Гомельская зямля ў першыя гады пасля вяртання ў склад ВКЛ (1535-1560 гг.)

0
241
Гомельская зямля на карце ВКЛ

Гомель быў адваяваны войскамі ВКЛ на чале з гетманам Юрыем Мікалаевічам Радзівілам 16 ліпеня 1535 г. пад час так званай Старадубскай вайны (1534-1537 гг.) [7, с. 225; 8, с. 68; 19, с. 131; 23, с. 143]. Вяртанне горада з усімі валасцямі ў склад ВКЛ было афіцыйна сцверджана маскоўска-літоўскім дагаворам аб пяцігадовым перамір’і 18 лютага 1537 г. [26, № 164. р. 210-213]. Умовы дамовы аб перамір’і мелі часовы характар, і пытанне пра прыналежнасць Гомеля ўздымалася яшчэ неаднаразова да сярэдзіны XVI ст. у працэсе маскоўска-літоўскіх перамоваў [16, № 9, с. 155-158; № 18. с. 278-279, 283-284]. Таксама і ўнутраная сітуацыя, якая склалася ў Гомельскай зямлі, пакідала сумневы ў трываласці яе трымання ўладамі ВКЛ.

Інтэграцыя Гомельскай зямлі ў склад ВКЛ уяўляла сабой складаны працэс, які быў аб- цяжараны негатыўнай дзейнасцю прадстаўнікоў цэнтральнай улады – намеснікаў-дзяржаўцаў, і небяспекай памежнага становішча. Даследаванне гэтага перыяду гісгорыі наўднёва-ўсходняй ускраіны Беларусі набывае значны інтарэс.

Да нашага часу толькі ў некаторых працах, якія прысвечаны гісторыі Гомеля, звернута ўвагі а на ягоны стан пасля вяртання ў склад ВКЛ [4, с. 13-15; 10, с. 96-100; 19, с. 140-151]. У іх раскрыта дзейнасць першых гомельскіх намеснікаў-дзяржаўцаў і вызначаны тэрытарыяльны склад утворанага ў 1535 г. Гомельскага староства (тэрмін “староства” больш характер­ны для XVII ст.). У якасці асобнай праблемы сітуацыя ў Гомельскай воласці. якая склалася пасля 1535 г., не разглядалася. У некаторай ступені гэта звязана з абмежаванасцю крыніцазнаўчай базы (матэрыялы Метрыкі ВКЛ і пасольскія кнігі). Тым не менш, повыя публікацыі кніг Метрыкі ВКЛ і знойдзеныя ў архівах дакументы дазваляюць значна шырэй зірнуць на пазначаную праблематыку.

Захаванае памежнае становішча Гомельскай зямлі, да таго ж зазнаўшай даволі значны перыяд маскоўскага кіравання (на працягу якога вырасла новае пакаленне людзей), патраба- вала ад цэнтральных уладаў BKJI вельмі асцярожных адносінаў да вернутых тэрыторый. Шэраг мерапрыемстваў, сапраўды, сведчыць пра адпаведнае імкненне. Умоўна іх можна падзяліць на некалькі групаў. 1. Захады ўладаў ВКЛ па падтрымцы лаяльнасці насельніцтва. 2. Кантроль над дзейнасцю намеснікаў-дзяржаўцаў. 3. Умацаванне ў памежнай зоне шляхецкага землеўладання і, з большага, ваенна-служылага саслоўя – падмурка велікакняжацкай ула­ды на месцах. На ўсходняй ускраіне дзяржавы не ўтварыліся асяродкі буйнага землеўладання (выключэнне – Стрэшынская воласць – уласнасць Віленскай капітулы), і амаль увесь масіў Падняпроўскіх і Падзвінскіх валасцей уяўляў сабой гаспадарскія ўладанні, у якіх функцыі кіравання ўскладваліся на намеснікаў-дзяржаўцаў. Гэтыя прадстаўнікі велікакняжацкай улады забяспечвалі функцыянаванне адміністрацыйнай і судовай сістэм, выкананне рознага кшталту павіннасцей і збор падаткаў [9, с. 300-301]. Намеснікі-дзяржаўцы былі абавязаны клапаціцца аб захаванні правоў і абароне насельніцтва, але ў той жа час прымушаць яго да выканання павіннасцей, памятуя пры гэтым, напрыклад, у адносінах да Гомеля, “иж тог замок на украине есть, а к людемъ украиннымъ треба ся ласкаве заховати и не годиться им ни в чомъ обътяженя чинити” [6, с. 36; 15, л. 188]. Аднак рэальнае кіраванне ўсходнімі землямі ВКЛ на месцах было далёкім ад ідэала.

Ужо 21 верасня 1535 г., неўзабаве пасля вызвалення (16 ліпеня), Гомель “до воли господарской” атрымаў князь Аляксандр Андрэевіч Сангушка-Кашырскі [14, арк. 69-69 адв.; 26, № 13, р. 66]. Як адзначана ў самім прывілее, дадзенаму падараванню садзейнічаў найвышэйшы гетман ВКЛ пан Юрый Мікалаевіч Радзівіл. Цікава, што пасля ўзяцця Гомеля, гетман разлічваў на перадачу горада ў трыманне сыну Мікалаю, і нават звярнуўся да віленскага ваяводы, канцлера пана Ольбрахта Марцінавіча Гаштольда, каб той перадаў ягоную просьбу каралю [17, № 80, с. 174]. Гаштольд сапраўды “о том господарю его милости мовил”, але кароль вырашыў не спешыць, а потым, калі сам будзе ў Літве, разам з панам віленскім (гэта значыць Ю.М. Радзівілам), калі на тое будзе ягонае жаданне, разглядзець дадзеную просьбу [17, № 80, с. 174]. Аднак, як бачым, неўзабаве сам Ю.М. Радзівіл ад сваёй ідэі адмовіўся. Прычына таму, як падаецца, хаваецца ў тым, што Гомель заставаўся ўскраінным замкам, на небяспечнай маскоўскай граніцы і ў разбуранай вайной мясцовасці. Безумоўна, такі ўрад (пасаду) цяжка жадаць сыну.

Па словах Л.А. Вінаградава, праз месяц пасля захопу Гомеля, кароль даручыў гетману Ю.М. Радзівілу па яго разумению вызначыць для воласці мыта і даніны [4, с. 13]. Відавочна, Гомельскай зямлёй спачатку распараджалася ваенная адміністрацыя, якая ўжо ў верасні 1535 г. была зменена цывільным кіраваннем у асобе дзяржаўцы. З даходаў апошняга выключаліся даніны грашовая, мядовая, бабровая і кунічная, г. зн. тое, што звычайна і з іншых гаспадарскіх валасцей ішло ў велікакняжацкі скарб [14, арк. 69-60 адв.; 26, № 13, р. 66].

Нягледзячы на пратэкцыю адной з найбольш уплывовых асоб дзяржавы, князь А.А. Кашырскі распараджаўся Гомелем толькі кароткі час. 27 мая 1536 г. “замокъ наш Гомеи со въсимъ” кароль Жыгімонт Стары падараваў ужо “до живота” ў трыманне князю Васілю Юр’евічу Талачынскаму [14, арк. 195-196; 26, № 149 (147), р. 158]. Рашэнне аб перадачы Гомеля князю было прынята дзякуючы яго вернай службе і па жаданню паноў рад. В.Ю. Талачынскі атрымаў даходы ад Гомеля і ўсяго, што да яго адносілася, у тым жа памеры, які меў князь Сямён Іванавіч Мажайскі пры каралі Казіміры (гаворка не ішла пра правы ўдзельнага ўладара). Праўда, і ў дадзеным выпадку грашовая, мядовая, бабровая і кунічная даніны павінны былі заставацца гаспадару, і, наогул, адпаведна з фармулярам граматы, не заўважыць значных адрозненняў ва ўмовах распараджэння Гомелем ад тых, якія атрымаў А.А. Кашырскі. Цікава, што ў выпадку з князем Васілём да аналагічнай фразы абодвух грамат (“мает … тоть замок нашъ Гомеи держати и на немъ ся рядити и справовати з добрымъ а пожиточънымъ нашимъ г(о)с(по)д(а)ръскимъ”) прыпісана: “и без обътяженъя подданых нашых тамошних” [14, арк. 69 адв., 195 адв.; 26, № 13, р. 66, № 149 (147), р. 158]. Ці не гэта з’явілася прычынай “адстаўкі” папярэдняга намесніка-дзяржаўцы?

Акрамя таго, калі звярнуць ўвагу на тэкст першага прывілея, можна заўважыць, што гомельскія падданыя не былі пазбаўлены пасля пераходу пад уладу ВКЛ ад унясення традыцыйных платаў гаспадару. А ў 1536 г. выявілася, што “тыи платы и пожитки” яны пачнуць даваць толькі пасля таго, як мінуюць некаторыя гады, на якія іх “вызволили”. Пры гэтым дзяржаўца мог браць усе “доходы и пожитки”, што яму належалі “подле давного обычаю” [14, арк. 195; 26, № 149 (147), р. 158]. Магчыма, пасля заняцця Гомеля эканамічны стан гора­да і воласці быў асэнсаваны не адразу. Да таго ж сваю ролю адыгралі злоўжыванні першага намесніка. У сувязі з гэтым на нейкі час (на 10 гадоў) гаспадар ахвяраваў сваімі інтарэсамі на карысць аднаўлення края і захавання лаяльнасці яго насельніцтва.

Аднак дзейнасць новага намесніка не магла садзейнічаць эканамічнаму росту і фарміраванню станоўчых адносінаў насельніцтва да ўлады ВКЛ. З ліста караля Жыгімонта Старога | віленскаму ваяводзе, канцлеру пану Ольбрахту Марцінавічу Гаштольду, ад 18 чэрвеня 1537 г. даведваемся аб шырокамаштабных злоўжываннях князя В.Б. Талачынскага, якія той паспеў зрабіць за год з нейкім свайго кіравання ў Гомеле [6, с. 33-37; 10, с. 196-199; 15, арк. 186 адв. – 189; 18, с. 50-52].

Назірая за дзеяннямі князя Талачынскага, можна заўважыць, што ён успрымаў сваю  пасаду як крыніцу асабістага ўзбагачэння і зусім не задумваўся аб неабходнасці беражлівых адносінаў да тэрыторыі, толькі што аднятай у Масквы. Урэшце, паводзіны князя можна зра­зумець. У той час яшчэ ішла вайна, вынік якой быў невядомы. У папярэдніх маскоўска-літоўскіх войнах ВКЛ у асноўным толькі страчвала сваі тэрыторыі. Натуральным імкненнем новаяўленага намесніка было атрымаць найвялікшую выгаду з воласці, якая, цалкам верагодна, зноў вернецца пад маскоўскую ўладу. У падуладных землях князь Васіль не затрымліваўся, а выязджаў “з Гомя до именей своих” [15, арк. 187 адв.], што, адпаведна з абавязкамі дзяржаўцы, ні ў якім выпадку не павінен быў рабіць.

Перш за ўсё новы дзяржаўца, магчыма, адразу пасля прыезда ў Гомель адабраў у сустрэўшых яго мяшчан граматы, якія вызвалялі жыхароў воласці ад грашовай, мядовай, бабровай і кунічнай данін, падвод, серабшчызны і іншых платаў і павіннасцяў на 10 год  (прызначаных гаспадару), а таксама ад працы на замак (акрамя дробных) на 1 год [15, арк. 186 адв.]. Магчыма, у намер Талачынскага ўваходзіла збіраць, карыстацца і прысвойваць тыя платы і павіннасці, якія павінны былі ісці ў даход вялікага князя! У той жа год дзяржаўца стаў патрабаваць выканання рознага кшталту прац, на некаторыя з якіх мяшчане вымушаны былі наймаць людзей. Так, наладжванне езу (перагарода частаколам рэчышча ракі) каштавала ім 30 коп грошаў, будаўніцтва грыдні і стайні – адпаведна 5 рублёў і 4 копы грошаў [15, арк. 186 адв. – 187]. Князь прысвоіў бабровыя берагі і азёры, а таксама 100 бітых баброў, адняў “отчйзный” бортныя землі, з-за чаго іх уладальнікі “проч оттол пошли” [15, арк. 187]. А калі князь Васіль “в объезде ездил и дан(ь) и тивуновъщину з них брал” (гэта значыць збіраў йа воласці традыцыйныя паборы), было аднята 12 коп грошаў і мёда прэснага на 10 коп грошаў, з-за чаго “семъ сел людей от того для великого обътяженя прочъ пошло” [15, арк. 187]. Нечуванай навінай было патрабаванне паставак сена, якога “тамошние” людзі накасілі 500 вазоў “и незносную тяжкость в том приняли” [15, арк. 187]. Цяжкія ўмовы былі створаны для прыезжых у Гомель з зернем (“зъбожем”) и “з ыншыми речми” гандляроў (гасцей). Для іх былі ўведзены высокія гандлёвыя пошліны (“мыта великие”), і ў выніку яны папросту спынілі паездкі ў Гомель, жыхары якога сталі адчуваць недахоп у “живностях” [15, арк. 187].

I тады да караля і вялікага князя было накіравана некалькі чалавек са скаргай на дзяржаўцу. Але па дарозе іх перанялі, пабілі, абрабавалі і пасадзілі ў вежу, адняўшы 16 коп грошаў і 20 баброў (якія, відавочна, былі ўзяты з сабою) і палажыўшы віну на 200 коп грошаў [15, арк. 187]. Даведаўшыся пра гэта ад іншых чалабітчыкаў, але не жадая прымаць паспешнага рашэння, Жыгімонт адправіў у Гомель двараніна Івана Рыгоравіча, мэтамі паездкі якога быў збор звестак аб “кривдах и тяжкостях и грабежох” дзяржаўцы, садзейнічанне вяртанню аднятых грошаў і рэчаў і, галоўнае, – “вызваленых” грамат [15, арк. 187- 187 адв.]. Апошняй сваёй мэты каралеўскі дваранін не дасягнуў і нават яшчэ больш накаліў сітуацыю, таму што князь Васіль не толькі нічога не вярнуў, але яшчэ схапіў жонак і дзяцей зняволеных чалабітчыкаў і патрабаваў з іх дадаткова 120 коп грошаў. У той жа час да двару вярнуўся Іван Рыгоравіч са спісам (“реистром”) спраў дзяржаўцы, а таксама паспела і другое пасольства ад мяш­чан і валасных людзей [15, арк. 187 адв.].

Кароль спачатку меў намер “тот замок н(а)шъ зъ рукъ его (князя Васіля – В.Ц.) взяти и инъшого державцу хто бы ся нам на то годный бы видел там послати”, аднак, адпаведна з жаданнем паноў рад і меркаваннем віленскага ваяводы, вырашыў пакуль пакінуць ранейшага дзяржаўцу. Пры гэтым Жыгімонт звярнуў увагу на тое, што “тот замокъ за великимъ накла­дом къ рукамъ н(а)шимъ пришол”, а дзяржаўца няўважліва аднёсся да гаспадарскай маёмасці (“на реч н(а)шу г(оспо)д(а)ръскую и земскую бачности не маеть”), пачаў даводзіць да галечы людзей, адбіраць іх землі і граматы, прыцягваць да замкавай работы, хаця мог бы пачакаць год, і гомельскія людзі павінны былі гэтыя работы выконваць “водле слушног(о) обычаю”. Пры гэтым сам кароль, які клапаціўся аб насельніцтве памежнай зоны, каб яно аправілася і паполнілася новымі прышлымі людзьмі, на 10 год адмовіўся ад усіх платаў на сваю карысць (“мы сами им фолкгуючи вси платы н(а)шы до десяти год отпустили”) [15, арк. 187 адв. – 188]. Безумоўна, пад кіраваннем князя Васіля людзі, якіх даволі шмат засталося ў воласці пасля ваенных дзеянняў, не толькі не аправіліся, але і сышлі прэч. З вуснаў караля і вялікага князя Жыгімонта Старога прагучала павучэнне, прызначанае дзяржаўцы: “Сам он могъ бы тому розумети, иж тот замок на украине есть, а к людемъ украиннымъ треба ся ласкаве заховати и не годиться им ни в чомъ обътяженя чинити. Нижли коли бы ся они запомогли и доб­ре там укгрунтовали, мог бы тымъ намъ г(оспо)д(а)ру пожиток привлащыти и собе теж знаючи по часу пожитокъ з них мети” [15, арк. 188].

Каб змяніць сітуацыю, якая склалася у Гомельскай воласці, туды быў накіраваны дваранін каралевы Боны Марцін Пацаткоўскі. Таксама віленскі ваявода был абавязаны “даці навуку” князю Васілю, які павінен быў уперад быць больш прадбачлівым, адмовіцца ад злоў- жыванняў (“уперод лепшую бачность на нас г(оспо)д(а)ря и на реч земскую мель, ослушне а радне на томъ еправовал и такового обътяженя людем тамошнимъ украиннымъ не делал”), аддаць граматы “на вызволене даней и платовъ”, адабранае вярнуць, за пабудаваныя “хоромы” заплаціць і больш іх не рабіць, жонак з парук вызваліць і “вин” з іх не браць, землі і азёры вернуць. Па ўсіх гэтых справах дзяржаўца даваў справаздачу двараніну каралевы Бо­ны [15, арк. 188 адв.]. Фактычна дзейнасць князя Васіля была пастаўлена над прамы кантроль з боку каралеўскага прадстаўніка.

Але, акрамя таго, яшчэ два дзеянні абмежаванага ў сваіх магчымасцях караля Жыгімонта маглі ў значнай ступені стрымаць самавольства гомельскага намесніка-дзяржаўцы.

У якасці асаблівай гірывілегіі Гомельскай воласці для яе насельніцтва было захавана права самастойна выбіраць старца – кіраўніка абшчыннай арганізацыі [5, с. 98]. (“А што ся дотычетъ старца, хто бы мел старчество у той волости заведати, ино которого ч(е)л(о)в(е)ка волост на старченьство выбереть, тот нехай старцомъ у них будетъ” [15, арк. 188 адв.]). Такім чынам, з рук дзяржаўцы быў адабраны кантроль (праз свайго стаўленіка) за жыццядзейнасцю абшчыны.

Пакінуўшы на месцы няздольнага да кіравання воласцю ўрадніка, кароль забяспечыў сваеасаблівую гарантыю ад далейшых ягоных злоўжыванняў. За магчымыя “шкоды” Гоме­лю, якія мог прычыніць князь Васіль, павінны быў адказваць віленскі ваявода Ольбрахт Гаштольд. (“И того б(о)же не дай, если збытъки а неслушною справою его мел оный замок н(а)шъ, который за немалым накладомъ нам ся достал ку якой шкоде прийти, мы того всего хочемъ на твоей м(и)л(о)сти смотрети”) [15, арк. 188 адв. – 189].

Які час заставаўся князь В.Ю. Талачынскі гомельскім дзяржаўцай, казаць цяжка, ад­нак 13 лютага 1538 г. ён нібыта атрымаў іншы ўрад – аршанскага (рошскага) дзяржаўцы. На той момант папярэдні дзяржаўца князь Фёдар Іванавіч Жаслаўскі моцна хварэў і не мог вы­конваць свае абявязкі. Ён паведаміў пра свой стан князя Васіля, каб той хадатайнічаў аб атрыманні ягонай пасады. Паны рада і самі бачылі, што ўскраінны замак Орша (Рша) патрабуе “державцы чуиного и справъного”, а даведаўшыся, што Талачынскі гатовы заняць гэтую пасаду, сталі прасіць аб ёй караля [27, № 94, р. 156]. Так, няглядзячы на папярэднюю дзей­насць, князь Васіль атрымаў у кіраванне яшчэ і Оршу. У ёй ён быў абавязаны “верне а справедливе нам (каралю – В.Ц.) служыти, и к подданым нашымъ тамошънимъ без ихъ обтяжъливости заховати” [27, № 94, р. 156]. Князь меў тыя ж функцыі, правы і даходы, што і папярэднія дзяржаўцы.

Што тычыцца Гомеля, то кароль разлічваў “его по тому в держанье дати, кому будь воля наша г(о)с(по)д(а)ръская” [27, № 94, р. 157]. Відавочна, горад Васіль Талачынскі павінен быў пакінуць. Аднак яшчэ ў жніўні 1538 г., гэта значыць праз болыш чым паўгода, ён па-ранейшаму ўспрымаўся як гомельскі дзяржаўца.

20 жніўня 1538 г. кароль і вялікі князь Жыгімонт I Стары адправіў Васілю Юр’евічу Талачынскаму грамату, у якой заявіў пра чарговыя правіннасці князя і нават пра наспяванне сярод гомельскіх пушкароў змовы, якая пагражала вяртаннем замка пад маскоўскую ўладу [21, арк. 37]. Як стала вядома каралю ад пана віленскага, найвышэйшага гетмана Юрыя Мі- калаевіча Радзівіла, князь Васіль атрымаў грошы, каб наняць роту ў сто коней, але таго не зрабіў і пры гэтым стаў жыць у войску, “пробачивши тот замок наш украинцы, который завжды того потребует, абы державцы нигде с него не з(ъ)ежал” [21, арк. 37]. У той жа час з-за “непильности” дзяржаўцы некаторыя гомельскія пушкары задумалі “здраду”, сталі збірацца і радзіцца са старадубцамі і, перш за ўсё, з нейкім старадубскім папом. У сувязі з усім гэтым кароль “под великою немилостью” загадваў, каб князь В.Ю. Талачынскі грошы пану віленс- каму “з рук своих здал”, а сам “днем и ночью на тот замок н(а)шь ехал», разабраўся са змоўшчыкамі і пакараў іх. У Гомель павінны былі быць набраны іншыя пушкары. Жыгімонт настойваў, каб далей князь “с того замка н(а)ш(о)го николи не зъежчал а обецны на нем мешкал и послуг г(оспо)д(а)рских там пилен был” [21, арк. 37].

Такім чынам, становіцца зразумелым, што ў той час іншага трымання князь Васіль Талачынскі не меў, да і не мог мець, таму што павінен быў пастаянна знаходзіцца ў адным месцы. Але ўсё ж такі зімой-вясной 1538/39 г. было прынята канчатковае рашэнне аб пераводзе князя ў Оршу.

Вясной 1539 г. В.Ю. Талачынскі знаходзіўся ў Оршы. Пры гэтым, адпаведна з каралеўскім прывілеем ад 30 красавіка 1539 г. на трыманне замка Оршы “да жывата”, князь не выслаў каралю адпаведную грамату на замак Гомельскі, гэта значыць, па сутнасці, меў намер па-ранейшаму ім кіраваць. Сваім новым распараджэннем кароль ануліраваў прывілей Талачынскага на Гомель, а таксама пазначыў некаторыя новыя ўмовы кіравання князя ў Оршы. Дзяржаўца быў абавязаны “своимъ накладомъ и людми своими” аднавіць і забяспечыць за­мак (“добре заробити и его справити такь, яко того есть потъреба”). У адваротным выпадку князь пазбаўляўся пасады [27, № 182, р. 254]. Здаецца, Талачынскі выканаў загад караля, бо заставаўся аршанскім дзяржаўцай да 1546 г., калі і памёр [22, 8. 350].

Пасля Васіля Талачынскага гомельскім дзяржаўцай стал пан Ян Дарашкевіч. Упершыню на гэтай пасаде ён быў узгаданы ў пачатку 1541 г. [2, № 208, с. 373], але, відавочна, Го­мель не заставаўся без кіравання на працягу амаль двух гадоў. Да вясны 1538 г. быў або прызначаны які-небудзь іншы, пакуль невядомы, дзяржаўца, або ім ужо тады стал Ян Дарашкевіч. Апошні трымаў Гомель да сваёй смерці (у грамаце 1549 г., прызначанай яго пераемніку, узгаданы як “небожчик”). У крыніцах паміж летам 1543 – пачагкам вясны 1549 г. называўся ўжо іншы гомельскі дзяржаўца – пан Ян Хршчонавіч (Храшчонавіч) [3, № 9, с. 21; 12. № 105, с. 176, № 176-177, с. 243; 16. № 14, с. 216, 219; 22, 5. 30]. У храналогію яго згадванняў укліньваецца зазначэнне шэрагу даследчыкаў на з’яўленне ў Гомелі ў 1547 г. (наваг з дакладнай датай – 6 верасня) новага дзяржаўцы – Анікея Гарнастая [4, с. 14; 10, с. 99; 20. с. 175; 22, 5. 87]. Апошні “добраахвотна” памяняўся месцамі з Янам Хршчопавічам пасля канфлікта з чаркаскімі баярамі і мяшчанамі [20, с. 175]. Аднак у грамате ад 15 сакавіка 1549 г. кароль Жыгімонт Аўгуст звяртаўся яшчэ да “державцу Гомейскому пану Яну Хрщоновичу’’ [3, № 9, с. 21]. Да снежня 1550 г. таго зноў змяніў Анікей Гарнастай [16, № 21. с. 346]. Ян Хршчонавіч паслядоўна называўся старастай чаркаскім і канеўскім ў 1551 г. [11, № 113, с. 152, № 114. с. 154, № 116, с. 156, № 118, с. 159]. Ці адбылася ў сапраўднасці чахарда заняцця пасады гомельскага дзяржаўцы, або ў наяўнасці храналагічная недакладнасць адной з крыніц – казаць цяжка. Нарэшце, у 1550 г. – часе складання “Рэестра рэвізіі замка, месца і воласці староства Гомейскага”, Гомель знаходзіўся ў кіраванні пана Каленіка (называў сабе Каленіцкім) Васілевіча Тышкевіча [10, с. 100; 13, № 91,с. 105; 22, 8.359].

Пра сутыкненні інтарэсаў гомельскіх мяшчан і жыхароў воласці з імкненнямі дзяржаўцаў пасля князя Васіля Талачынскага пакуль звестак не выяўлена, аднак пры Яне Дарашкевічы І Яне Хршчонавічы адбываўся канфлікт са свяшчэннікамі – уладальнікамі зямель у Гомельскай воласці. Так, Ян Дарашкевіч не дапускаў свяшчэннікаў царквы св. Міколы ў Гомелі за данінай у іх бортныя землі, падараваныя яшчэ князем Сямёнам Мажайскім, і адабраў 10 пудоў мёду з той даніны [2, № 208. с. 373]. Акрамя таго, як высвятляецца з граматы, накіраванай ужо іншаму дзяржаўцы – Яну Хршчонавічу, “небожчик” Ян Дарашкевіч безза­конна распараджаўся землямі той жа царквы Севасцьянаўшчынай і Багданаўшчынай, атрыманымі ад таго ж князя Сямёна Мажайскага [3, № 9, с. 21]. Таксама і Ян Хршчонавіч святарам царквы св. Міколы забараняў уязджаць у свае землі, а “пожитки” з іх браў на сабе [3, № 9, с. 21]. Гаспадар выступіў у абарону правоў мясцовых землеўладальнікаў і сваімі распараджэннямі абгарадзіў царкоўную ўласнасць ад памкненняў намеснікаў.

Адным з накірункаў палітыкі каралей польскіх і вялікіх князёў літоўскіх у памежнай Гомельскай воласці (які, аднак, актыўна праявіўся ўжо ў XVII ст.) стала заахвочванне і развіццё шляхецкага землеўладання.

Так, неўзабаве пасля вызвалення Гомеля былі вернуты ўладанні дваранам Халецкім. Адпаведна з лістом караля і вялікага князя Жыгімонта I Старога ад 10 верасня 1537 г., сяло “отчизное на имя Халчо и з иншими селы к нему прислухаючими со всимъ, яко ся оно здавна в собе мело” павінна было быць перададзена гомельскім намеснікам князем Васілём Юр’евічам Талачынскім (а ён не жадаў яго ўступаць) дваранам Есіфу і Астафею Халецкім, сынам оўручскага намесніка Міхала Міхайлавіча Халецкага [15, арк. 232 адв.; 22, 8. 19; 27, р. 91]. Згодна з інфармацыяй, якая адбілася ў новагародскіх гродскіх кнігах, “іншымі” сёламі, што атрымалі ў 1537 г. браты Есіф і Астафей, былі Навасёлкі і Юркавічы [24, з. 19]. Аднак у 1560 г. пазначаныя два пункты адносіліся да гаспадарскай Гомельскай воласці і Халецкім не нале­жал! [1, № 100, с. 372-373]. У тых жа братоў у раёне Гомеля акрамя Хальча былі пералічаны: Сідны (?), Кузмічы, Глыбаў, Чарны (Чорны), Пененжовічы (Пырэевічы?), а таксама ў Кіеўскім ваяводстве Ржышчаў [20, с. 185; 24, з. 19]. Кампактнага ўладання ўсе сёлы не стваралі. Каля Хальча вышэй па р. Сож ляжалі Навасёлкі і Юркавічы. Глыбаў і Чорны знаходзіліся побач, але па розных баках р. Дняпро, паміж Горвалем і Рэчыцай. Кузмічы размяшчаліся далё­ка за Сожам ва ўсходняй частцы Гомельскай воласці (на момант складання “Рэестра” 1560 г. гэта, безумоўна, гаспадарскае сяло).

Да 1560 г. у раёне Горваля і Рэчыцы, за межамі гістарычнай Гомельскай воласці, склаўся комплекс уладанняў Халецкіх. Васілю і Андрэю належалі “в одном обрубе сел чотыри”: Чабатовічы, Засоўе, Кальскевічы і Чорныя [1, № 100, с. 376]. Вытрымкі з новагародскіх кніг далучаюць да гэтага масіву сумежнае сяло Глыбаў (гл. вышэй), а таксама ўзгадваюць у Андрэя, Дзмітрыя і Яна Халецкіх маёнткі Ржышчаў (у Кіеўскім ваяводстве), Хальч, Чор­ныя, Чабатовічы, Чэрнікаў (?), Пененжэвічы (Пырэевічы?), Котры Келбасіны (?) [24, з. 19]. У 1581 г. паміж Андрэем і Янам Халецкімі быў здзейснены абмен Чорным, Чабатовічамі і Целешавым на Хальч і Глыбаў [24, 8. 19]. Такім чынам, па меньшай меры, яшчэ адно сяло (Целешы – Целешэвічы) далучылася да комплексу ўладанняў Халецкіх. А вакол Хальча, відавочна, не так шмат земляў належала ягоным старым уладальнікам. Грамата невядомаму Юрыю Багданавічу Халецкаму 1514 г., у якой ён нібыта быў пажалаваны каралём Жыгімонтам Аўгустам Старым Сялом (каля Хальча), ёсць яўная падробка, хоць С.М. Кучыньскі і прывёў магчымыя варыянты яе з’яўлення [24, 8. 20-22].

Умацаванне ў Гомельскай зямлі землеўладання Халецкіх, безумоўна, спрыяла больш моцнай яе інтэграцыі з астатнімі тэрыторыямі ВКЛ. Аднак у адміністрацыйным плане землі Халецкіх былі выведзены са складу Гомельскай воласці.

У клопатах за свае ўладанні, Халецкія, безумоўна, маглі садзейнічаць умацаванню абароназдольнасці Гомельскай зямлі. Аднак асноўная роля ў ваеннай арганізацыі Гомеля ўскладвалася на дзяржаўцу. Ад яго залежалі стан замка, камплектацыя і забеспячэнне войска, пагранічная служба. У выпадку з Гомелем свае асноўныя абавязкі дзяржаўцы выконвалі нядбайна, наогул пакідалі горад на волю лёсу і сваёй бестурботнасцю садзейнічалі наспяванню змовы. Урэшце, калі глядзець на матэрыялы маскоўска-літоўскіх пасольскіх кніг, сітуацыя на памежжы была адносна спакойнай. Ні адзін, ні другі бок не распачыналі маштабных дзеянняў, якія былі здольны парушыць склаўшуюся раўнавагу мірнага часу.

Маскоўска-літоўская граніца, з трох бакоў атачыўшая Гомельскую зямлю, выдзялялася сваім асаблівым “глухім” характарам. Лясы, балоты, амаль паўсюдная адсутнасць дарог абцяжарвалі назіранне і кантроль за лініяй граніцы (якая наўрад ці наогул была дакладна вызначана), стваралі магчымасці для пастаяннага пранікнення на чужую тэрыторыю, спусташэнняў, уводаў у палон і г.д. Асноўная частка памежных “обид” была звязана з захопам і грабяжом лясных промыслаў і блізкіх пасяленняў. Небяспечнай Гомельшчына была для гандляроў і ўсіх, хто крочыў па яе лясных дарогах. Свае, гомельскія злачынцы хаваліся ў памеж­ных маскоўскіх землях і адтуль працягвалі непакоіць тэрыторыю Гомельскай воласці. На рэшце, на памежжы з абодвух бакоў пастаянна адбываліся “кривды, зачепки и шкоды”, за якімі стаяла паўсядзённае жыццё грамадства таго часу.

Да 12 ліпеня 1543 г. “человек гомейскйй” Палазовіч (Полазаў), “шкоды и убытки по­чинивши” у Гомельскай воласці, збег за мяжу і адтуль працягваў тварыць злачынствы [16, № 14, с. 216, 219]. У той жа час казакі (магчыма, з Чарнігаўскага ўезда) вывелі 3 сям’і і выгналі 100 галоў “быдла рогатого” з гомельскага с. Слабада (Слабодка) [16, № 14, с. 216, 219]. У верасні 1544 г. з маскоўскага боку прыйшла скарга, што “из Гомья приходят розбоем” ускраіннныя людзі. Яны парабавалі людзей на Чарнігаўскай дарозе і некаторых забілі [16, № 15, с. 224, 23 0, № 17, с. 259]. У адказ паслы ВКЛ заяўлялі пра грабяжы гандляроў і іншых людзей, лра тое, што з маскоўскага боку ўступаюцца ў сёлы, людзей, землі і воды на гомельскай тэрыторыі [16, № 15, с. 230]. У 1550 г. паўтарылася агульная заява аб “кривдах и обидах” ад маскоўскіх “украиннных” людзей [16, № 20, с. 336], а маскоўскім бокам быў складзены падрабязны “Список обидных дел” [16, № 21, с. 345-347]. У асноўным гаворка ішла пра грабя­жы і захопы лясных угоддзяў (пчаліных борцей і бабровых гонаў), але сустракаліся выпадкі, калі, напрыклад, у Горьску (сяле Старадубскага ўезда) гомельскія людзі знялі з царквы звон, унеслі дзве кнігі і 5 вялікіх свечак, увелі ў папа Нячая 4 мерыны. Крадзеж коней таксама быў распаўсюджаны. Найбольш значнай падзеяй стаў прыход людзей дзяржаўцы Анікея Гарнастая (Ржэўскага з сябрамі) у старадубскае сяло Мікулічы і рабаванне на 1200 рублёў [16, № 21, с. 346-347]. У 1552 г. старасты Гомеля і іншых памежных гарадоў ВКЛ паведамлялі кара­лю Жыгімонту Аўгусту пра тое, што ў перамірныя гады ад маскоўскіх гарадоў “великие кривды, зачепки и шкоды стали”, а іх намеснікі “управы никоторые… в тех делех обидных людем нашим не чинят” [16, № 23, с. 357]. Аднак, на самой справе, прынцып, закладзены ва ўмовах перамірных грамат (князі, намеснікі і валасцелі “обиднымъ деломъ у всимъ управу вчынят на обе стороне” [25, № 164, р. 212]), працаваў. Памежныя спрочкі вырашаліся, нарабаванае вярталася, вінаватыя караліся. 3 большага, значныя канфлікты на маскоўска-літоўскай граніцы адбываліся рэдка. Мірнае жыццё наладжвалася.

Такім чынам, стан Гомельскай зямлі пасля далучэння да ВКЛ характарызаваўся вельмі складанай унутранай сітуацыяй, якая была звязана, перш за ўсё, з негатыўнай дзейнасцю намеснікаў-дзяржаўцаў і ўплывам памежнага становішча. Тым не менш, захады цэнтральных уладаў (перад усімі караля і вялікага князя) па палягчэнні падатковага ціску, абароне ад самавольства дзяржаўцаў, захаванню правоў уласнасці і, зразумела, забеспячэнню ваеннай аховы насельніцтва садзейнічалі паступоваму згладжванню супярэчнасцяў. Самае галоўнае – Гомельская зямля не вярнулася пад маскоўскую ўладу, чаму існавала рэальная пагроза. Пытанне аб вярганні Гомеля стал ўздымалася маскоўскім бокам пад час перемоваў 40-х гг. XVI ст. [16, № 9, с. 155-158, № 18, с. 278-279, 283-284], але безвынікова. Менавіта тады Гомельшчына становіцца неад’емнай часткай ВКЛ, канчаткова адпадае ад такога гістарычна-геаграфічнага рэгіёна, як Северская зямля (у які ўваходзіла са старажытнарускіх часоў), уключаецца ў працэс этнагенэза беларусаў і ў выніку далучаецца да дзяржаўнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Літаратура

  1. Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией: в 39 т. – Вильна, 1865- 1915. — Т. XIII. – 1886.
  2. Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. II. Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией: в 5 т. – Санкт- Петербург: Археографическая комиссия, 1846-1853. – Т. II: 1506-1544. – 1848.
  3. Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археогра­фической комиссией: в 5 т. – Санкт-Петербург: Археографическая комиссия, 1846-1853. – Т. III: 1544-1587.- 1848.
  4. Виноградов, Л.А. Гомель. Его прошлое и настоящее / Л.А. Виноградов. – М, 1900. – 48 с.
  5. Голубеў, В.Ф. Сельская абшчына ў Беларусі ХVІ ХVПІ стст. / В.Ф. Голубеў. Мінск: Беларуская навука, 2008. – 407 с.
  6. Довнар-Запольский, М.В. Очерки по организации западно-русского крестьянства в XVI веке / М.В. Довнар-Запольский. – Киев, 1905. – VI, 307, 167 с.
  7. Кром, М.М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. / М.М. Кром. – М.: Квадрига; Объединенная ре­дакция МВД России, 2010. – 320 с.
  8. Кром, М.М. Стародубская война (1534-1537). Из истории русско-литовских отно­шений / М.М. Кром. – М.: Издательский дом «Рубежи XXI», 2008. – 140 с.
  9. Любавский, М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского го­сударства ко времени издания первого литовского статута / М.К. Любавский. – М.: Универ­ситетская типография, 1892. – 884 с.
  10. Макушников, О.А. Гомель с древнейших времен до конца XVIII в. Историко­краеведческий очерк / О.А. Макушников. – Гомель: РУП «Центр научно-технической и де­ловой информации», 2002. – 244 с.
  11. Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. – Кніга 28 (1522-1552 гг.). – Кніга загіісаў 28 / Падрыхтоўка тэкстаў да друку і навук. апарат: В. Мянжынскі, У. Свяжынскі. – Мінск, Atheneum, 2000. -312 с.
  12. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. – Кніга 30 (1480-1546 гг.). – Кніга запісаў ЗО (копія канца XVI ст.) / Падрыхт. В.С. Мянжынскі. – Мінск: Беларуская навука, 2008. – 386 с.
  13. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. – Кніга 44. – Кніга запісаў 44 (1559-1566) / Падрыхтаваў А.І. Груша. – Мінск: Арты-Фэкс, 2001. – 229 с.
  14. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. – КМФ-18 (Ф. 389). – Воп. 1. – Спр. 19.
  15. Национальный исторический архив Беларуси. – КМФ-18 (Ф. 389). – Воп. 1. – Спр. 21.
  16. Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским. – Т. II / под. ред. Г.Ф. Карпова // Сборник Императорского Русского Исторического общества: в 148 т. – Санкт-Петербург, 1866-1916. – Т. 59. – 1887. -XV, 629 с., 98 стб.
  17. Памятники истории Восточной Европы. Monumenta historica res gestas Europae orientalis illustrantia: источники XV-XVII вв. / Федеральная архивная служба России и др.; редколлегия: И. Граля и др. – Москва: Древлехранилище, 2002. – Т. 6: Радзивилловские акты из собрания Российской национальной библиотеки: первая половина XVI в. / сост. М.М. Кром. – 267 с. –
  18. Памяць: Гістарычна-дакументальная хроніка Веткаўскага раёна / уклад. У.Я. Райскі. – У 2 кн. – Кн. 1. – Минск: Белта, 1997. – 376 с.
  19. Темушев, В.Н. Гомельская земля в конце XV – первой половине XVI в.: территориальные трансформации в пограничном регионе / В.Н. Темушев. – М.: Квадрига, 2009. – 189, [2] с.
  20. Яковенко, Н.М. Українська шляхта з кінця XIV – до середини XVII століття. Во­линь і Центральна Україна. / Н.М. Яковенко. – Київ: Критика, 2008. – 272 с.
  21. Лист от короля Жигимонта І державце гомейскому кн. Вас. Юр. Толочинскому // Archiwum Gіуwny Aktуw Dawnych. – Archiwum Potockich z Radzynia. – Sign. 295. – S. 37.
  22. Boniecki, A. Poczet rodуw w Wielkim Ksкstwie Litewskim w XV i XVI wieku / A. Boniecki. – Warszawa, 1887. – XV, 425, XLIX s.
  23. Kolankowski, L. Zygmunt August, Wielki Ksiaze Litwy do roku 1548 / L. Kolankowski. – Lwуw: Towarzystwo dla Popierania Nauki Polskiej, 1913. – 414 s.
  24. Kuczyсski, S.M. Rodowуd Michaіa Chaleckiego / S.M. Kuczyсski // Miesiкcznik heraldyczny. – 1934. -Ne 2. – S. 17-23.
  25. Lietuvos Metrika – Lithuanian Metrica – Литовская метрика. – Kn. 15 (1528-1538) / Parengл Dubonis. – Vilnius: Юara, 2002. – 442 p.
  26. Lietuvos Metrika – Lithuanian Metrica – Литовская метрика. – Kn. 19 (1535-1537) / Parengл Vilimas. – Vilnius: Mokslo ir enciklopedijш leidykla, 2009. – 362 p.
  27. Lietuvos Metrika – Lithuanian Metrica – Литовская метрика. – Kn. 20 (1536-1539) / Parengл Ragauskienл, D. Antanaviиius. – Vilnius: Lietuvos istorijos instituto leidykla, 2009. – 442 p.

Аўтар: В.М. Цемушаў
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, №5(68), 2011 г.

In this article is considered the history of Homel (Gomel) after returning it into Grand duchy’s of Lithuanian struc­ture. The author has made conclusions that integration of the Gomel earth into Grand duchy’s structure represented difficult process which has been burdened by negative activity of representatives of the cen­tral power – deputies-derzhavtsev and dangers of boundary position. Actions of the king on simplification of tax burden, protection against an derzhavtses arbitrariness, to observance of the property rights and, certainly, maintenance of military protection of the population promoted gradual strengthening of the power of Grand duchy of Lithuanian in the Gomel earth.