Гомельскі станкабудаўнічы завод імя С.М. Кірава

0
17
Гомельскі станкабудаўнічы завод імя Кірава

Гомельскі станкабудаўнічы завод імя С.М. Кірава. Заснаваны ў 1885 як чыгуналіцейная рамонтна-механічная майстэрня, з 1911 завод вырабляў трансмісіі і часткі машын для рамонту вінакурных, лесапільных, цукровых заводаў, млыноў і параходаў.

У 1914-1915 працавала больш за 100 чалавек, вырабляліся гранаты, снарады і інш. З 1920 завод называўся “Трэці Савецкі”, з 1923 — “Пралетарый”, у 1934 прысвоена імя Кірава.

У 1925-1930 на заводзе наладжана арматурная вытворчасць, кацельная, металаканструкцый, розных будаўнічых механізмаў, паравых помпаў, з 1934 — металарэзных станкоў.

У час Вялікай Айчыннай вайны абсталяванне завода эвакуіравана ў Свярдлоўск.Аднаўленне ў Гомелі пачалося ў 1943. З 1947 завод вырабляў папярочна-стругальныя станкі, з 1951-1953 — больш складаныя адмысловыя станкі. У 1960-1970 выпускаліся таксама фрэзерна-адразныя, абразіўна-адразныя станкі і аўтаматы, станкі спецыяльнага прызначэння. З 1981 завод спецыялізуецца на выпуску высокапрадукцыйных свідравальна-фрэзерна-расточных станкоў з лічбавым праграмавым кіраваннем тыпу “апрацоўчы цэнтр” і на іх базе гібкіх вытворчых модуляў. Станкі экспартуюцца (1993) ў Германію, Італію і іншыя краіны.


Крыніца:
Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 79.