Гомельскі камітэт рэвалюцыйнай аховы

0
1270
Гомельскі камітэт рэвалюцыйнай аховы

Гомельскі камітэт рэвалюцыйнай аховы, самадзейная грамадска-палітычная арганізацыя ў Гомелі ў 1917. Утвораны ў падтрымку Часовага ўрада па ініцыятыве рэвалюцыйна-дэмакратычных партый на кааліцыйнай аснове з прадстаўнікамі афіцыйных органаў. Валодаў элементамі ўлады.

Рашэнне аб арганізацьп камітэта прынята 11(24).07.1917 на надзвычайным сходзе Гомельскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў сумесна з чальцамі ротных і палкавых камітэтаў, камандзірамі вайсковых частак і прадстаўнікамі мясцовай адміністрацыі. Адлюстроўваў пераходны стан улады ад двоеўладдзя да адзінаўладдзя на карысць Часовага ўрада. Меў 3 склады. У 1-ы склад увайшлі ад выканкома Гомельскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў меншавік Злотнік, ад ваеннай секцыі Савета чалец Гомельскага камітэта РСДРП(б) П.К. Вагданаў (старшыня), ад выканкама Гомельскага павятовага Савета сялянскіх дэпутатаў эсэры Засорны, Герман, Малкін, камісар Часовага ўрада Фен-Раеўскі, начальнік гарнізона палкоўнік Лункевіч.

Галоўная задача камітэта — арганізацыя аховы і падтрыманне парадку ў горадзе, барацьба з узброенымі дэзертырамі. Для гэтай мэты сфармаваў з нестраявых вайскоўцаў атрад, выдаў яму 400 вінтовак. Умешваўся ў дзейнасць ваенных улад, без яго ведама вайсковыя часткі не мелі права выходзіць з казармаў. У канцы ліпеня інспекцыя на чале з генералам Радзько правяла рэвізію дзейнасці камітэта і прызнала, што яна адпавядае моманту 10(23) жніўня дзейнасць камітэта ўхваліў выканкам Гомельскага Савета 18(31).07.1917 на нарадзе камітэта з удзелам прадстаўнікоў Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, палітычных партый, прафсаюзаў, харчавога, зямельнага і чыгуначнага камітэтаў, асобных вайсковых частак і іншых была ўхвалена дэкларацыя Часовага ўрада. 11(24) жніўня камітэт самаскасаваўся.

У сувязі з карнілаўскім мяцяжом камітэт адноўлены 28.08(10.09).1917 у новым складзе як надзвычайны кааліцыйны рэвалюцыйна-дэмакратычны орган для барацьбы з контррэвалюцыяй. У другі склад камітэта ўвайшлі 13 чалавек. 6 ад Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў (па 2 ад меншавікоў, эсэраў і бальшавікоў), 2 ад выканкама павятовага Савета сялянскіх дэпутатаў, па аднаму ад гарадской і земскай упраў, начальнік  гарнізона, камісар Часовага ўрада і начальнік міліцыі. Пераважалі эсэры і меншавікі.  Старшыня — Багданаў.

Камітэт адыграў станоўчую ролю ў задушэнні мяцяжу, каардынацыі дзейнасці Саветаў, грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Камітэт падпарадкаваў свайму ўплыву мясцовы гарнізон, забраў з майстэрні 49 кулямётаў, 5400 вінтовак, 249 рэвальвераў, узброіў нестраявыя падраздзяленні, сфармаваў разам з іншымі арганізацыямі атрад і накіраваў у напрамку Магілёва. Кантраляваў рух вайсковых частак, тэлеграф, тэлефон, усталяваў сувязь з рознымі арганізацыямі Петраграда, Оршы, Рагачова, Мінска і інш. Падтрымліваў Часовы ўрад. Прадстаўнікі камітэта 31 жніўня (13 верасня) выступілі са справаздачай аб яго дзейнасці ў час мяцяжу, якая была ўхвалена на сумесным пасяджэнні Гомельскага Савета і прадстаўнікоў салдацкіх і рабочых дэпугатаў 5(18) верасня камітэт распушчаны. Замест яго ўтворана бюро ў складзе 6 чальцоў Савета для кантролю за дзейнасцю мясцовых улад.

У трэцім складзе камітэт адноўлены 26.10(8.11).1917 па ініцыятыве мясцовых лідэраў меншавікоў і эсэраў на надзвычайным сходзе прадстаўнікоў выканкамаў Савета рабочых і салдацкіх і павятовага Савета сялянскіх дэпутатаў, фабрычна-заводскіх камітэтаў і інш.  Усе фракцыі за выключэннем бальшавікоў выступілі супраць узброенага паўстання ў Петраградзе. Сход выказаўся за аднародную ўладу з удзелам бальшавікоў і прадстаўнікоў рэвалюцыйна-дэмакратычных партый. 28 кастрычніка (10 лістапада) Гомельскі Савет таксама выказаўся за моцную рэвалюцыйна-дэмакратычную ўладу перад скліканнем Устаноўчага сходу. Гэту платформу большасцю галасоў падтрымалі чальцы гарадской думы, прадстаўнікі многіх прафсаюзаў, іншых грамадскіх арганізацый. Палітыка чакання Палескага камітэта РСДРП(б) дала магчымасць усталяваць часова ў горадзе на кампраміснай аснове рэвалюцыйна-дэмакратычную ўладу на чале з камітэтам. Старшыня — Багданаў. Камітэт аддаў распараджэнне затрымліваць вайсковыя эшалоны, якія накіроўваліся ў Петраград для задушэння рэвалюцыі, наладзіў кантроль за работай тэлеграфа і тэлефона, усталяваў цэнзуру за мясцовымі газетамі, узмацніў каравулы ў горадзе і г.д. Дзейнасць камітэта ўхвалена 30 лістапада (13 снежня) на пасяджэнні мясцовага Савета. Наяўнасць камітэта адлюстроўвала складаны пераходны стан ад органаў Часовага ўрада да Саветаў. Камітэт спыніў існаванне да 22 лістапада (5 снежня), калі ўладу ўзяў Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Палескі камітэт РСДРП(б).

 
Аўтар: Пётр Башко
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 74-75.