Гомельскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунда

0
180
Гомельскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунд

Гомельскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунда — арганізацыя Усеагульнага яўрэйскага рабочага саюза ў Літве, Польшчы і Расіі (гл. Бунд) у Гомелі ў пачатку 1900-х гадоў – 1921. Аформіўся на аснове Гомельскага камітэта РСДРП 1898-1900, які ва ўмовах крызісу ў РСДРП летам 1900 уступіў у Бунд. Пэўную ролю ў гэтым адыграла прыналежнасць Бунда да РСДРП (з сакавіка 1898) і тое, што Бунд у заходніх  губернях у канцы 1890-х гадоў быў асноўным пастаўшчыком нелегальнай сацыял-дэмакратычнай літаратуры. Адбылося гэта пад націскам цэхавых стачачных кас, у якіх пераважалі рамеснікі-яўрэі.

Пасля ўступлення ў Бунд, камітэт практычна адмовіўся ад агітацыі і арганізацыі дзейнасці сярод беларускіх і рускіх рабочых Гомельскіх чыгуначных майстэрняў, якія складалі асноўную колькасць фабрычнага пралетарыяту ў горадзе. Адмоўныя вынікі ўступлення камітэта ў Бунд і адыходу ад прынцыпаў інтэрнацыяналізму выявіліся ў красавіку 1901 у час падрыхтоўкі і правядзення першатравеньскай дэманстрацыі, у якой чыгуначнікі не ўдзельнічалі. Гэта абвастрыла ўнутраную барацьбу ў камітэце.

Летам і восенню 1901 у горадзе распаўсюджваліся лістоўкі, выдадзеныя ад імя Гомельскага камітэта РСДРП. Палемікі з Бундам у іх не было, але факт выступлення ад імя РСДРП сведчыць аб спробе вывесці рабочую арганізацыю са складу Бунда, якая зыходзіла, відаць, ад чальцоў камітэта Л. Драгунскага і I. Мохава. У верасні 1901 яны выйшлі з бундаўскага камітэта і сумесна з палітычна паднаглядным I.Б.  Азямблоўскім сфармавалі самастойны камітэт, які арыентаваўся на дзейнасць сярод рабочых-чыгуначнікаў. Аднак праіснаваў ён нядоўга. У студзені 1902 Драгунскі і Мохаў зноў увайшлі ў склад бундаўскага камітэта, дзе працягвалі барацьбу з эканамізмам, сепаратызмам і часовым захапленнем тэрарызмам. Неўзабаве гэтыя ўхілы былі зжыты.

У 1902 Гомельскі камітэт Бунда выдаваў лістоўкі, арганізаваў забастоўку салідарнасці працоўных Гомеля з рабочымі Растова-на-Доне. У адказ на расстрэл рабочых Златавуста ў сакавіку 1903 ён выдаў лістоўку і правёў забастоўку пратэсту. У красавіку 1903 камітэт распаўсюдзіў у Гомелі адозву “Да ўсіх рабочых і работніц Расіі”, падрыхтаваную рэдакцыяй “Искры” і выдадзеную ад імя Арганізацыйнага камітэта па скліканні II з’езда РСДРП. У праведзенай камітэтам маёўцы прынялі ўдзел каля 700 чал., а ў першатравеньскай стачцы – усе рамесныя рабочыя Гомеля.

Камітэт кіраваў шэрагам эканамічных выступленняў рабочых: стачкай сталяроў і забастоўкай рабочых запалкавай фабрыкі ў 1901, забастоўкамі рамеснікаў 1902. Пад уплывам “Искры” камітэт распачаў агітацыю і сярод сялян у 1902 і 1903 да гадавіны адмены прыгоннага права ён выдаў лістоўку “Воля царская”, у якой выкрываў антысялянскую сутнасць рэформы 1861. На гэтай і іншых лістоўках камітэт не пазначаў прыналежнасці да Бунда і фактычна выступаў ад імя РСДРП. Па характары сваёй дзейнасці ён наблізіўся да платформы “Искры”. Аднак арганізацыйныя сувязі з Бундам не парываў і адкрытай заявы аб салідарнасці з “Искрой” не зрабіў.

Пасля II з’езда РСДРП (1903) камітэт разам з усім Бундам выйшаў з партыі. 31. 8(13.9) – 2(15).9.1903 камітэт Бунда арганізаваў узброены супраціў рабочых дружын Гомеля яўрэйскаму пагрому. У снежні правёў масоўку, прысвечаную памяці дзекабрыстаў.

З пачатку 1904 камітэт далучыўся да агітацыйнай дзейнасці левых партый і арганізацый, якая была звязана з выкрыццём антынароднага характару руска-японскай  вайны. Разам з Гомельскай групай РСДРП арганізаваў першатравеньскія выступленні працоўных 1904, а 1(14).9.1904 у сувязі з гадавінай пагрому – палітычную забастоўку больш як 700 рабочых і 4 сходы па 100-110 чалавек. У кастрычніку камітэтам праведзены 4 масоўкі (каля 400 чалавек), на якіх прыняты рэзалюцыі пратэсту супраць расстрэлу рабочых у Беластоку.

У 1905 камітэт удзельнічаў у падрыхтоўцы студзеньскіх выступленняў салідарнасці працоўных Гомеля з рабочымі Пецярбурга, у вясенне-летніх забастоўках рабочых, выступленнях салідарнасці працоўных Гомеля з рабочымі Лодзі і Адэсы, ліпеньскіх палітычных выступленнях рабочых, кастрычніцкай і снежаньскай палітычных стачках. Ён удзельнічаў у арганізацыі мітынгу пратэсту больш як 4 тыс. чалавек супраць Булыгінскай думы, супраць здзекаў улад над сялянамі в. Дзятлавічы ў ліпені 1905, палітычныя забастоўкі з прычыны гадавіны рэвалюцыі, у арганізацыі ўзброенага адпору пагрому яўрэйскага насельніцтва, справакаванага ўладамі Гомеля 13-15(26-28).1.1906. Як правіла, палітычныя выступленні праводзіліся сумесна або па ўзгадненні з Гомельскай арганізацыяй РСДРП.

У кастрычніку-снежні 1905 прадстаўнікі Бунда ўваходзілі ў кааліцыйны камітэт па кіраўніцтве рэвалюцыйным рухам у Гомелі. У перыяд адступлення рэвалюцыі ў сувязі з рэзкім спадам палітычнай барацьбы ўзаемадзеянне арганізацый Бунда і РСДРП у Гомелі адбывалася толькі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення першатравеньскіх стачак 1906 і 1907 і забастоўкі пратэсту супраць разгону сходаў рабочых на “біржы” (месца правядзення сходаў). 26.4(9.5).1906 паміж Гомельскім камітэтам Бунда і арганізацыяй РСДРП існавала пагадненне аб падзеле сферы ўплыву: бундаўцы кіравалі барацьбой яўрэйскіх рабочых, РСДРП – хрысціянскіх.

На ІІІ з’ездзе РСДРП (1905) такое “супрацоўніцтва” рззка крытыкавалася і было забаронена. Камітэт узаемадзейнічаў з арганізацыяй РСДРП па пытаннях падрыхтоўкі агульнагарадскіх палітычных выступленняў рабочых, але не адмаўляўся ад сваёй нацыяналістычнай, сепаратысцкай платформы і арыентаваўся на дзейнасць выключна сярод яўрэйскіх рамесных рабочых і гандлёвых служачых, ствараў асобныя прафсаюзы і г.д.

На IV (Аб’яднаўчым) з’ездзе РСДРП (1906) Бунд зноў уступіў у партыю, аднак аб’яднання на месцах, у т.л. і ў Гомелі, не адбылося па яго віне. Па меры адступлення рэвалюцыі ў арганізацыях Бунда рос рэфармісцка-ліквідатарскі настрой, нацыяналізм і сепаратызм. Найбольш яскрава гэта праявілася ў гады рэакцыі. Камітэт прымаў удзел у рабоце 8-й канферэнцыі Бунда (1910, Львоў), дзе разглядаліся пытанні аб усталяванні для яўрэйскіх рабочых суботняга адпачынку, аб кагале (абшчыне) і інш. У сувязі са справай Бейліса камітэт у верасні 1913 арганізаваў стачку пратэсту. З пачаткам Першай сусветнай вайны і ўвядзеннем ваеннага становішча дзейнасць камітэта спынілася.

Камітэт адрадзіўся ў сакавіку 1917. Яго прадстаўнікі ўвайшлі ў склад Гомельскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у прафсаюзныя арганізацыі, гарадскую думу. Ён быў адным з ініцыятараў стварэння Гомельскай аб’яднанай арганізацыі РСДРП. Прадстаўнік камітэта ўдзельнічаў у рабоце ўсерасійскай канферэнцыі Бунда (красавік 1917, Петраград). Як і ўвесь Бунд, камітэт актыўна падтрымліваў унутраную і знешнюю палітыку Часовага ўрада.

25.5(7.6).1917 у Гомелі адбылася Магілёўская губернская канферэнцыя Бунда. 18 дэлегатаў прадстаўлялі 2390 чальцоў 16 мясцовых арганізацый, у т.л. Гомельскай. У ліпені 1917 пасля перавыбараў Гомельскага Савета аформілася аб’яднаная фракцыя сацыял-дэмакратаў меншавікоў, Бунда і Польскага сацыялістычнага аб’яднання. Разам з эсэрамі фракцыя вызначала згодніцкую палітыку Савета. На выбарах у гарадскую думу бундаўцы атрымалі 18 месцаў са 111. Камітэт пасылаў дэлегата на Усерасійскі аб’яднаўчы з’езд сацыял-дэмакратаў у Петрафадзе ў жніўні 1917. Гомельская арганізацыя Бунда асудзіла карнілаўскі мяцеж, але актыўна выступала супраць перадачы ўлады Саветам, падтрымлівала Часовы ўрад.

Увосень 1917 у бундаўскай арганізацыі намеціўся ідэйна-палітычны крызіс. Аднак згодніцкія партыі захоўвалі яшчэ істотныя пазіцыі ў Гомельскім Савеце і прафсаюзах з 25 чальцоў выканкама Савета 10 прадстаўлялі фракцыю аб’яднаных сацыял-дэмакратаў. Адносіны бундаўскай арганізацыі Гомеля да Кастрычніцкай рэвалюцыі адлюстраваны ў рэзалюцыі агульнага сходу 29.10(11.11).1917, якая заклікала да мірнага вырашэння крызісу, патрабавала стварэння аднароднай улады з прадстаўнікоў рэвалюцыйнай дэмакратыі, склікання Устаноўчага сходу, згуртавання мясцовых сіл рэвалюцыйнай дэмакратыі вакол Гомельскага камітэта рэвалюцыйнай аховы.

Бундаўская арганізацыя Гомеля легальна існавала і ў час акупацыі горада германскімі  войскамі. У пачатку 1918 яна налічвала каля тысячы чальцоў. У снежні 1918 сумесна з эсэрамі і меншавікамі бундаўцы стварылі Гомельскую дырэкторыю, якая 18.12.1918 абвясціла аб пераходзе да яе ўлады ў горадзе. З аднаўленнем савецкай улады ў студзені 1919 дырэкторыя была распушчана. За антысавецкую дзейнасць закрыта і газета камітэта.

З вясны 1919 у арганізацыі ўзмацніўся раскол. Левыя элементы выступалі ў падтрымку савецкай улады. Частка іх была прынята у РКП(б), частка ўступіла ў Яўрэйскую камуністычную партыю. У снежні 1919 Гомельская арганізацыя Бунда далучылася да рашэння нарады ЦК Бунда аб разрыве арганізацыйнай сувязі з РСДРП (меншавікоў) і ўступіла ў Камінтэрн. У красавіку 1920 у Гомелі адбылася XII канферэнцыя Бунда, якая прыняла пастанову аб выхадзе Бунда з РСДРП і далучэнні да Камінтэрна, абвясціла праграму РКП(б) сваёй праграмай і адмовілася (на словах) ад прынцыпу нацыянальна-культурнай аўтаноміі. Вясной 1920 бундаўскай арганізацыі ўдалося правесці ў Гомельскі гарсавет 6 сваіх чальцоў. Істотна аслабелі яе пазіцыі ў прафсаюзах.

У пачатку 1921 Бунд як палітычная партыя спыніў сваё існаванне. Частка бундаўцаў уступіла ў РКП(б). У 1925 у Гомельскай губернскай арганізацыі РКП(б) было 49 былых бундаўцаў.


Аўтар:
Міхась Біч, Пётр Башко
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996.  Ст. 78-79.