Гомельскі рабочы саюз барацьбы

0
31
Гомельскі рабочы саюз барацьбы

Гомельскі рабочы саюз барацьбы — дзейнічаў у Гомелі з вясны да канца 1898. Створаны ў выніку пераходу Гомельскай сацыял-дэмакратычнай групы да масавай агітацыі. У яго склад уваходзіў Гомельскі рамесніцкі рабочы саюз. Узначальваў П.У.  Карповіч, у кіруючую групу ўваходзілі Л. Драгунскі, Н. Гезенцвей, М. Слобадаў, X.  Файнштэйн.

Меў праграму – “статут руху”, у якой канчатковай мэтай абвешчаны “ка лектывізм” (сацыялізм), а бліжэйшай – заваяванне палітычных свабод. 1(13).5.1898 саюз арганізаваў за горадам першатравеньскую сходку 250 рабочых. Саюз паступова пашыраў уплыў на рабочых чыгуначных майстэрняў і прадпрыемстваў горада. Пад яго кіраўніцтвам праведзены эканамічныя стачкі шаўцоў, краўцоў, шчаціншчыкаў і інш. Саюз падтрымліваў шчыльныя сувязі з Кіеўскім камітэтам РСДРП, неаднаразова адхіляў прапановы лідэраў Бунда аб уступленні ў іх арганізацыю.

З канца 1898 кіруючая група саюза стала называцца Гомельскім камітэтам РСДРП (гл. Гомельскі камітэт РСДРП 1898-1900).

Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996.  Ст. 76-77.