальныя легіёны, што фармаваліся германскім камандаваннем. За час існавання лагера загінула 100 тысяч ваеннапалонных, якія былі пахаваны ў ямах на тэрыторыі лагера, каля элеватара, у супрацьтанкавых равах, на 201-м км чыгункі Гомель-Жлобін; частка трупаў спалена ў спецыяльных печах.

10.10.1943 у сувязі з эвакуацыяй лагера адміністрацыя перадала ў гарадскую бальніцу 600 хворых і параненых ваеннапалонных. Будынкі лагера разам з часткай ваеннапалонных былі ўзарваны.


Аўтар:
Андрэй Градзіцкі
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 79-80.