Гомельскі паплечнік Пляханава

0
159
Гомельскі рэвалюцыянер і паплечнік Пляханава

Сапраўднай падзеяй грамадскага жыцця перадрэвалюцыйнага Гомеля была выдавецка-журналісцкая дзейнасць Мікалая Іванавіча Кулябкі-Карэцкага.

Гэта была неардынарная і вядомая далёка за межамі Гомеля асоба. Нарадзіўся патомны дваранін і будучы журналіст у 1855 годзе ў недалёкім ад Гомеля сяле Уношава Клінцоўскага павета тагачаснай Чарнігаўскай губерні, у радавым маёнтку свайго бацькі, які вёў радавод яшчэ ад казацкага старшыны XVII стагоддзя.

У 10-гадовым узросце ў выніку хваробы Мікалай страціў зрок, але гэта не перашкодзіла яму сама­стойна засвоіць юрыспрудэнцыю, затым весці актыўную адвакацка-крыміналістычную практыку і стаць аўтарытэтным грамадскім дзеячом. У маладым узросце Кулябка-Карэцкі збліжаецца з народнікамі. Іх ідэі аб неабходнасці вызвалення ад самаўладдзя, аб зямлі і волі для народа становяцца і светапоглядам, і прынцыпамі грамадзянскай пазіцыі маладога адваката, якую ён не хавае ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Смелыя выказванні не абышліся без наступстваў: у 1882 годзе за “выкарыстанне суда для палітычных выкрыванняў улады” Карэцкага пазбаўляюць ліцэнзіі “прысяжнога паверанага” і некалькі разоў арыштоўваюць.

Пасля расколу народніцтва Кулябка-Карэцкі падтрымаў яго памяркоўна-сацыялістычнага пераемніка — створаную Пляханавым на эміграцыі групу “Вызваленне працы”. Пляханаўцы ставяць мэтай прапаганду ідэй навуковага марксісцкага сацыялізму ў Расіі, для чаго бяруцца за пераклад, выданне і перапраўку на радзіму марксісцкай літаратуры. Збліжэнню з “вызваленцамі” паспрыяла і тое, што неўзабаве Карэцкаму таксама давялося апынуцца ў выгнанні — у Швейцарыі і Балгарыі. У Жэневе ён сустракаецца з Пляханавым для абмеркавання выдавецкай дзейнасці групы. У арганізацыі і фінансаванні выданняў пляханаўцаў Кулябка-Карэцкі прыняў самы актыўны ўдзел. У Балгарыі ён дапамагаў таксама мясцовым сацыялістам-“цеснякам”, набыў шырокія кантакты ў міжнародным сацыял-дэмакратычным руху. Адметна, што статус неблаганадзейнага эмігранта не перашкодзіў яму застацца карэспандэнтам уплывовай ліберальна-дэмакратычнай газеты “Русские ведомости”, у якую рэгулярна дасылаліся рэпартажы і артыкулы.

У 1910 годзе Кулябка-Карэцкі вярнуўся з эміграцыі і неўзабаве пасяліўся ў невялікім маёнтку ў Навабеліцы. У савецкі час у яго сядзібе размесціцца навабеліцкая бальніца. Яшчэ ў 60-я гады ХХ стагоддзя тут, у раёне сённяшняй вуліцы Севастопальскай, пра былы панскі дом нагадвалі старыя алеі таполяў, кусты бэзу і язміну.

Нягледзячы на “стан памешчыка”, Кулябка-Карэцкі зусім не парываў з сацыялістычнымі ідэямі. Разам з мясцовым журналістам і выдаўцом Генрыхам Каганскім Мікалай Іванавіч заснаваў грамадска-палітычны і літаратурны штотыднёвік “Гомельские отклики”, у якім адначасова вёў рэдактарскую працу. Газета вытрымала ўсяго восем нумароў і спыніла сваё існаванне па невысветленых пакуль прычынах. Можна, аднак, меркаваць, што крытычна-радыкальны кірунак выдання мог выклікаць яго забарону, бо ў перыяд пасля падзей 1905 — 1906 гадоў расійская цэнзура захоўвала рэпрэсіўны характар.

Затое праз два гады Кулябка-Карэцкі распачаў уласны выдавецкі праект — “Отклики. Политическая и общественная газета”. Гэтаму выданню быў наканаваны больш шчаслівы лёс: газета з некаторымі перапынкамі выходзіла на працягу 1912 — 1915 гадоў. Кулябка-Карэцкі не толькі рэдагаваў “Отклики”, але і рыхтаваў для іх большасць матэрыялаў. Газета стала пляцоўкай для выказвання апазіцыйна-свабодалюбівай думкі не толькі рэдактара, а і ўсёй ліберальна-дэмакратычнай гомельскай грамадскасці. Выданне крытыкавала праявы самаўладнага бюракратызму, рэагавала на факты падаўлення свабоды слова, абмежавання грамадскай і палітычнай дзейнасці. Дастаткова ўвагі надавалася таксама мастацкаму жыццю горада, а найбольшай папулярнасцю карысталася пастаянная рубрыка “Літаратурныя суды” — абмеркаванне чытачамі белетрыстычных навінак і папулярных твораў.

Газета спыніла існаванне ў 1915 годзе, калі Гомельшчына, як і ўся Усходняя Беларусь, пераўтварылася ў прыфрантавую зону, а стаўка Галоўнакамандавання расійскай арміі была перанесена ў “сталічны” для Гомеля губернскі Магілёў. У гэтых умовах недзяржаўная прэса апынулася пад жорсткай цэнзурай. “Отклики” трапілі ў лік неблага­надзейных выданняў, тым больш, што ў адной з публікацый — “Сацыялісты і вайна” — газета выступіла з вострай крытыкай урадаў усіх ваюючых краін.

Аб іншых баках гомельскага перыяду М. Кулябкі-Карэцкага вядома вельмі мала. Аднак яго аўтарытэт, несумненна, быў прызнаны і тут, а вольналюбівы пафас не знік. Паказальнае сведчанне аб гэтым дае папулярная мясцовая газета “Гомельская копейка” ў паведамленні аб сходзе выбаршчыкаў для абрання складу першага гомельскага земства. Падзея была па-сапраўднаму гістарычная: у 1911 годзе царскі ўрад нарэшце дазволіў зем­ствы для трох беларускіх губерняў: Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай. У расійскіх губернях гэтыя прадстаўнічыя ўстановы існавалі з 60-х гадоў ХІХ стагоддзя і мелі ў сваёй кампетэнцыі народную адукацыю і медыцыну, мясцовую вытворчасць і гандаль, шляхі зносін, добраўпарадкаванне гарадоў і г. д.

Увядзенне рэформы, як гэта звычайна бывае, выклікала некаторую збянтэжанасць на месцах. Пры адкрыцці нарады 100 гомельскіх выбаршчыкаў дакладчык, вядомы гомельскі грамадскі дзеяч і галосны гарадской думы Г. Калашнікаў, стаў скардзіцца на пасіўнасць насельніцтва адносна новаўвядзення і ўдзелу ў выбарах, што тлумачыў навізной і недастатковай прапагандай зем­скай ідэі. Пры абмеркаванні справы М. Кулябка-Карэцкі даў зусім іншае тлумачэнне “індыферэнтызму” гамяльчан. Ён справядліва ўказаў на абмежаванасць выбарнай асновы земстваў, калі галасаванне па асобных “курыях” (асобна ад землеўладальнікаў, гараджан і валасцей) не аб’ядноўвае, а раз’ядноўвае грамадства і пазбаўляе права голасу значную яго частку. Прадбачыў аратар і тое, што пад традыцыйным чыноўніцкім кантролем, які суправаджае “ад нараджэння да магілы рускага чалавека”, земствы не развяжуць грамадскую ініцыятыву, не будуць здольны стварыць свабоднае і творчае школьніцтва. Прысутны на сходзе паліцмайстар два разы перапыняў аратара, па­трабуючы “выступаць па павестцы”. Але Карэцкі працягнуў сваю прамову і заклікаў не выбіраць у органы самакіравання “чыноўны мір”, які і так мае надзвычайную сілу. Пасля гэтага аратар атрымаў ад паліцмайстара апошняе папярэджанне. Тым не менш крытык быў абраны ў спецыяльную камісію па правядзенню тлумачальнай работы аб земскай рэформе сярод насельніцтва.

Неўзабаве пасля ліквідацыі “Гомельских откликов” М. Кулябка-Карэцкі пакінуў Гомель. Ёсць звесткі, што ён накіраваўся ў Пецярбург, дзе спрабаваў працягнуць журналісцкую справу. Вядома, аднак, што рэвалюцыйны 1917 год ён сустрэў у сваім маёнтку на Чарнігаўшчыне, дзе прымаў удзел у грамадскім жыцці, кіраваў губернскім “Сялян­скім саюзам”, шчыльна кантактаваў з партыяй расійскіх эсэраў.

Бурныя гады Грамадзянскай вайны закінулі М. І. Кулябку-Карэцкага далей ад родных мясцін. Ён апынуўся ў Варонежы, дзе да канца жыцця чытаў лекцыі пра гісторыю рэвалюцыйнага руху і быў прызнаны савецкай уладай як ветэран гэтага руху. Там ён памёр у 1924 годзе.