Гомельскі «Союз белорусской демократии » — апошні (?) эпігон «западно-русизма”

0
457
Западно-русизм

Падзеі лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі ў сакавіку 1917г. дасягнулі Мінска, а ў красавіку актывізавалі палітычнае жыццё і Гомеля. Адна з праяў гэтай актывізацыі — «першы сход пражываючых у Гомелі беларусаў”, што адбыўся 23 красавіка 1917 г. у памяшканні Упраўлення Палескіх чыгунак. Каля дзвюхсот чалавек, што сышліся на сход, адпаведна настроям часу вырашылі стварыць «Временный Белорусский Демократический Комитет”, які 18 чэрвеня быў ператвораны ў «Союз Белорусской Демократии». Можна меркаваць, што лідары СБД (П. Каранкевіч, Д. Гулевіч, К. Гушча, В. Васіленка, Ф. Шышко ды інш.) палітычна былі досыць актыўнымі. На працягу трох месяцаў (з канца красавіка да жніўня 1917 года) яны распрацавалі праграму, правялі чатыры агульныя сходы, дваццаць пасяджэнняў Камітэта СБД, стварылі сваю філію ў Маладзечне, прынялі ўдзел у дзвюх нарадах прадстаўнікоў беларускіх арганізацый (25 чэрвеня ў Віцебску і 4-6 ліпеня ў Петраградзе), з аўтарствам Каранкевіча паспелі выдаць брашуру «Белоруссы» з падрабязным аглядам сваёй дзейнасці.

З моманту свайго ўзнікнення СБД абвясціў аб «марнасці аўтаноміі» і аб сваім намеры «усяляк супрацьдзейнічаць імкненню некаторых беларусаў да аўтаноміі», супрацьпаставіў сябе беларускаму нацыянальна-вызваленчаму руху. Галоўным аб’ектам гэтага супрацьдзеяння стаў Беларускі Нацыянальны Камітэт. Прапанова прадстаўніка БНК К. Станкевіча «стаяць за аўтаномію Беларусі» на сходзе СБД 26 траўня 1917 года была катэгарычна адхілена, а мерапрыемствы БНК па правядзенні «дзён свабоднай Бвларусі» 24-25 чэрвеня кіраўніцтва СБД заклікала байкатаваць. Адкрытая канфрантацыя з прыхільнікамі незалежнасці Беларусі і высокая палітычная актыўнасць СБД сведчаць аб намеры яго лідэраў перахапіць ініцыятыву ў БНК і замяніць ідэю барацьбы за нацыянальнае самавызначэнне беларусаў лозунгамі «яднання дэмакратыі», «яднання свабоднай Беларусі са свабоднай Вялікай Расіяй». На гэтым шляху, лічыў Каранкевіч, «нам належыць аб’яднацца з іншымі роднаснымі плямёнамі — вялікарускім і малароскім ў адзіную магутную і непарушную народнасць рускую».

Доказы аб неабходнасці і карысці існавання беларускага народа ў складзе Расійскай імперыі і «адзінай рускай народнасці» СБД чэрпаў выключна з ідэялагічнага арсеналу «западно-русизма». Асабліва паказальная ў гэтым сэнсе гістарычная частка брашуры Каранкевіча. У сціслым, часам урэзаным або мадэрнізаваным выглядзе ў гэтай яе частцы гучаць фактычна ўсе галоўныя ідэйна-палітычныя матывы і аргументы “западно-русов». Тут і сцвярджэнне аб тым, што «пасля прыяднання Літвы і Беларусі да Польшчы на працягу 500 год беларуская культура ў сваім развіцці не пасунулася ні на крок”, і што «зусім новая эра ў жыцці беларусаў наступіла ад дня… фактычнага прыяднання Беларусі да Расіі». Пераконваючы чытачоў у адсутнасці «сур’ёзных тармазоў у яднанні са свабоднай Вялікай Расіяй», Каранкевіч суправодзіў гэтую тэзу некампетэнтнымі і абразліва-зневажальнымі разважаннямі аб маладой беларускай літаратуры. Адпаведна і бела­руская мова, па-Каранкевічу, ёсць нішто іншае, як толькі «наречие или говор” рускай мовы.

У аргументацыі Каранкевіча, поўнасцю запазычнай у класіка «западно-русизма» М. Каяловіча і ў часопісах накшталт «Окраины России», ёсць адно цікавае выключэнне: у ёй адсутнічаюць канфесійныя матывы неабходнасці зліцця Беларусі і Расіі. Мяркуючы па некаторых мякка негатыйных заўвагах Каранкевіча ў адрас духавенства і таму, што байкот «дзён свабоднай Беларусі» быў абвешчаны нібыта з прычыны іх супадзення з «царкоўным святам…, а не са святам нацыянальна-беларускім (Івана Купалы)», адсутнасць тэзы аб «еднасці ў праваслаўі» не з’яўляецца выпадковым. Верагодна, дзейнасць СБД і светапогляд яго лідэра мелі пэўную атэістычную афарбоўку. Гэтыя абставіны цікавыя яшчэ і тым, што «мяккі» атэізм СБД не пашкодзіў яго даволі шчыльным кантактам і супрацоўніцтву з кансерватыўна-клерыкальным Беларускім Народным Саюзам.

Больш паслядоўна як эпігон «западно-русизма” СБД выявіў сябе ў пытанні аб ролі беларускай мовы ў сістэме адукацыі. Трэці пункт праграмы СБД прадугледжваў «увядзенне выкладання ў навучальных установах на агульнадзяржаўнай рускай мове, роднай і таму дастаткова зразумелай для ўсіх беларусаў». Безапеляцыйнасць, нетактоўнасць гэтага патрабавання былі настолькі відавочныя, што больш дасведчаны прыхільнік «западно-русизма” акадэмік Карскі параіў Каранкевічу выкласці гэты пункт у іншай рэдакцыі: выкрэсліць словы «родная і таму», «усіх», а ў канцы тэкста дадаць — «таму што беларуская мова — толькі «наречие» рускай мовы». Такім чынам, у рэдакцыі Карскага згаданы пункт гучаў бы так: «увядзенне выкладання — ў навучальных установах на агульнадзяржаўнай рускай мове, дастаткова зразумела для беларусаў, таму што беларуская мова — толькі «наречие» рускай мовы». Акадэмік раіў таксама «не перашкаджаць дапушчэнню ў пачатковай школе звароту да роднай мовы і не забараняць літаратуры на гэтай мове».

Цікавасць да гомельскага «Союза Белоруской Демократии» мела б толькі гісторыка-краязнаўчы характар пры ўмове пацвярджэння яго характарыстыкі як «апошняга эпігона» «западно-русизма». Нажаль, праўдзівасць гэтай высновы пацвердзілася толькі часткова. СБД сапраўды быў эпігонам «западно-русизма», але не апошнім…

У рэтраспектыве сёння зразумела, што дзейнасць СБД, з аднаго боку — праява інэрцыі гістарычных тэндэнцый, а з другога — адна з першых спроб «западно-русизма» адаптавацца да новых палітычных умоў, стварыць у іх свой асяродак Існавання i захаваць за сабой высокі дзяржаўны статус праваднікоў вялікадзяржаўнай палітыкі імперскай Расіі.

Гэтыя спробы прынеслі плён не адразу. Кастрычніцкая рэвалюцыя, грамадзянская вайна, «дыктатура пралетарыяту» знішчылі паслялютаўскі ідэйна-палітычны плюралізм. Не пазбеглі гэтага лёсу і «западно-русы». Але іх ідэалогія, як выражэнне гістарычнай тэндэнцыі русіфікатарства, запатрабавалася праз паўтара дзесяцігоддзя і рэалізавалася ужо пад лозунгамі сацыялізму і «пралетарскага інтэрнацыяналізму». Пагромныя вынікі гэтай лозунгавай палітыкі добра вядомыя, а спробы сучасных нашчадкаў «западно-русизма» яе адрадзіць пад сцягам «славянскага адзінства» нічога добрага, на наш погляд, не прынясуць.

Аўтар: B.l. Качаткоў
Крыніца: Зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі “Гомельшчына – старонкі мінулага” (15-16 лютага 1996 г.), Гомель, 1996, ГДУ. Ст. 93-96