Гомельскі рамесніцкі рабочы саюз

0
73
Гомельскі рамесніцкі рабочы саюз

Гомельскі рамесніцкі рабочы саюз дзейнічаў у Гомелі ў 1896-1900 гг. Склаўся пад уплывам агітацыі Гомельскай сацыял-дэмакратычнай групы на аснове цэхавых стачачных кас. З 1898 уваходзіў у склад Гомельскага рабочага саюза барацьбы, Гомельскага камітэта РСДРП 1898—1900. У 1898 аб’ядноўваў 250, у 1899 — 430 рабочых — амаль 40% агульнай колькасці рабочых горада.

Меў свой статут, складзены і выдадзены на гектографе Гомельскім камітэтам РСДРП у жніўні 1899. Саюз абвяшчаўся “мясцовым аддзяленнем РСДРП” і абавязваўся выконваць рашэнні агульнапартыйных з’ездаў і Гомельскага камітэта РСДРП. На камітэт ускладалася кіраўніцтва дзейнасцю саюза, распараджэнне стачачным фондам, дастаўка нелегальнай літаратуры, арганізацыя прапагандысцкіх гурткоў і сходаў. Стачкі абвяшчаліся толькі паводле рашэння камітэта. У статуце змешваліся прынцыпы прафесійнай і партыйнай арганізацый рабочых. Разам з тым статут сведчыў, што сацыял-дэмакраты Гомеля да лета 1899 у пэўнай ступені пазбавіліся ад уплыву “эканамізму”.

Саюз кіраваў стачкай сталяроў (1897), краўцоў, шаўцоў, нарыхтоўшчыкаў і шчаціншчыкаў (1898), слесараў, краўцоў, гарбароў, сталяроў (1899) і інш. Некаторыя стачкі ахоплівалі ўсіх рабочых адпаведнай прафесіі. У 1898-1900 пад кіраўніцтвам саюза адбыліся 44 стачкі, у якіх удзельнічала каля 1,7 тыс. рабочых. У выніку барацьбы заработная плата шаўцоў павялічылася на 30—40%, сталяроў і слесараў — на 50%, шаўцоў — на 15-40%, працоўны дзень скараціўся з 17 да 13 гадзін.

Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 78.