Гомельскі міф пра казацкага валадара Гомеля Андрэя Мурашку

0
862
Вооружённый казак скачет на коне и курит трубку
Рэестравы казак

Сярод гомельскіх навукоўцаў распаўсюджана думка, што ў сярэдзіне 17-га стагоддзя пэўны час Гомелем кіраваў нікому не падкантрольны казак Андрэй Мурашка – такі сабе бацька Махно часоў Патопу.

Так у сваёй кнізе «Ад Гомеля да Гамеюка» вядомы гомельскі аўтар А. Рогалеў піша, што «В августе 1654 года Андрей Мурашко в составе казацких отрядов въезжал в побежденный город. Думал ли он тогда, что через 7 лет станет «главой» этого города и всей «вольной казацкой республики».

Рогалеў таксама сцвярджае, што ў Андрэя быў брат «Дионисий».

Вядомы археолаг і гісторык А. Макушнікаў у артыкуле «Злавеснае стагоддзе» (Гісторыка-дакументальная хроніка «Памяць») таксама піша пра панаванне ў Гомелі з 1660 па 1672 год «злачыннага» казака Андрэя Дзянісавіча Мурашкі, які «паспытаў усю прывабнасць «вольнай» улады».

Услед за Рогалевым і Макушнікавым тое ж самае сцвярджае гомельскі пісьменнік і адначасова выкладчык гісторыі С. Балахонаў: «Адным з найкалярытнейшых валадароў Гомелю другой паловы XVII стагодзьдзя быў нехта Мурашка, які круціў фігі і Рэчы Паспалітай, і Маскве: «Полуказак, полуполяк, сумел продержаться в Гомеле более 10 лет». Акрамя таго, што яму ўдавалася трымаць горад, ён ці не штогод чыніў рэйды ўглыбкі Ўкраіны. Памянёны стыль кіраваньня Мурашкі многіх гамяльчан не задавальняў, і яны ўцякалі ізноў-такі на ўкраінскія землі. Сам Мурашка пакінуў Гомель перад наступам войскаў Рэчы Паспалітай, пакаяўся перад маскалямі ды выправіўся ў турэцкія палі, дзе й застаўся без галавы».

Толькі вось ёсць сумненні ў тым, што цэлыя дзесяць гадоў у Гомелі была «незалежная казацкая рэспубліка», а таксама ў тым, што кіраўніком гэтай рэспублікі быў менавіта Андрэй Мурашка.

Так напрыклад досыць аўтэрытэтны «Polski słownik biograficzny» сцвярджае, што ў Гомелі размяшчаўся не Андрэй Мурашка, а бацька Андрэя — Дзяніс Мурашка, які быў «польскім» палкоўнікам. Гэта азначае, што ён служыў Рэчы Паспалітай і ні аб якой «незалежнай рэспубліцы» не магло быць і гаворкі.

Пра Мурашку, як менавіта пра «польскага» палкоўніка гавораць і гістарычныя крыніцы. Напрыклад:

Въ концѣ мая, Бруховецкій выслалъ полковниковъ — черниговскаго Демка Многогрѣшнаго и стародубскаго Леска Остренина къ Гомелю противъ польскаго полковника Мурашки, который то и дѣло что безпокоилъ сѣверные предѣлы Малороссіи.

(Костомаров Н. И., Исторические монографии и исследования. Том 15 стр. 129)

Яшчэ 18 верасня 1658 г. Дзяніс Мурашка, які ў той час быў наказным казацкім палкоўнікам (Дзяніс Мурашка ў той перыяд называў сябе «беларускім палкоўнікам») і ваяваў супраць ВКЛ, перайшоў на бок Рэчы Паспалітай. На сойме 1659 г. Дзяніс і яго сын Андрэй, разам з некаторымі іншымі казакамі, атрымалі набілітацыю, гэта значыць, што ім было нададзена шляхецтва. Менавіта часткі Дзяніса Мурашкі, якія ўваходзілі ў склад войска Рэчы Паспалітай, кантралявалі Гомель з 1661 па 1668 г. У гэтых частках служыў і Андрэй Мурашка, якога, як вынікае з аналізу гістарычных дакументаў, блытаюць з яго бацькам. Таму можна сцвярджаць, што сем гадоў (а не дзесяць) ваенным кіраўніком у Гомелі быў не Андрэй Мурашка, а яго бацька – Дзяніс. І што быў ён не нейкім «незалежным атаманам», а палкоўнікам Рэчы Паспалітай. Гомельскім старостам у гэты час быў Зыгмунт Слушка.

Дарэчы, тое, што Гомель належаў у гэты час Рэчы Паспалітай, а не быў нейкай казацкай рэспублікай, ускосна падцвярджае і той факт, што драўляны гомельскі касцёл, пабудаваны ў 1631 годзе праіснаваў да 1737 года, калі ён згарэў у час вялікага пажару. Калі б улада ў Гомелі належала казакам, то без сумнення, ён бы быў спалены значна раней, бо вядома, як ставіліся казакі да каталіцтва.

Праведзены аналіз гістарычных крыніц дазваляе выказаць меркаванне, што гэтая блытаніна паміж Дзянісам і Андрэем Мурашкамі пайшла ад Л. Вінаградава, які ў сваёй кнізе «Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 г.» першым напісаў аб Мурашку. У сваёй працы Вінаградаў не падае імя валадара Гомеля (толькі прозвішча Мурашка), але з «Заўвагаў» да кнігі вынікае, што вайсковым кіраўніком Гомеля быў менавіта бацька — Дзяніс Мурашка. Вось, што піша ў «Заўвагах» Вінаградаў спасылаючыся на «Акты Паўднёвай і Заходняй Расіі»: «В конце 1666 г. Мурашкин сын ходил разбойничать, но потерпел поражение и едва спасся с небольшим отрядом конницы». Але далей Вінаградаў піша пра валадара Гомеля ўжо падаючы факты з біяграфіі не Дзяніса Мурашкі, а яго сына — Андрэя Мурашкі, тым самым усё заблытваючы.

У 1668 годзе, пасля Андрусаўскага перамір’я полк Дзяніса Мурашкі быў накіраваны ў Мазыр, дзе ён ахоўваў паўднёвыя межы ВКЛ. Пасля 1672 года звесткак пра Дзяніса Мурашку няма.

Сын Мурашкі Андрэй у 1668 годзе перайшоў да казакаў гетмана Мнагагрэшнага і служыў палкоўнікам (між іншым называлі яго там «палкоўнік рэчыпаспалітай»). Потым ён быў зняволены. Пасля ізноў ваяваў палкоўнікам супраць татараў. Вось што піша пра лёс Андрэя Мурашкі С. Родзін («Отрекаясь от русского имени»):

«Разорив все эти городки, турки двинулись к Ладыжину, гарнизон которого составлял охотницкий полк Андрея Мурашки. Казаки заперлись в замке, а жители города, после того, как предместье было полностью сожжено в результате длительной бомбардировки, сдались на милость победителя. Вместе с ними положили оружие и 800 казаков. Турки тотчас забили их в колодки и отправили невольниками на галеры. Той же участи подверглись и мещане со своими семьями. Мурашка не захотел сдаваться. В течение нескольких дней он со своими казаками отбивался в замке, пока от непрерывных боев, зноя и безводья все не изнемогли и не полегли».

У сувязі з усім вышэй напісаным, камічным і кур’ёзным выглядае той факт, што сучасныя гомельскія псеўдаказакі, прыхільнікі праваслаўя і адзінай Русі, у якасці аднаго з сваіх айцоў-папярэднікаў разглядаюць Мурашку, які быў хутчэй Андрыям Бульбай, а не Тарасам з вядомага твору М. Гогаля.