Гомельскі пагром 1906 года

0
983
Ахвяры габрэйскага пагрома ў г. Беластоку ў 1906 і гомельскі пагром
Ахвяры габрэйскага пагрома ў г. Беластоку ў 1906

13-14 студзеня 1906 г. ў Гомелі адбыўся пагром, у выніку якога быў спалены i разрабаваны амаль ўвесь цэнтр горада, былі таксама i чалавечыя ахвяры. Пагром з’явіўся заключным актам рэвалюцыі 1905 г. ў Гомелі.

Супрацьстаянне гомельскіх рэвалюцыянераў (паліцэйскіх ўладаў набыло жорсткі ўзброены характар. Перавага ў ім была не на баку паліцыі. На горад з насельніцтвам амаль ў 60000 чалавек было ўсяго 60 гарадавых, з якіх адначасова паставую службу неслі 17 чалавек1. Між тым, як паведамляў у пачатку студзеня 1906 г. гомельскі жандарскі ротмістр граф Падгарычані-Петравіч, рэвалюцыйныя партыі маглі выставіць да 1000 баевікоў. Яны мелі на ўзбраенні каля 200 стрэльбаў, а бундаўцы нават і 2 кулямёты. Найлепш узброеныя былі сіяністы-сацыялісты, якія маглі выставіць да 300 чалавек2.

Хаця Падгарычані быў схільны да перабольшвання, усё ж такі сілы рэвалюцыянераў былі значныя. Напрыклад, толькі адзін транспарт са зброяй, прызначанай для іх, які жандары затрымалі ў ліпені 1905 г., змяшчаў 75 рэвальвераў. У двух выяўленых майстэрнях было выбуховых матэрыялаў не менш як на 200 бомб3. Зброя ўжывалася рэвалюцыянерамі вельмі часта. Страляніна і выбухі сталі амаль звычайнай з’явай на вуліцах горада, а жыццё паліцэйскіх было пад пастаяннай пагрозай. Напрыклад, 9 ліпеня 1905г. сіяністы-сацыялісты забілі памочніка прыстава Славашэвіча4. 18 ліпеня адбыўся замах на жандарскага ротмістра Шэбеку, 22 і 24 ліпеня кідалі бомбы ў паліцмайстара Хлебнікава5.

У канцы верасня эсэры смяротна паранілі павятовага спраўніка Яленскага. Былі ўчынены замахі на гарадавых Ваўка і Буйневіча. 14 кастрычніка двойчы рабілі замахі на паліцмайстара Чэшко, у той жа дзень кінулі бомбу ў памочнікаў прыстава, неаднаразова стралялі ў казакаў. Вынік гэтага дня — самае меншае 2 забітых і каля дзесятка параненых6. Калі на пачатку снежня ў горадзе засталося ўсяго каля 250 чалавек вайсковай каманды, якой не хапала нават на ахову ўрадавых устаноў, то становішча ўладаў стала зусім незайздросным. Чыгуначная станцыя і горад апынуліся на 10 дзён пад кантролем рэвалюцыянераў і страйкавых камітэтаў7. Ротмістр Падгарычані неаднаразова паведамляў у Дэпартамент паліцыі аб нерашучасці гомельскай паліцыі, а паліцмайстара Чэшко ён абвінавачваў у прамым патуранні рэвалюцыянерам8. Апошнім актам тэрору, які і стаў фармальнай зачэпкай для пагромшчыкаў, было забойства 11 студзеня 1906 г. памочніка прыстава Асонава. Менавіта пасля яго пахавання 13 студзеня і пачаўся пагром.

Каля 4 гадзін вечара 13 студзеня ў цэнтры Румянцаўскай вуліцы раздаліся стрэлы. Каля 12 чалавек у сялянскай вопратцы перабягалі па чарзе ў магазіны, што знаходзіліся ў адным квартале паміж Траецкай і Мясніцкай вуліцамі. Яны разбівалі шкляныя вітрыны, аблівалі ўнутры газай і падпальвалі. Рухаліся яны ў напрамку да Траецкай царквы, дзе да іх далучылася яшчэ некалькі груповак. Усяго іх стала каля 60 чалавек. Яны крычалі “Няхай жыве самаўладдзе!”, “Даволі жыды выпілі крыві нашай!”. Падпальшчыкі былі добра арганізаваны, яны не рабавалі. Частка з іх адбівала замкі, частка падпальвала, частка абстрэльвала, каб ніхто не падыходзіў да іх.

Калі пачуліся стрэлы, паліцмайстар Чэшко разам з прыставам пайшоў на Румянцаўскую вуліцу, дзе ўжо гарэла ў некалькіх месцах. Каля будынку гарадской управы стаяла пажарная каманда. Па словах пажарных, калі яны пачалі тушыць на Румянцаўскай, у іх кінулі бомбу і абстралялі. Чэшко рушыў туды і сустрэў па дарозе пяхотную частку 160 Абхазкага палка на чале з афіцэрам. Як выявілася, у жаўнераў таксама кінулі бомбу і абстралялі іх. Між тым хутка цямнела, мацнеў мароз. Паліцмайстар кіраваў тушэннем пажараў. Але сіл пажарнай каманды не хапала, ад марозу і напругі лопаліся пажарныя рукавы. Таму прыходзілася толькі прытушваць агонь і пераходзіць у іншыя месцы. Пачаліся пажары ў гарадскіх гандлёвых радах і ў дамах па Базарнай вуліцы. Чэшко сведчыў, што у гарэўшых дамах, а асабліва ў крамах, дзе гандлявалі жалезнымі вырабамі, ірваліся ў агні патроны. З боку гарэўшых гандлёвых радоў чутны былі выбухі бомб. Былі звесткі, што ў адным з прыватных двароў выбух быў настолькі моцным, што сарваў дахі з трох суседніх крамаў. Два разы — ўвечары і каля 4 гадзін раніцы — Чэшко тэлеграфаваў у Магілёў, каб тэрмінова прыслалі дапамогу войскам і пажарнымі, але дарэмна.

Каля 6 гадзін вечара на пажары з’явіліся драгуны 50 Іркуцкага палка. Паліцмайстар папрасіў іх прыслаць патрулі для аховы парадку ў горадзе. На Румянцаўскай драгунаў абстралялі з-за дамоў і платоў i кінулі ў іх бомбу. Выбухам параніла каня. Хто страляў па войсках і кідаў бомбы, дакладна не высветлена, але ваенныя і паліцыя абвінавачвалі ў гэтым яўрэйскую самаабарону. Як паведамляў карнет Сушэ, ён асабіста “раскроіў галаву” аднаму яўрэю, які цэліў у яго9. Акрамя пяхотнага паручыка і двух драгунскіх карнетаў, больш афіцэраў на пажары не было. Між тым, па вуліцах бадзяліся казакі і ніжнія чыны 316 Вышневалоцкага батальёна. Яны былі без камандзіраў. Калі Чэшко ўбачыў іх “непарадачныя паводзіны і не зусім дабрасумленныя адносіны да выратоўваемай маёмасці”, ён выклікаў гомельскага воінскага начальніка. Той з’явіўся толькі пасля другога запрашэння. Па патрабаванню паліцмайстара воінскі начальнік выклікаў казацкіх афіцэраў, каб яны назіралі за паводзінамі казакаў. Аднак сам воінскі начальнік нават не прызначыў каравула для аховы маёмасці на пажары.

Чэшко з пажарнымі, часткай гарадавых і ніжніх чыноў на працягу ўсёй ночы знаходзіўся на пажарышчы. Але ён быў бяссільны спыніць як пажар у 14 дамах і вялікай колькасці крамаў, так і спадарожныя беспарадкі. Ён пакінуў месца падзей толькі каля 4 гадзін раніцы. Падгарычані паведамляў, што менавіта ён замяніў паліцмайстара, але, каб не перашкаджаць дзеянням паліцыі, ніякіх распараджэнняў не даваў і быў толькі сведкай падзей. Паліцыя ж даводзіла, што Падгарычані ўвогуле не было на пажарышчы10.

Становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што былі разрабаваныя магазіны з віном. Як сведчыў гомельскі гарадскі галава Раманаў, “усе на пажары перапіліся. Я бачыў п’яных хуліганаў, ніжніх чыноў, паліцэйскіх і пажарных. Агульнае ўражанне такое: зроблены быў пажар, а войска і паліцыя як быццам дапамагалі хуліганам”. Вайскоўцы былі “нярвова настроеныя; на неаднаразовыя… асобныя стрэлы… з вокнаў і дахаў адказвалі дружным агнём па дамах, адкуль былі стрэлы, і нават ўвогуле ў дамы, адкуль толькі глядзелі з вокнаў. Гарадскі галава спыніў двух казакаў, якія хацелі страляць у вокны гарадской управы… Ноччу і пад раніцу некаторыя з драгунаў, казакаў, галіцэйскія, пажарныя… напіліся… Адзіночныя з іх цягнулі з гарэўшых крамаў тавар”, — прыводзіў паказанні сведкаў Падгарычані. Пагромныя падзеі працягваліся ўсю ноч і спыніліся толькі ў 3 гадзіны дня 14 студзеня. У той жа дзень у Гомелі было абвешчана ваеннае становішча.

Каб высветліць прычыны і абставіны пагрому, у Гомель быў тэрмінова накіраваны дарадца міністра ўнутраных спраў Г. Савіч. Следства пагадзілася з тлумачэннямі Падгарычані, што “падпальшчыкі былі запрошаны з навакольных вёсак двума сябрамі гомельскага “саюза рускіх патрыётаў”, і мясцовых жыхароў сярод іх не было”. Адказнасць за кіраўніцтва пагромам таксама ўсклалі на “патрыётаў”. Як адзін з завадатараў пагромшчыкаў быў апазнаны чыноўнік гарадскога банка А. Шванд, які належыў да гэтага “саюза”. Аднак высветлілася, што гэты “саюз рускіх патрыётаў”, створаны недзе ў пачатку лістапада 1905 г., з самага пачатку знаходзіўся пад дабразычлівай апекай ротмістра Падгарычані. Жандар тлумачыў, што хацеў выкарыстаць “патрыётаў” як надзейных агентаў для атрымання звестак аб рэвалюцыянерах. Да таго ж хацеў аказваць “добры, змякчальны ўплыў на гэты саюз… менавіта ў мэтах… прадухіліць яўрэйскі пагром”. Але галоўным усё ж такі было зрабіць з “крайняй рэакцыйнай партыі, якой у Гомелі былі “патрыёты”, процівагу ”крайняй рэвалюцыйнай партыі”. Падгарычані прызнаў: “…ведаючы, што раблю крок, роўны злачынству, вырашыў падтрымаць матэрыяльна саюз, каб ён мог аказаць процідзеянне, калі б у горадзе ўзнікла рэвалюцыя”. У снежні 1905 г. ён асабіста тайна перадаў “патрыётам” канфіскаваныя ў рэвалюцыянераў рэвальверы (па меншай меры 25, а магчыма, 38 штук) i добра абсталяваную друкарню11.

Акрамя Шванда, у пагроме ўдзельнічаў сумнавядомы чарнасоценнік А. Давыдаў. Менавіта ён на чале атрада пагромшчыкаў i пры падтрымцы жаўнераў кіраваў вобшукам у кватэры доктара В. Захарына і, знайшоўшы нейкія паперы, крычаў жаўнерам: “Злачынная перапіска… вось яна… 60000 рублёў на камітэты… расстраляць яго!”. Захарына арыштавалі і адканваіравалі ў паліцэйскі пастарунак, дзе пратрымалі ноч і вызвалілі за адсутнасцю віны. Магчыма, што Давыдаў таксама кіраваў абстрэлам, разгромам i падпалам кватэры доктара А. Залкінда. Яго мясцовыя рэакцыянеры лічылі кіраўніком “яўрэйскага рэвалюцыйнага руху” ў Гомелі, i на думку Падгарычані, праз яго ішлі грошы на самаабарону. Пагромшчыкі зноў-такі шукалі доказаў нядобранадзейнасці Залкінда. Дарэчы, яго Падгарычані ў снежні 1905 г. патрабаваў адміністрацыйна выслаць з Гомеля.

Падгарычані паспрабаваў адначасова і абяліць “патрыётаў”, і ўкласці на іх адказнасць за пагром. Ён паведамляў Савічу, што “у саюз увайшлі некалькі немаральных людзей, якія … і павялі навакольных сялян-пагромшчыкаў на крывавую справу… ўсе сябры саюза былі супраць пагрому”12. Але сам пагром, падкрэсліваў Падгарычані, з’явіўся справядлівай “народнай помстай” за забойства Асонава, якое “перапоўніла чашу цярпення рускіх людзей”. З ім згаджаўся таварыш пракурора Барысаў: “Супраць яўрэйскага тэрору і ўзброенай шматлікай яўрэйскай самаабароны можа яшчэ няшматлікая партыя людзей, свята адданых былому рэжыму, не магла супрацьпаставіць адпаведнай узброенай сілы і таму прыбегла да такога сродка, як падпал”13.

Аднак пацярпелыя ад пагрому адкрыта абвінавацілі ў яго арганізацыі паліцыю і войска. Доктар Захарын пісаў Савічу, што “пагром у Гомелі першы ў Расіі, які здарыўся без усялікага ўдзелу натоўпу народа. Апошні замянілі казакі і драгуны, а таксама ніжнія паліцэйскія чыны… Хаця пры пагроме і быў “начальнік” Давыдаў і нейкі Шванд, якога абвінавачваюць у падпалах, прыватныя асобы не маглі б стварыць такога буйнога разгрому і такіх шматлікіх пажараў на працягу больш за 16 гадзін, калі б непасрэдна ў гэтых злачынствах не прымалі ўдзел чыны гарнізону і мясцовай паліцыі”. Таварыш пракурора Барысаў ускосна пацвярджаў гэта: “Цяжка было чакаць ад ніжніх чыноў спачування да пагарэлыцаў — яўрэяў і дапамогі чынам паліцыі супраць падпальшчыкаў“. Следства пацвердзіла факты рабунку маёмасці пагарэльцаў ніжнімі чынамі Вышневалоцкага запаснога батэльёна, якія нават вывозілі нарабаванае на возчыках. У аднаго з іх ён адабраў цэлы пас з гадзіннікаў. Пацвердзілася таксама, што казакі прымалі ўдзел у нападзе на дом доктара Залкінда. Дзеянні на пажары ніжніх чыноў 160 Абхазкага палка і драгунаў 50 Іркуцкага палка следства прызнала бездакорнымі.

Савіч у сваім рапарце па выніках следства згадзіўся з версіяй “народнай помсты”: “прычынай беспарадкаў… былі дзёрзкія і злачынныя праявы рэвалюцыйнага руху мясцовых сяброў Бунду і іншых крайніх партый яўрэйства, а з другога (боку) — помста ім шайкай падпальшчыкаў і пагромшчыкаў, якія знаходзіліся ў некаторай сувязі з “тайным саюзам патрыётаў”… гэта помста выразілася ў падпале і разгроме згаданай шайкай дамоў і гандлёвых памяшканняў яўрэяў і суправаджалася разрабаваннем маёмасці апошніх хуліганамі і іншымі перапыніўшыміся людзымі, у тым ліку некалькімі ніжнімі чынамі мясцовай вайскавой каманды…”. У той жа час Савіч абвінаваціў Падгарычані і ў перавышэнні ўлады, калі той перадаў зброю “патрыётам”, і ў злачыннай бяздзейнасці пад час пагрома14. Але ўсё ж такі галоўная адказнасць за пагром перакладвалася ім на яўрэйскую самаабарону і праявы ананімнай “народнай стыхіі”.

Але калі пагром быў “народнай помстай” рэвалюцыянерам, тады чаму грамілі буржуазны гандлёвы цэнтр горада, а не кварталы яўрэйскай беднаты, як гэта рабілі ў 1903 годзе? База партыйных баявых атрадаў i самаабароны была менавіта там. З другога боку, чаму шматлікія i добра ўзброеныя баявыя атрады і самаабарона ў спрыяльных для сябе ўмовах не ўступілі ў бой з пагромшчыкамі? Магчыма, адказ у тым, што арганізатары пагрому жадалі не столькі “адпомсціць” рэвалюцыянерам, колькі напалохаць асноўную масу яўрэйскага насельніцтва, каб яно перастала падтрымліваць баявыя атрады. Напалохаць жа зусім няцяжка пасля хвалі крывавых яўрэйскіх пагромаў 1905 г. Да таго ж, ясна прасочваецца жаданне знайсці і перакрыць крыніцы фінансавання баявых атрадаў І самаабароны. Фінансаванне, як небеспадстаўна лічылі жандары, у значнай ступені праводзілася яўрэйскай буржуазіяй, дабраахвотна ці не — іншае пытанне. Патрэбна было напалохаць яе так, каб яна паліцыі i “народнай стыхіі” баялася больш, чым рэвалюцыянераў. Калі б гэтыя заданы былі выкананы, то баявыя атрады, страціўшы падтрымку насельніцтва і крыніцы фінансавання, зніклі б самі сабой, (што ў значнай ступені ў Гомелі і адбылося). Напад жа на кварталы яўрэйскай беднаты, акрамя вялікіх страт, хутчэй за ўсё, як паказаў 1903 г., прывёў бы да супрацьлеглых вынікаў. Са свайго боку, баявыя атрады Бунда і іншых партый, відавочна, не жадалі пакідаць рабочыя кварталы без абароны і ўступаць ў бой за маёмасць буржуазіі. Да таго ж, рэвалюцыя ўжо ішла на заняпад, і дапамогі чакаць не было адкуль. Тое, што баявыя атрады не ўступілі ў бой, а засталіся на ўскраінах горада, магчыма, і дазволіла пагромшчыкам без асаблівых цяжкасцей спаліць i разрабаваць цэнтр горада.

У выніку пагромных падзей было спалена 12 каменных і адзін вялікі драўляны дом, у якіх было больш за паўсотні магазінаў. Былі знішчаны гарадскія гандлёвыя рады, дзе спалілі каля сотні крамаў. Агульныя страты складалі ад 2 да 4 мільёнаў рублёў. Па афіцыйных дадзеных, быў забіты 1 чалавек, калі ж улічваць паведамленні вайскоўцаў, то забітых было не менш 4 чалавек, 11 чалавек былі паранены15.

Гомельскія ўлады ніякай адказнасці не панеслі. Паліцмайстара Чэшко перавялі ў іншае месца. Камандзірам вайсковых частак былі абвешчаны вымовы, казацкага есаула арыштавалі на тры дні. Жандарскага ротмістра Падгарычані-Петравіча перавялі на тую ж пасаду ў Ялту, а на патрабаванні С.Ю. Вітэ прыцягнуць Падгарычані да судовай адказнасці Мікалай II адказаў: “Якая мне да гэтага справа?16“.

Літаратура

  1. Материалы i истории русской контрреволюции Т. 1. Погромы по официальным документам. СПб. 1908. С.383-384.
  2. ДАРФ. Ф. 102.00.1905/2/. спр. 1350. (матэрыялы гэтай архіўнай справы выкарыстоўьаюцца далей у тэксце без дадатковых спасылак).
  3. Материалы к истории русской контрреволюции. С.395.
  4. 1905 году Беларусі. Мн. 1926.С.214-215.
  5. Майзель Л.Н. 1905-1907 гг. на Беларусі. Хроніка падзей. Мн.
  6. С. 116,117.
  7. 1905 год у Беларусі. С. 228.
  8. Высший подъем революции 1905-1907 гг. Ч.4 .М 1957.С.230, 241-244.
  9. Высший подъем революции. С.230-231;
  10. Второй период революции 1905-1907 гг. 4 1 Кн.2. М 1959. С.470.
  11. Материалы к истории русской контрреволюции.С.389,390;
  12. Там жа. С.382,393,395-396.
  13. Там жа С.393.
  14. Там жа С.382.
  15. Там        жа С.386-387, 390.
  16. Второй период революции.С.467,470.
  17. Революция 1905 года и самодержавие. М. 1928.С.58-61.

Аўтар: В.А. Міхедзька
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996. Ст. 70-78.