Гомельскі павет

0
123
Гомельскі павет Гомельский уезд карта

Існаваў у 1773-1777 у Рагачоўскай правінцыі, у 1852-1919 у Магілёўскай, у 1919-1926 у Гомельскай губерні. Утвораны пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. 22.7.1773 імператрыца Кацярына II зацвердзіла даклад Сената, паводле якога мястэчка Гомель прызначалася павятовым цэнтрам. 22.3.1777 у сувязі з пераносам цэнтра павета ў мястэчка Беліца (з 1786 у Новай Беліцы) пераўтвораны ў Беліцкі павет. Адноўлены пасля пераносу цэнтра павета з Новай Беліцы зноў у Гомель.

Плошча павета 4719,4 квадратных вёрст, насельніцтва 224,7 тысячы чалавек (1897). У 1917 у склад павета ўваходзіла 18 валасцей: Веткаўская, Вылеўская, Гомельская, Дзятлавіцкая, Кармянская, Маркавіцкая, Насовіцкая, Пакалюбіцкая, Палеская, Папоўская, Покацкая, Рудзянецкая, Рэчкаўская, Стараюркавіцкая, Стаўбунская, Целяшоўская, Чабатовіцкая, Чырванабудская, гарады Ветка, Новая Беліца, мястэчкі Антонаўка, Добруш, Карма, Насовічы, Уваравічы, Хальч, Шарсцін.

З 26.4.1919 Гомельскі павет у складзе Гомельскай губерні. У 1919 у Гомельскі павет перададзена з Рагачоўскага павета Дудзіцкая воласць, у складзе павета створана Мухаедаўская воласць, у 1922 — Добрушская воласць. У 1923 Папоўская воласць перайменавана ў Ленінскую воласць 9.5.1923 да Гомельскага павета далучаны Чачэрская воласць і частка Нядойскай воласці Рагачоўскага павета, а частка Чабатовіцкай воласці перададзена ў склад Рагачоўскага павета. Воласці, якія засталіся ў складзе павета, у 1923 узбуйнены, іх налічвалася 9: Веткаўская, Гомельская, Добрушская, Дзятлавіцкая, Насовіцкая, Свяцілавіцкая, Уваравіцкая, Чачэрская і Чырванабудская. Павет скасаваны 8. 12.1926, яго тэрыторыя перададзена ў склад Беларускай ССР, дзе была ўключана ў склад Гомельскай акругі.


Аўтар:
Мікалай Камінскі
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 75.