Кожная супольнасць спараджае наратыў – апавяданне, расказ аб рэчаіснасці, быцці. Класікі гістарыясофіі і філасофіі постмадэрнізму сцвярджалі, што сама гісторыя нараджаецца тады, калі аб ёй гавораць, расказваюць, што ўрэшце яна складаецца з мноства апавяданняў, расказаў. У такім сэнсе наратыў паўстае як сукупнасць сказанага/напісанага пра пэўны элемент рэчаіснасці. Спараджаюць наратыў і гарады. Таму літаральна ўсё – ад знойдзеных археолагамі старажытных артэфактаў і летапісных паведамленняў да літаратурных твораў, песень і кінастужак, якія так ці інакш тычацца горада – з’яўляецца часткаю гарадскога наратыву.
Аднак наратыў, якім бы багатым ён ні быў, абавязкова сутыкаецца з феноменам памяці горада як разнавіднасці сацыяльнай памяці. З аднаго боку памяць горада ўяўляе сабой сацыяльны інстытут, які ўключае ў сябе установы культуры, музеі, архівы, банкі інфармацыі ды інш. З іншага ж – гэта складаная інфармацыйная сістэма, у якой дзейнічаюць асаблівыя заканамернасці захавання, пераасэнсавання і аднаўлення інфармацыі аб мінуўшчыне. У першай сваёй іпастасі памяць горада імкнецца засвоіць і захаваць напрацаваны наратыў, а ў другой – забяспечыць яго пастаянную рэтрансляцыю. З апошняй і ўзнікае праблема, бо механізмы рэтрансляцыі наратыву могуць даваць сур’ёзныя збоі, аж да таго, што адна з асноўных функцый культуры – функцыя гістарычнай пераемнасці – выконваецца толькі часткова. Не будзе перабольшаннем сцвярджэнне, што гэтая праблема з’яўляецца актуальнай для Гомеля.
За стагоддзі свайго існавання наш горад прайшоў праз мноства выпрабаванняў на віражах гісторыі. Аднак насуперак гэтаму вакол Гомеля паўстаў і захаваўся немалы наратыў, пра што сведчаць даследаванні навукоўцаў у розных галінах – А.А. Макушнікаў, А.Р. Яшчанка, У.В. Анічэнка, І.Ф. Штэйнер ды інш. Іх праца сведчыць, што інстытуалізаваныя формы існавання памяці горада функцыянуюць. Калі ж справа даходзіць да рэтрансляцыі вынікаў іх даследаванняў, то пачынаюцца праблемы. Рэтрансляцыя адбываецца, але кола спажыўцоў выніковай інфармацыі атрымліваецца вельмі вузкім – гэта спецыялісты адпаведных навуковых галін, зацікаўленыя краязнаўцы і нязначная частка, як сказаў бы Францыск Скарына, паспалітых гараджан, якія выпадкова натрапяць на артыкул у мясцовай прэсе ці пабачаць сюжэт на адным з гомельскіх тэлеканалаў. Яшчэ радзей вынікі навуковых працаў уплываюць на насычэнне гомельскай культурна-гістарычнай прасторы мастацкімі вобразамі (напрыклад, скульптурамі ці песнямі).
Прычыны абыякавасці гамяльчан да мясцовай культурна-гістарычнай спадчыны, як і да з’яў сучаснай культуры ў горадзе, высветліць цяжка. Магчыма, яны хаваюцца ў адчувальна рэзкіх зменах культурнага кантэксту, якія Гомель зведваў за апошнія 250 гадоў. Уваход у склад Расійскай імперыі, ператварэнне ў горад з пераважна яўрэйскім насельніцтвам, адарванне ад Савецкай Беларусі ў часы грамадзянскай вайны, вяртанне ў склад БССР на схіле беларусізацыі, генацыд часоў фашысцкай акупацыі, масавы наплыў перасяленцаў з вёскі, які пачаўся ў хрушчоўска-мазураўскія часы – усе гэтыя акалічнасці або перакрэслівалі пераемнасць жывой гарадской традыцыі, або зводзілі яе магчымасці да мінімуму.
Перасяленцы з вёсак, як і людзі, што пераехалі сюды з іншых гарадоў Беларусі і ў цэлым Савецкага Саюза, зазвычай, не выяўлялі здольнасці да паўнавартаснага асэнсавання гісторыі Гомеля, а толькі засвойвалі простую схему: “заснаванне” – падараванне “деревни Гомий” Румянцаву – рэвалюцыя 1917 г. – Вялікая Айчынная вайна – сучаснасць. Пры гэтым веданне зместу эпох (асабліва дарумянцаўскай) ужо выглядае праблематычным. Год першай летапіснай згадкі часта памылкова называюць годам заснавання. Могуць згадаць, што раней Гомель быў “яўрэйскім мястэчкам”, але не ведаюць ні слоўца на некалі гутарковай для масы гамяльчан мове ідыш і наўрад ці ўспомняць раман Ільі Эрэнбурга “Бурнае жыццё Лазіка Ройтшванеца”, частка дзеяння якога разгортваецца ў Гомелі часоў нэпа. Гомельскія гарадскія легенды, якія б былі знаёмыя шырокаму колу гараджан, можна пералічыць на пальцах. Аналага кнігі Міхаіла Валодзіна, які сабраў “минские историйки”, у Гомеля пакуль няма. Але ці зможа ў выпадку стварэння падобная кніга, укладзеная на гомельскім матэрыяле, быць выдадзена масавым тыражом, які б вельмі хутка разышоўся?
Гомельская няўважнасць да аблічча свайго горада сама па сабе можа быць “историйкой”. Большасць гомельскіх мастоў безыменная. Востраў на рацэ Сож каля Старой Валатавы безыменны. Большасць гомельскіх мікрараёнаў маюць безаблічныя нумарныя назвы.
– Дзе сустрэнемся? – пытаецца хлопец у дзяўчыны.
– Дзе-небудзь у цэнтры, – адказвае тая.
– Добра. Давай каля помніка Кірылу Тураўскаму, – называе арыенцір хлопец.
– А дзе гэта? – няўцямна ўдакладняе дзяўчына, і абазнанаму кавалеру даводзіцца цешыцца ўжо хаця б таму, што яна не спытала: “А хто гэта такі – той Кірыла Тураўскі?”.
Магу памыляцца, але падобны дыялог уяўляецца малаверагодным для Санкт-Пецярбурга ці Адэсы. А ў нас гэта амаль што звыклая з’ява. Ці магчыма неяк выправіць сітуацыю? Здаецца, што на дапамогу магла б прыйсці масавая культура з тыражаваннем хаця б асобных элементаў гомельскага наратыву. Аднак і тут бяда – беларуская масавая культура існуе толькі намінальна, бо рэальна не ахоплівае шырокія масы спажыўцоў. Спажыўцы аддаюць сваю ўвагу прадукцыі замежнай масавай культуры або нашым суайчыннікам, якія дасягнулі значных поспехаў у замежжы. Выключэнняў з гэтага правіла амаль не бывае.
[Паказваю аўдыторыі канверт]. У гэтым канверце варыянты адказаў, якія, хутчэй за ўсё, вы дасце на маё пытанне: скажыце, калі ласка, якая песня пра Гомель з’яўляецца самай [У канверце назвы песень Сярогі і Городской Тоски; калі і яны не называюцца аўдыторыяй, то бегла нагадваю пра іх існаванне]пра іх існаванне]. Але ж гэтыя песні былі напісаныя толькі ў пачатку ХХІ ст. Няўжо да гэтага Гомель як аб’ект натхнення зусім не цікавіў музыкаў і спевакоў? Цікавіў. Загваздка ў тым, што ўсё створанае раней паспяхова дасталася забыццю, бо за зменлівасцю культурна-гістарычнага кантэксту гублялася патрэба захоўваць і перадаваць плён працы творцаў папярэдніх перыядаў гарадской гісторыі.
І вось на “Дзень горада” да нас прыязджае Стас Міхайлаў, каб спяваць на стадыёне. Але не таму, што ён гамяльчанін ці стварыў песню пра Гомель, а таму, што масы гараджан успрымаюць яго як зорку. Тым часам гомельскія выканаўцы і групы віншуюць землякоў з гарадскім святам, выступаючы на лакальных пляцоўках, раскіданых па ўсім горадзе. Ад іх можна пачуць песні пра родны Гомель. Але гэтыя песні напісаныя збольшага на хвалі спантаннага прыроднага гарадскога патрыятызму без прыкметнай культурна-гістарычнай асновы, калі не лічыць згаданую раней спрошчаную схему гомельскай гісторыі. І ў выніку атрымліваюцца такія вось радкі як квінтэсенцыя любові да роднага горада: “Это город Гомель, хоть и не огромен, череп за него любому проломим”. Чарговы парадокс – пятнаццацігадовы рэпер, прынамсі на словах, гатовы біцца за Гомель, але не гатовы ўспрыняць мінімальны набор звестак з гісторыі роднага горада, які дае настаўнік на ўроку ў рубрыцы “Наш край”.
Мінулым годам у рамках навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў разам з маімі вучаніцамі мы разгледзелі пятнаццаць сучасных песень, прысвечаных Гомелю, якія здолелі адшукаць праз сацыяльную сетку “ВКонтакте”. Калі гістарычная тэматыка ў іх і закраналася, то часцей за ўсё гаворка ішла пра часы Вялікай Айчыннай вайны і эпоху Румянцавых. Сярод геаграфічных аб’ектаў, якія прыгадваюцца ў песнях, у яўных лідарах гомельскі парк і рака Сож. Тым часам матывы традыцыйнага і гарадскога фальклору практычна адсутнічаюць. Сучасныя ж рэаліі горада, калі і адлюстраваныя, то ў недастатковай ступені і вельмі спецыфічна.
Здесь водители катают на одной резине.
Здесь одни и те же люди у ларька и в магазине.
Бабушка в церковь с одной и той же корзиной.
Те же деды в домино под балконом квартиры.
Бригадир кричит: «Куда тащишь кирпич?»
Складана вызначыць матывы, якімі кіраваліся аўтары песень, ствараючых іх. Аднак можна выказаць дапушчэнне, што пэўная частка стваралася з наіўным разлікам на поспех і вядомасць сярод гамяльчан. У такім разе творчасць прыпадабняецца гонкам за масавай культурай з уласцівым ёй кічам ды іншымі адметнасцямі. Тады ў тэкстах “праспект” абавязкова рыфмуецца з “рэспектам”, а Гомель можа быць названы “конфеткой”, “кокеткой” і нават “старлеткой”, г.зн. маладой амбітнай актрысай, якая імкнецца дасягнуць сваіх мэтаў любымі, нават сумнеўнымі, спосабамі. Тады можна пісаць, што Гомель “всю Европу сразил, и никто не возразил”, што “вся эта красота, когда ночь наступает, бутики горят, а фонари всё освещают”.
Іншым шляхам гомельскіх музыкаў бачыцца дэканструкцыя прадуктаў масавай культуры праз выкарыстанне пародыі і блізкіх да яе сродкаў. Напрыклад, бард Андрэй Мельнікаў у песні “Гомель”, выкарыстоўваючы прыём уласцівы стваральнікам электроннай музыкі ў стылях рэйв і хаус, пералічвае 23 геаграфічных аб’екта нашага горада. Гарадская легенда-жарт пра гомельскае метро знайшла сваё ўвасабленне ў трох парадыйных кампазіцыях (адна нават у трох частках!), за аснову якіх узятая песня аўтарства Ігара Нікалаева “Маленькая страна”. Гэта гурты “РГ.Диверсия” і “St.MiR”, а таксама ваш пакорны слуга. Відавочна, што ад пачатку намі ставіліся розныя мэты, але ў выніку атрымаўся падобны сэнс. Гомельскае метро – гэта не столькі жарт ці мара, колькі сімвал нябачнасці, непрыкметнасці гомельскага гарадскога наратыву, як у сваіх даўнейшых, так і ў сучасеных праявах.
[Выконваю песню “Гомельскае метро”]
Шукайце гомельскае. Вывучайце гомельскае. Стварайце гомельскае.
Дзякуй за ўвагу!
Заўвага: гэты выступ адбыўся 19 снежня 2015 г. на закрыцці абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў па прыродазнаўчых і сацыяльна-гуманітарных напрамках «Пошук» у Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.