У 1988 г. Гомельскаму ўнівэрсытэту было нададзена імя беларускага асьветніка і першадрукара Францішка Скарыны. Ад тых часоў з зайздраснай рэгулярнасьцю чуюцца зьедлівыя пакепліваньні нядобразычліўцаў: “На якой жа катэдры вашага ўнівэрсытэта працаваў Скарына?” альбо “А Скарына жыў на Савецкай ці на Кірава?”. Між тым ініцыятары найменаваньня, хоць і ня мелі дастатковай інфармацыі, былі ня проста блізкімі да праўды, а сядзелі ў ёй па самую макаўку – адзін з эпізодаў біяграфіі Францішка Скарыны зьвязаны беспасярэдне з Гомелем.
Пачатак ХVІ ст. – час памежных войнаў між ВКЛ і Масковіяй. Вайна 1500–1503 гг. завершылася “докончаньем” Аляксандра Ягелёнчыка ды Йвана ІІІ Васільевіча аб замірэньні на шэсьць год. Поруч з умоваю “в тые лета межи себе рати і войны не замысляти” гаспадар ВКЛ мусіў пагадзіцца із стратаю многіх сваіх гарадоў, у т. л. і Гомея з воласьцю і сёламі Уваравічы, Целяшовічы, Кошалеў Лес ды інш. У Гомеі сядзеў адданы васал маскоўскага ўладара Васілій Мажайскі. Надзеяў на мірнае вяртаньне ў склад ВКЛ даўняга радзіміцкага цэнтру не было. Таму ўвесну 1507 г. пачалася чародная вайна: увесну пасольства гаспадара ВКЛ Жыгімонта Казімеравіча паставіла перад маскавітамі пытаньне пра вяртаньне сваіх абшараў, “а звлаще Гомея”.
Менавіта ў гэткіх акалічнасьцях мы і сустракаем Скарыну на гомельскай зямлі. У 1506 г. скончылася адтэрміноўка ад вайсковае службы, прадстаўленая яму ў зьвязку з навучаньнем на філязафічным факультэце Кракаўскага ўнівэрсытэта. Ухіляцца ад ганаровага абавязку ён ня стаў і , баржджэй за ўсё, ужо ўлетку таго ж году апынуўся ў Менску. Там пад пільным камандваньнем дасьведчаных інструктараў зь ліку караімаў (традыцыйных зь ХV ст. целаахоўнікаў вялікіх князёў літоўскіх) Францішак праходзіў шкаленьне ў адумысловай харугве імя Мэркура Смаленскага. Цудам ацалелы рукапіс ХV – ХVІ стст. “Дзёньнікі караімаў” (захоўваецца ў Буэнас-Айрас) пацьвярджае гэта: “Мижи воспитанцев наших ся выделяеть Франц Скоринин сын з града Полоцка (подле менюшки – Жорж). Ачколвек бывал студиосом, филозофию до головы бравшим, имаеть теперя прелестные показанники во всих караимовых подготовах, а звлаще в побиванию лобом муров цекгляных”. У пачатку 1507 г. як адзін зь лепшых Скарына пасьпяхова ўдзельнічаў у спаборы на атрыманьне крапавага барэту, у якім ён адлюстраваны на знакамітай гравюры з уласнадрукаванай ім Бібліі (1517-1519 гг.). Калі пільна прыгледзецца, на барэце нават можна пабачыць кукарду. Ёсьць усе падставы меркаваць, што арыгінал гравюры быў зроблены яшчэ за доўга да пачатку выдавецкай дзейнасьці Францішка, а акурат у часе вайсковае службы як складовая частка дэмбэльскага альбома.
Увесну 1507 г. Францішак Скарына быў ужо камандзерам невялічкага спэцпадразьдзела, якому даручылі вельмі важкую місію – паспрабаваць малою крывёю адваяваць Гомельскі замак, нэўтралізаваўшы Васілья Мажайскага. Доўгі час гэтая інфармацыя, будучы па праўдзе навідавоку, заставалася непрыкметнай для скарыназнаўцаў. Рэч у тым, што ў прадмове “во всю Бивлию” Скарына дакладна адзначыў, дзе трэба шукаць зьвесткі пра ягоную службу ў войску: “Аще ли же кохание имаши ведати о военных а о богатырских делех, чти книги Судей”. У гэтым разьдзеле Бібліі наш першадрукар зашыфраваў свае ўспаміны пра гомельскую апэрацыю, камбінуючы мэтодыкі “дванаццаціколавых табліцаў”, “палібіянскага квадрата” і “прамяністага кубка”. Мова дэшыфраванага тэксту значна розьніцца ад традыцыйнае “скарыніцы”, набліжаючыся больш да “актавіцы” – старабеларускай мовы актавых матар’ялаў таго часу. “За росказаньем господоря великаго князя нашего Жикгимонта а теж гетмана найвызшего Астрогскаго Костянтина двадцать пятаго дня месяца юня рушили мы место Гомей здобывати,” – пачынае свой расповяд Францішак Скарына. “До околиц гомейских” ён разам з групаю (нажаль Францішак нідзе не называе сваіх падначаленых пайменна) быў дастаўлены “по воздуху за помоцъю чорнаго батяна, званаго инколи в панствах чужых фениксом”. Група дэсантавалася дзесь у абсягу сучаснага Сяльмашу і без прамаруды ўчыніла марш-кідок “в три версты литовских на полудень, игде по карти лежати мусело болото”. Гаворка тут аб балоце, якое ў пазьнейшыя часы (ХІХ-ХХ стст.) было знаным як Гарэлае. “З онаго ж початок имаеть ручей, который Гомеюком рекуть а який до самаго гомейскаго замку доплываеть, у Сожу впадаючи,” – паведамляе Скарына. Падрыхтовы ў караімаўскім лягеры ня мінулі дарэмна. Група пагрузілася ў ваду Гамеюка і апрычонымі гукавымі заклёнамі замовіла тутэйшых какадрылаў (у мясцовых дыялектах – кракoдзілы), якія захоўвалі вернасьць Вялікаму Княству Літоўскаму. Пры іх дапамозе “до черевьев учепившися”, караімаўцы праплылі пад вадою рэшту адлегласьці да замка. “А дыхали мы през соломку маковаю для вельшего эффекту воздушнаго,” – тлумачыць камандзер групы.
Перш, чым пайсьці пад драўляныя замкавыя сьцены, воі “стали на водмели вкруг, ся тримаючи за руки, абы сотворити поле сильное” для наводзінаў трансу на варту. Сапраўды, ужо праз хвіліну з боку вартавых вежаў “донеслося голосное хрыпенье, в спячку впалых”. Льга было ўрывацца ўнутро. Выявілася, што і за сьценамі замка панавала праўдзівае царства сну. Рухаючыся да княскага двару, адзін зь людзей Скарыны “на крывым мести ся спотыкнул” ды “крыкнул звонко, поминаючи роспустных жанок”, чым у момант спраставаў, наведзены на маскавітаў транс. Ушчалася крывавая сеча. Сваёй нахрапістасьцю ворагі не дазвалялі ні Скарыну, ні ягоным супольнікам скарыстацца чым-кольвек зь іх спэцрыштунку: “дудку-самагудку посекли, а з чоботов-борздобегов подметки позрывали”. Уся надзея заставалася на эксклюзіўныя срэбныя шаблі зь іртутным напаўняльнікам. Група пастанавіла, хаця б цаною собскіх жыцьцяў, выкінуць з Гомея Васілья Мажайскага. “Але Василька в хоромине не было, только рукописанье на дверех дубовых светчило: «Пошел в баню в Уваровичи»,” – роспачна адцеміў Скарына. Ворагі юшыліся, рвучыся ў “хоромину”. Беларусам здалося, што “деяние наше провалено ест”, што з сытуацыі “жаднаго выхода нетути”. Караімаўцы пачалі ўжо маліцца, калі камандзер іхны згадаў пра дрэсіраваную муху цэцэ, якую яшчэ ў студэнцкія гады прыдбаў на кракаўскім рынку. Абудзіўшы ада сну, ён выпусьціў яе з адумысловае пушачкі, якая поруч з нацельным крыжыкам, і вайсковаю біркай вісела на шыі, і даў наўпросты загад: “Куси москаля!”. Для маскавітаў гэта было “несподеванки полные портки” і яны “горло драти зачали, от мухи моей ратунку благаючи”.
Карыстаючыся з замятні, група Скарыны мусіла ўцякаць. Каб не зыходзіць з пустымі рукамі, яны прыхапілі з сабою харугву Мажайскага. Пакуль маскавіты “лахи пад пахи” ад мухі бегалі, беларусы “спокойныя, яко слоны, але смутныя, яко зозули до ворот пошибовали”. Група задала нырца ў сожаўскія хвалі і паплыла на процілеглы бераг.
Маскавіты ж ушчалі “з пищалей пукати, абы ся отомстить за тую свою ганбу”. Зь вялікаю цяжкасьцю, але “за подякаю фортуны” беларусы выйшлі жывымі з вады. Радасьці было мала – апэрацыя праваленая, самі ў тыле ў ворага, ніякай помачы ніскуль чакаць не выпадала. Дзівіла, праўда, тое, што ніхто “не стал преследы чынити”. З тым подзівам забрылі яны ў нейкае пасяленьне, дзе “жоны одны одинокия мешкали”. Тамака ж караімаўцы і заначавалі “добрым а ласкавым обычаем”. Простыя беларускія бабы-ёгі, якія “тылко до чужимцев в страхотие оберталися”, насамрэч “пиенкностию и кунегою красовали”. Яны й ахвяравалі для вояў яго вялікакняскай міласьці колькі лятальных сродкаў, на каторых тыя “до Менску полетели рыхло”. Вышэйшае камандваньне было незадаволеным. Сёй-той хацеў аддаць Скарыну пад трыбунал, але прадстаўлены трафэй улагодзіў справу: вораг быў зганьбаваны, дарма што і застаўся “вымытым” сядзець у Гомеі. Маскоўскі ўладар Васіль ІІІ, які толькі часткова дазнаўся пра дзёрзкую акцыю беларусаў на Гомельшчыне, неадкладна загадаў узрэзаць паўночна-усходнія межы ВКЛ і напасьці на Полацк і Смаленск. Сытуацыя ў краіне ўскладнялася з прычыны закалота, учыненага чарнакніжнікам Міхалам Глінскім (у народзе – Глінскі-Папялінскі). У гэтым тумульце, крывавым балі з адцятымі галовамі сьляды Скарыны часова губляюцца.
Памяць пра тое, што Францішак Скарына быў пад Гомеем захоўалася да пачатку ХІХ ст. З вуснаў у губы перадавалася легенда пра таямнічых “нашых рускіх салдат”, якія “ночку-начавалі з бабамі нашымі”, ад таго “і мы ўсе пайшлі”. Тое пасяленьне зараз уваходзіць у межы горада. Тамака і і месьціца вуліца імя Скарыны, а таксама і вуліца Бабушкіна (званая так, як разумееце, зусім ня ў гонар расейскага рэвалюцыянэра). Гомель не забывае сваіх герояў.
Гомель, 2003 г.
Аўтар: Сяргей Балахонаў