Гомельскі падпольны абкам КП(б)Б у Вялікую Айчынную вайну

0
1429
Гомельскі падпольны абкам КП(б)Б у Вялікую Айчынную вайну.

Гомельскі падпольны абкам КП(б)Б у Вялікую Айчынную вайну. Створаны ЦК КП(б)Б і працаваў пад яго кіраўніцтвам з 19.8.1941 да 26.11.1943. Дзейнічаў на тэрыторыі  Гомельскай вобласці. Фармаваў новыя і папаўняў створаныя раней падпольныя партыйныя камітэты, узначальваў Жлобінскі падпольны міжрайкам КП(б)Б, падпольныя Гомельскі гаркам, 13 райкамаў партыі, якія аб’ядноўвалі 87 пярвічных партыйных арганізацый, 1772 камуністаў у партызанскіх фармаваннях, 9 райкамаў выдавалі газеты. Стварыў і кіраваў Гомельскім партызанскім злучэннем, Гомельскім, Добрушскім, Жлобінскім, Кармянскім, Рэчыцкім гарадскім і Рэчыцкім раённым, Рагачоўскім, Чачэрскім і іншым патрыятычным падполлем, праводзіў палітычную работу сярод насельніцтва, растлумачальную — сярод салдат варожых фармаванняў. Накіроўваў дзейнасць Гомельскага падпольнага абкама ЛКСМБ.

Сакратары абкама КП(б)Б I.П. Кожар (адначасова са снежня 1942 упаўнаважаны ЦК КП(б)Б па Гомельскай вобласці), К.К. Куцак (да 12.11.1942), чальцы Е.I. Барыкін (адначасова сакратар Гомельскага падпольнага гаркама КП(б)Б), А.Дз. Рудак (да 5.10.1943), А.Ф. Ждановіч (6.7-2.10.1943).

Друкаваны орган — газета “Гомельская праўда”, выдаваў лістоўкі, адозвы, звароты, бюлетэні, зводкі Саўінфармбюро. Для большай аператыўнасці кіраўніцтва і захавання ў выпадку правалу партыйных органаў абкам стварыў са свайго складу партыйныя цэнтры ў паўночнай і паўднёвай групах раёнаў. Паўночную групу ўзначальваў Куцак (да лістапада 1942, базаваўся ў партызанскім атрадзе “Бальшавік” аднайменнай брыгады), паўднёвую — Кожар (базаваўся ў Лоеўскім партызанскім атрадзе “За Радзіму” аднайменнай брыгады). Пазней абкам базаваўся ў партызанскім атрадзе імя Варашылава партызанскай брыгады Рэчыцкай імя Варашылава, з траўня 1943 — ў партызанскім атрадзе імя Кірава Гомельскай вобласці.

У гонар падпольнага абкама КП(б)Б, Рэчыцкага падпольнага РК КП(б)Б, Рэчыцкай партызанскай брыгады імя Варашылава ў в. Гарноўка Рэчыцкага раёна ў 1968 пастаўлены абеліск.

Літаратура

Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941-1944), Мн., 1975;

Партийное подполье в Белоруссии 1941-1944. Страницы воспоминаний Витебская Могилёвская, Гомельская, Полесская обл. Мн., 1985.


Аўтар:
Аркадзь Рудак
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст.75-76.