Гомельскі савет рабочых i салдацкіх дэпутатаў

0
35
Гомельскі савет рабочых i салдацкіх дэпутатаў

Гомельскі савет рабочых i салдацкіх дэпутатаў і снаваў у сакавіку 1917-лютым 1918. Утвораны 6 (19).03.1917 на сумесным пасяджэнні выканкама Савета рабочых дэпутатаў [утвораны 4 (17).03.1917] з прадстаўнікамі вайсковых частак гарнізона. Старшынёй абраны прапаршчык П.М. Сяўрук. Друкаваны орган — газета “Известия  Гомельского Совета рабочих и солдатских депутатов”.

Выбары дэпутатаў праходзілі ў сакавіку-красавіку на прадпрыемствах і ў вайсковых частках. У Савет увайшло 135 дэпутатаў ад 24 тыс. (з траўня — ад 35 тыс.) рабочых, салдат, служачых і інш. Дэпутаты абіраліся таксама ад партый меншавікоў, эсэраў, Бунда, Бел сацыялістычнай грамады (БСГ), Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай рабочай партыі (АЯСРП), Паалей Цыёна, Польскага сацыялістычнага аб’яднання (ПСА), значную частку склалі беспартыйныя дэпутаты.

З утварэннем у красавіку 1917 Палескага камітэта РСДРП(б) у Савет кааптаваны 2 яго прадстаўнікі. Летам аформіліся фракцыі аб’яднаных сацыял-дэмакратаў, Бунда, ПСА, эсэраў, сацыял-дэмакратаў, беспартыйных. Фракцыя бальшавікоў да жніўня 1917 налічвала 19 дэпутатаў. У выніку перавыбараў выканкама 3 (16).10.1917 дэпутаты ад Палескага камітэта РСДРП(б) і фракцыя бальшавікоў атрымалі 7, аб’яднаны блок фракцый меншавікоў, міжраёнцаў і Бунда – 10 месцаў. Пры ўдзеле Савета ў горадзе створаны міліцыя, прафсаюзы, фабрычна-заводскія камітэты, ўведзены 8-гадзінны рабочы дзень, рэгуляваліся канфлікты паміж рабочымі і ўладальнікамі прадпрыемстваў, прымаліся захады па пераадоленні цяжкасцяў з прадуктамі харчавання і інш. 6 чальцоў Савета ўвайшлі ў Гомельскі камітэт рэвалюцыйнай аховы.

Савет удзельнічаў у арганізацыі барацьбы з карнілаўшчынай, садзейнічаў затрыманню эшалонаў з войскамі, якія накіроўваліся Стаўкай з Паўд.-Зах. фронту на Петраград і Маскву. Па асноўных палітычных пытаннях Савет да Кастрычніцкай рэвалюцыі быў на пазіцыях абаронніцтва, выказваў падтрымку Часоваму ўраду, асуджаў палітыку бальшавікоў у ліпеньскія дні. На пасяджэнні 9 (22).09.1917 прынята рэзалюцыя бальшавікоў, якая патрабавала перадачы ўсёй улады ў краіне Саветам. У сувязі з гэтым некаторыя чальцы выканкама, у т.л. яго старшыня Сяўрук, склалі з сябе паўнамоцтвы. На пасяджэннях Савета 26 і 28 кастрычніка (8 і 10 лістапада) дэпутаты выказаліся за аднародны сацыялістычны ўрад.

У пачатку лістапада 1917 адбыліся перавыбары, у склад Савета ўвайшло 195 дэпутатаў — 109 бальшавікоў, 26 левых эсэраў, 60 прадстаўнікоў фракцыі меншавікоў і бундаўцаў. 17 (30). 11.1917 на надзвычайным агульным сходзе Савета абраны прэзідыум (3 бальшавікі, 2 левыя эсэры, 2 чальца “аб’яднанкі”), на які былі ўскладзены функцыі рэвалюцыйнага камітэта. Старшынёй Савета і рэўкама абраны бальшавік Р.М. Ляплеўскі. 22 лістапада (5 снежня) рэўкам абвясціў, што ўся ўлада ў Гомелі перайшла да Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У канцы лютага 1918, з набліжэннем да Гомеля германскіх войск, Савет спыніў сваю дзейнасць.


Аўтар:
Яўгенія Прыгунова
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 78.