Прэм’ерныя паказы новага спектакля па п’есе румынскага драматурга Міхая Себасціяна “Безназоўная зорка” адбудуцца 9, 20 і 21 кастрычніка. Пастаноўшчыкамі выступілі мінскія рэжысёры Зміцер Саладуха і Павел Харланчук-Южакоў. Мастак-пастаноўшчык — Андрэй Меранкоў (Мінск), мастак па касцюмах — Таццяна Стысіна.
Сталічная прыгажуня воляю выпадку апыноўваецца ў маленькім правінцыйным мястэчку і закахалася ў мясцовага настаўніка Міроя. Перад ёй стаіць выбар — каханне, якое здараецца толькі раз у жыцці (ды і то далёка не ў кожнага), або звыклае забяспечанае і бесклапотнае існаванне ў якасці сяброўкі свецкага льва і гульца Грыга.
Стваральнікі спектакля пазначылі яго жанр як “насуперак усяму камедыя (з адным антрактам)”. У спектаклі заняты вядучыя і маладыя артысты Гомельскага аблдрамтэатра: Анастасія Задорына, Рыгор Жураўлёў, Таццяна Кандраценка, Юрый Марціновіч, Сяргей Лагуценка, Святлана Яфімава, Ала Леная, Аляксей Бычкоў, Андрэй Шыдлоўскі, Дзмітрый Байкоў і многія іншыя. Гомельскія тэатралы атрымаюць таксама магчымасць атрымаць асалоду ад ігры заслужанага артыста БССР Фёдара Іванова.
“Паколькі п’еса добра вядомая ў нашых палестінах, асабліва дзякуючы выдатнаму аднайменнаму фільму Міхаіла Казакова, паўстае пытанне, чаму ж мы ўзяліся яе ставіць, – адзначыў Дзмітрый Саладуха. — Мы знайшлі адказ у біяграфіі аўтара. Гэты адказ гучыць у нашым спектаклі. Пакуль не будзем усё раскрываць. Можна казаць пра тое, што п’еса ў нашай трактоўцы тлумачыць, чаму важна рабіць, тое, што лічыш патрэбным, не зважаючы на любыя абставіны, нават насуперак ім”.
Міхай Себасціян (1907-1945) — румынская празаік, драматург, эсэіст, літаратурны крытык. П’еса “Безназоўная зорка” напісаная ім у гета ў 1942 годзе. Аўтар трагічна загінуў 29 траўня 1945 года. Спектаклі па яго п’есах — нячастыя госці ў тэатрах на постсавецкай прасторы. Вядомыя пастаноўкі п’ес “Гульня ў вакацыі” і “Апошняя сенсацыя”.
Павел Харланчук-Южакоў – артыст і рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Акцёрская кар’ера пачыналася на гомельскай сцэне. Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля ў Гомельскім аблдрамтэатры “Ён. Яна. Вайна” паводле аповесці Васіля Быкава “Альпійская балада”.
Дзмітрый Саладуха — рэжысёр і прадзюсар творчага аб’яднання “ПАН-студыя”. Гамяльчанам вядомы па многіх пастаноўках у Моладзевым (Незалежным) тэатры. На сцэне Гомельскага аблдрамтэатра з велізарным поспехам ішоў яго спектакль “Дзень нараджэння Чэлентана” па апавяданні Славаміра Мрожэка.