Гомельскі перыяд навукова-асветніцкай дзейнасці І.І. Грыгаровіча (1820-1829 гг.)

0
116
Іван Грыгаровіч

На жыццёвым шляху нашага вядомага земляка протаіерэя і асветніка І. І. Грыгаровіча ёсць адментная веха, якую вызначаюць як гомельскі перыяд у яго шматграннай дзейнасці [1, с. 9]. Ён пачінаецца ў 1820 г., калі выпускнік Пецярбургскай духоўнай акадэміі, малады кандыдат багаслоўя Іаанн Грыгаровіч па просьбе свайго бацькі вяртаецца ў Гомель. Пасля рукапалажэння ў сан ён займае свяшчэнніцкае месца саборнага протаіерэя, і адначасова становіцца рэктарам Гомельскага духовнага вучілішча. Гэта быў яскравы і творча — напружаны час, калі дасягнула апагея дзейнасць М.П. Румянцава па стварэнню у Гомелі свайго «ідэальнага горада». Змены ахапілі эканамічнае жыццё, гарадское асяроддзе і грамадска-культурную атмасферу горада [4, с. 140-144; 5, с. 127-129; 6, с. 29]. Усе гэтыя фактары разам ca шматканфесійнасцю і складанымі кроскультурнымі ўзаемаадносінамі і кантактамі ўносілі у жыццё маладога свяшчэнніка не толькі элементы навізны, але і патрабавалі праяў дастатковай сталасці, ўзважанасці і адказнасці ў выкананні яго пастырскіх абавязкаў.

Аднак у гэты «пераломны» этап свайго жыцця І. I. Грыгаровіч не здрадзіў сваім навуковым захапленням, якія найперш асягалі праблематыку яго кандыдатскай дысертацыі па наўгародскіх пасадніках. Даследаванне мела ў сваей аснове сістэматызаваную і верыфіцыраваную зводку летапісных звестак у вузкім праблемна-тэматычным полі.

У свой час А.Л. Шлецар, а следам за ім і М.П. Румянцаў бачылі ў даследваннях такога профіля адзін з перспектыўных напрамкаў апрацоўкі вялікага масіва старажытнарускага летапісання. М. П. Румянцаў у гэтай сувязі пісаў аднаму з відных дзеячоў яго «навуковай кагорты» А.Ф. Маліноўскаму: «… Я давно желаю и проповедую, что полезно было бы делать… частные извлечения и приводить их в порядок из печатных и рукописных летописей, где они, так сказать, взбалтаны и смешаны. Подобным образом можно было бы отделить и в одну раму внести все, что летописи передали о делах Тверского Великого княжества, о делах Рязанского, о всех делах в отношении татар и в особенном сочинении извлечь древнюю российскую статистику…, памятники ценам товаров, податей…» [9, с. 184]. Не цяжка заўважыць, што тэматычны зрез падобнага кшталту даследаванняў разглядаўся М.П. Румянцавым удаволі шырокім диапазоне. Таму ен рэкомендаваў І.I. Грыгаровічу дапоўніць тэкст рукапісу дысертацыі, правесці яго грунтоўнае навуковае рэдагаванне і падрыхтаваць да друку. Ужо ў сярэдзіне 1821 г. гэтая праца Грыгаровічам была паспяхова завершана, а 9 чэрвеня 1821 г. М.П. Румянцаў з Гомеля даслаў рукапіс («…плод моего желания…, писано под моим руководством…») А.Ф. Маліноўскаму для опублікавання працы на свой кошт [9, с. 183]. У другой палове 1821 г. першая навуковая праца І.І. Грыгаровича пад аўтарскай назвай «Исторический и хронологический опыт о Посадниках Новгород­ских. Из древних русских летописей» убачыла свет. У навуковых колах, мяркуючы па ацэнках і выказваннях Я. Балхавіцінава, В.Г. Анастасевіча, А.Ф. Маліноўскага ды інш., гэтае даследаванне сустрэлі з зацікаўленай увагай. К. Ф. Калайдовіч разам са станоўчай ацэнкай гэтай працы звярнуўся да М.П. Румянцава і І.I. Грыгаровіча з прапановай аб яго дапаўненні новымі летапіснымі звесткамі [9, с. 196]. Аднак у гэты час у Гомелі нарадзілася новая перспектыўная праграма навуко­вых даследаванняў, звязаная з пошукам і комплекснай распрацоўкай матэрыялаў мясцовых архіваў і кнігасховішчаў [8, с. 195-196]. Для гэтага былі свае аб’ектыўныя прычыны і рэзонныя падставы.

Плённыя вынікі першай арганізаванай М.П. Румянцавым і яго маладымі супрацоўнікамі П.М. Строевым і К.Ф. Калайдовічам Падмаскоўнай археаграфічнай экспедыцыі 1817-1820 гг. [10, с. 217-218; 11, с. 53-54], разведкі і абследаванні, праведзеныя ў 1818-1819 гг. Н.А. Мазуркевічам, Я.Ф. Канкрыным, П.I. Кеппенам, З. Даленга-Хадакоўскім [12, с. 68-72; 13, с. 18] у архівах і кнігасховішчах Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў пераконвалі М.П. Румянцава ў неабходнасці разгортвання мэтанакіраваных і сістэматычных археаграфічных і архіўна-эўрыстычных даследаванняў у Беларускім рэгіёне. Аднак на шляху іх рэалізацыі паўставаў шэраг фінансавых, арганізацыйных і маральна-псіхалагічных праблем (недавер і інэртнасць мясцовых улад, кансерватызм і раз’яднанасць правінцыяльнай грамадскасці, дэфіцыт дасведчаных людзей і г. д.). Прыгадаўшы на зыходзе 1825 года пачатак сваёй «даследчыцкай Адысеі», І.I. Грыгаровіч пісаў, што толькі з’яўленне прызнаных навуковай грамадскасцю выданняў (у першую чаргу «Беларускага архіва») «…разрешило многие преграды и предубеждения, … объяснило истину еще новую в здешнем крае, истину того, что собирание старинных документов имеет особенную цену и пользу для исследователя истории и языка» [цыт. па: 14, с. 26]. У свядомым асэнсаванні гэтых ісцін малады Грыгаровіч без ваганняў далучыўся да рэалізацыі творчых планаў свайго настаўніка-апякуна.

Ужо летам 1820 года была наладжана першая навуковая вандроўка I. Грыгаровіча па Магілёўшчыне, якая прынесла каштоўныя знаходкі: копіі дзесяці актаў з Магілёўскага гарадского архіва, апісанні рэдкіх кніг і рукапісаў Аршанскага куцеінскага і Магілёўскага брацкага манастыроў, а таксама — спіскі дакументальных збораў некалькіх праваслаўных цэркваў у наваколлі Магілёва [12, с. 73]. Аналіз эпісталярыі «румянцаўскага гуртка» за першую палову 1820-х гадоў дазваляе сцвярджаць, што пачатак пошукавай дзейнасці І.I. Грыгоровіча быў звязаны з канкрэтнай задачай — зборам і сістэматызацыяй матэрыялаў і іх афармленнем у якасці «Дадаткаў» да вядомай трохтомнай «Истории российской иерархии» (1807-1811 гг.) іераманаха Амвросія. Пасля вяртання ў Гомель І.I. Грыгаровіч старанна працаваў над гэтай тэмай. Аднак маштабы т.зв. палявых археаграфічных даследаванняў няўхільна пашыраліся. Сектар пошукаў наступнай экспедыцыі І. I. Грыгаровіча ўжо ўключаў фонды Магілёўскага магістрату, Архіерэйскага архіва, Магілёўскай семінарыі, а таксама — шэрагу манастырскіх архіваў на Мсціслаўшчыне, Аршаншчыне і інш. Аб выніках гэтай экспедыцыі ў лісце да А. Ф. Маліноўскага ад 10 кастрычніка 1821 г. граф М.П. Румянцаў з захапленнем пісаў: «…Сколько же я обрадован был, когда он (І. I. Грыгаровіч — Г. А.) мне привез списки из 60-ти грамот, опричь семи, которые единственно касаются до моего Гомеля». Далей канцлер даў зразумець, што гэтыя матэрыялы І.I. Грыгаровіч сістэматызуе, прыводзіць у храналагічны парадак і рыхтуе да апублікавання асобнымі выданнямі [9, с. 238]. Тым не менш пошук дакументаў у архівах і кнігасховішчах Усходняй Беларусі на гэтым не спыніўся. Пачаўшаяся ў красавіку 1822 г. новая археаграфічная экспедыцыя І. І. Грыгаровіча на Магілёўшчыну, якая па невядомых прычынах засталася паза ўвагай даследчыкаў, выконвала дадатковую спецыяльную задачу — пошук грамат цара Аляксея Міхайлавіча, у прыватнасці — часоў вайны Расіі і Рэчы Паспалітай другой паловы XVII ст. Арыгінальныя знаходкі М.П. Румянцаў разлічваў выкарыстаць для пашырэння комплекса актавых матэрыялаў, якія меркавалася ўключыць у 4 том вядомай дакументальнай серыі «Собрание государственных грамот и договоров» [9, с. 210]. Варта нагадаць, што ў 1811 г. канцлер М.П. Румянцаў выступіў як заснавальнік гэтага выдання, прыклаў вялікія намаганні да фарміравання яго навукова-даследчыцкай інфраструктуры, да апошніх дзён жыцця ён забяспечваў дзейсную ўсебаковую падтрымку гэтаму буйнейшаму на той час гісторыка-дакументальнаму праекту. Удзел І.I. Грыгаровіча ў гэтай справе не абмяжоўваўся палявымі археаграфічнымі даследаваннямі: ён займаўся пытаннямі атрыбуцыі асобных дакументаў, падрыхтоўкай даведак, высвятленнем тэрміналагічных пытанняў і г. д. У гомельскі перыяд менавіта I. Грыгаровіч часта выступаў у якасці самага першага кансультанта М.П. Румянцава па новых дакументальных знаходках, у тым ліку — адбіраўшыхся для прыгаданага «Собрания государственных грамот и договоров» [9, с. 266, 303]. Некалькі ўнікальных знаходак азначанай экспедыцыі, сярод якіх былі «оригинальные грамоты на пергаменте», М.П. Румянцаў у канцы мая 1822 г. атрымаў ва ўласныя рукі для правядзення навуковай экспертызы і капіравання тэкстаў [9, с. 218].

У ходзе наступных археаграфічных экспедыцый 1823-1824 гг. Грыгаровіч дэталёва абследаваў архіерэйскі і магістратскі архівы Магілёва, гарадскія архівы Мсціслаўля, бібліятэкі, кнігасховішчы і архівы Мсціслаўскага і Аршанскага манастыроў. У ліпені 1824 г. ён з вялікай трывогай паведамляў Румянцаву пра жудасныя ўмовы захоўвання дакументаў Мсціслаўскага архіва, якія «помещались в кулях». Граф тэрмінова звярнуў на гэты факт увагу Магілёўскага губернатора Хаванскага, а потым на свой кошт у пачатку 1825 г. накіраваў у Мсціслаў групу чыноўнікаў начале з Н. Гаратынскім для разбору і вопісу архіўных матэрыялаў [15, с. 47; 12, с. 74-75]. Такім чынам, рэаліі правінцыяльнай штодзённасці, у якой, па сумнаму прызнанню М.П. Румянцава, «господствовало нерадение к древностям нашим» [9, с. 191-92] адначасова з пошукам і вывучэннем гістарычных дакументаў паўставала праблема іх тэрміновага выратавання.

З 1824 г. сталая экспсдыцыйна-даследчынкая дзейнасць Грыгаровіча ў асноўным прыпыняецца. Галоўныя намаганні ён накіроўвае на распрацоўку мабілізаванага за чатыры гады комплекса актаў і іншых матэрыялаў, якія Грыгаровіч ацэньваў як каштоўную дакументальна-інфармацыйную аснову «…к истории Белоруссии, церковной и гражданской» [14, с. 26]. Менавіта ў межах гэтых рубрык ім праводзіліся праверка, адбор і папярэдняя сістэматызацыя дакументаў, а з канца снежня 1822 года, як сведчыць эпісталярыя Румянцава, пачынаецца праца над перакладам лаціна- і польскамоўных актаў на рускую мову, адаптацыя да выдання тэкстаў на старабеларускай мове і г. д. Асноўная нагрузка ў гэтай працы легла на плечы І.І. Грыгаровіча, за выключэннем перакладаў з польскай мовы, якія былі даручаны маскоўскім сябрам «румянцаўскага гуртка». У працэсе падрыхтоўкі дакументаў да выдання І. I. Грыгаровічу пры дапамозе М.П. Румянцава даводзілася вырашаць складаную праблему методыкі перадачы текста друкуемай крыніцы. У расійскай эдыцыйнай археаграфіі першай чвэрці XIX ст. гэтая методыка не была уніфікаванай, нават сярод супрацоўнікаў М.П. Румянцава існавалі розныя пазіцыі [11, с. 60; 16, с. 551-553]. І.I. Грыгаровіч, грунтоўна азнаёміўшыся з літаратурай прадмета, абраў, напэўна, адзін з лепшых варыянтаў публікацыі дакументаў з «дыпламатычнай» дакладнасцю, г. зн. з захаваннем усіх асаблівасцей тэкста. Грыгаровічам быў дэталёва распрацаваны навукова-даведачны апарат да комплекса дакументальных крыніц, якія ўрэшце былі аб’яднаныя ў выданні, атрымаўшым па ініцыятыве яго рэдактара І. I. Грыгаровіча загаловак «Белорусский архив древних грамот». 23 верасня 1823 года рукапіс яго першай часткі быў дасланы графам М.П. Румянцавым у Маскву, дзе гіад наглядам А.Ф. Маліноўскага ён прайшоў некалькі каррэктур пры ўдзеле К.Ф. Калайдовіча, Д.Н. Прылуцкага, а на апошнім этапе зноў быў перададзены Грыгаровічу. Ініцыятарам такога дэталёвага папярэдняга прагляду рукапісу быў хутчэй за ўсё М.П. Румянцаў, які меў за правіла забяспечваць прызначаемыя да публікацыі дакументы высокакваліфікаванай экспертызай [14, с. 20]. Пасля пэўных цэнзурных калізій, да якіх спрычыніўся прафесар Маскоўскага універсітэта, лідэр вядомай «скептычнай школы» у расійскай гістарыяграфіі М.Т. Качаноўскі, рукапіс быў дапушчаны ў друк [9, с. 267-268, 271-273]. Аб значнасці гэтай падзеі красамоўна сведчыла эмацыянальна-узрушаная рэакцыя

М.П. Румянцава: напоўнены гонарам за свайго маладога паплечніка, ён не стрымаўся і 6 красавіка 1824 г. у якасці своеасаблівага Вялікоднага падарунка даслаў І.I. Грыгаровічу з Масквы першы надрукаваны аркуш «Архіва» [9, с. 49]. Праз некалькі месяцаў першая частка «Белорусского архива» убачыла свет. Яна ўключала тэксты 57 актаў канца 15-18 ст. па рэгіёну Усходняй Беларусі.

Па свайму навукова-выдавецкаму і археаграфічнаму ўзроўню гэтае выданне на той час не мела аналагаў. М.М. Улашчык у сваей класічнай працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі падкрэсліваў, што выданне І. I. Грыгаровіча «ўяўляла сабой не толькі першы, але і адзін з лепшых (з археаграфічнага погляду) узораў публікацыі крыніц па гісторыі Беларусі» [14, с. 25]. Гэтую ацэнку цалкам падзяляе вядомы расійскі спецыя-ліст У. П. Казлоў, які прыходзіць да высновы, што, ў археаграфічным плане «Белорусский архив» па шэрагу момантаў нават перасягае «Сборник государственных грамот и договоров» [12, с. 106].

Другая частка «Белорусского архива», рукапис якой быў канчаткова падрыхтованы Грыгаровічам да друку ў канцы 1825 г., уключала 66 дакументаў пераважна другой паловы 14-16 ст., прадстаўленых у больш значным геаграфічным арэале. Істотную дапамогу ў падрыхтоўцы выдання оказалі вучоныя Віленскага універсітэта начале з I.М. Лабойкам, а таксама даследчыкі з Полаччыны і Віцебшчыны, «силы которых умел объединить и направить к одной цели» М.П. Румянцаў [8, с. 195]. У выніку да Грыгаровіча паступілі копіі дакументаў з віленскіх архіваў, фондаў Полацкай уніятскай кансісторыіі, маскоўскіх матэрыялаў Метрыкі BKЛ ды інш. Шэраг каштоўнейшых гістарычных крыніц (агульназемскі прывілей Казіміра 1447 г., дакументы Брэсцкага сабора 1596 г. і г. д.) упершыню ўводзіўся ў шырокі навуковы зварот.

Другая частка «Белорусского архива», адрознівалася высокім узроўнем інструментарыя археаграфічная і палеаграфічнай атрыбуцыі тэкстоў, іх навуковага апісання, цікавымі дадаткамі ўзораў «старинного почерка», кваліфікаванымі «критическими примечаниями», якія падрыхтаваў рэдактар выдання І. I. Грыгаровіч. На жаль, раптоўная смерць графа М.П. Румянцава ўнесла ў рэалізацыю гэтага навукова-выдавецкага праекта свае непажаданьм карэктывы. Другая частка так і не была надрукавана, хаця ў гэтым напрамку І.І. Грыгаровіч рабіў дастаткова прадуманыя і рашучыя захады [12, с. 105]. Неўдалыя спробы працягу выдання маглі часова прыпыніць працу вучонага-протаіерэя над трэцяй часткай «Белорусского архива», у якой ён разлічваў размясціць актавыя матэрыялы 17 ст. [14, с. 26]. Спецыялісты па выніках апошніх даследаванняў прыходзяць да высновы, што большасць дакументаў з трэццяў серыі ўсе ж не загінула для навукі, а ўвайшла ў пазнейшыя грыгаровічскія выданні 1830-х — 1840-х гг.

Увогуле «Белорусский архив древних грамот», меў каласальнае навуковае і грамадска-культурнае значэнне. Вядомы гісторык Г. Я. Галенчанка слушна адзначае, што «ён адкрыў перад даследнікамі і грамадскасцю неабсяжнае поле археаграфічнай дзейнасці, узняў заслону над амаль невядомай трагічнай і гераічнай гісторыі старажытнай Беларусі» [17, с. 424].

У перыяд падрыхтоўкі «Белорусского архива» Грыгаровіч не спыняе сваей дзейнасці па збіранню, навуковай апрацоўцы і сыстэматызацыі дакументаў па гісторыі царквы, якія мяркавалася аформіць ў выглядзу прыгаданых вышэй «Дадаткаў» да «Истории российской иерархии» Амвросія. Але, напэўна, з вясны 1823 г. гэтыя «дапаўнення» набываюць новую якасць: Грыгаровіч усведамляе неабходнасць напісання адмысловага дакументальнага твора, якому дає назву «Белорусская иерархия». Ен быў закончаны да да лета 1824 г., а ў верасні таго ж года Грыгаровіч дослаў яго рукапіс у Кіеў да аднаго з найбольш автарытэтных спецыялістаў — архіепіскапа Я. Балхавіцінава. Кіеўскі іерарх і бліскучы знаўца старажытнасцей зрабіў дэталёвы разбор працы, які завяршыў адзіным пажаданнем: «Вельмі хачу, каб Вы як мага хутчэй выдажі гэтую кнігу, карысную для папаўнення нашай царкоўнай гісторыі» [Цыт. Па: 1, с. 17]. Але гэты рукапіс напаткаў лёс другой часткі «Белорусского архива» — ён на доўгі час згубійся у архівах. Толькі у наш час намагання беларускага зямляцтва у С.-Пецярбургу начале з М. В. Нікалаевым быў знойдзены і падрыхтаваны да друку рукапіс «Белорусской иерархии». Гэтая праца І. I. Грыгаровыча ўбачыла свет у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» у 1992 г. і была прысвечана тысячагоддзю хрысціянства на Беларусі. Варта адзначыць, што і сення гэтае выданне не страціла свайго навуковага значэння» [1].

У справе вяртання спадчыны нашага вядомага земляка протаіерэя, кандыдата багаслоўя, вучонага і асветніка Іаанна Грыгаровіча істотным унёскам магло б стаць выданне зборніка яго лепшых прац, якія прыпадаюць на «гомельскі перыяд» яго духоўнай, пастырскай і навукова-аветніцкай дзейнасці.

  1. Нікалаеў, М. Прадмова [Тэкст] / М. Нікалаеў // Грыгаровіч І. I. Беларуская іерархія. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя. — 1992. — С. 5-19.
  2. Толкачева, Л. Гомельский протоиерей Иоанн Григорович и нача­ло белорусской археографии [Текст] / Л. Толкачева // Царкоўнае слова. — 1992,-№7. — С. 7.
  3. Морозов, В. Ф. Гомель классический. Эпоха. Меценаты. Архитектура [Текст] / В. Ф. Морозов. — Мн., 1997. — 336 с.
  4. Куровский, А. В. Хроника одного года: Румянцевский Гомель в 1818 г. (заметки краеведа) [Текст] / А. В. Куровский // Н. П. Румянцев и его эпоха в контексте славянской культуры. Материалы международной научно-практической конференции (Гомель, 12-13 мая 2004 г.) — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2004. — С. 138-145.
  5. Егорова, Н. В. Экономическое развитие Гомеля в годы жизни Н. П. Ру­мянцева [Текст] / Н. В. Егорова // Н. П. Румянцев и его эпоха в контексте славянской культуры. Материалы международной научно-практической конференции (Гомель, 12-13 мая 2004 г.) — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2004. — С. 125-130.
  6. Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142-1900 г. [Текст] / Л Виноградов. — М., 1900. — 48 с.
  7. Кузьмич, А. В. Светское образование в Гомеле в первой четверти 19 в. [Текст] / А. В. Кузьмич //Н. П. Румянцев и его эпоха в контексте славянской культуры. Материалы международной научно-практической конференции (Гомель, 12-13 мая 2004 г.) — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2004. — С. 134-137.
  8. Ключевский, В. О. Юбилей о[бщества] и[стории] и д[ревностей] Российских [Текст] / В. О. Ключевский // Неопубликованные произведения. — М.: Наука. — 1983. — С. 187-196.
  9. Переписка Государственного канцлера Н. П. Румянцева с московскими учеными, с предисловием, примечаниями и указателем Е. В. Барсова // Чтения ОИДР. — М., 1882. — Кн. 1-я. — 358 с.
  10. Рубенштейн, Н. Л. Русская историография [Текст] / Н. Л. Рубенштейн. М.: Госполитиздат 1941. — 659 с.
  11. Документальные памятники: выявление, учет, использование / под ред. С. О. Шмидта. — М.: Высшая школа. — 1988. — 255 с.
  12. Козлов, В. П. Колумбы российских древностей [Текст] / В. П. Козлов. — М.: Наука, — 1981, — 168 с.
  13. Малаш, Л. Піянер славяназнаўства [Тэкст] / Л. Малаш // Даленга-Хадакоўскі Зарыян. Выбраіае. — Мн.: Кнігазбор. — 2007. — С. 5-36.
  14. Улащик, Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода [Текст] / Н. Н. Улащик. — М.: Наука. — 1973. — 303 с.
  15. Переписка протоиерея Иоанна Григоровича с графом Н. П. Румян­цевым // Чтения ОИДР. — М., 1864. — Кн. II. — Отд. 1. — С. 36-64.
  16. Очерки истории исторической науки в СССР: в 2 т. Т. 1. — М.: Изд. АН СССР. — — 692 с.
  17. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Т. 1. — Мн.: “Беларуская энцы­клапедыя”. — 1993. — С. 424.


Автор:
Г.А. Алексейченко
Источник: Православие на Гомелыцине: историко-культурное наследие и современность [Текст]: сборник научных статей / Г. А. Алексейченко (ответств. ред.) [и др.]; М-во образования РБ, Гомельский госуниверситет им. Ф. Скорины. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2010. — 212 с. Ст. 13-20.