Гомельская забастоўка 1990 г.

0
104
Гомельская забастоўка 1990 г.

Гомельская забастоўка 1990 г. адбылася 26.4.1990 у сувязі з невырашэннем праблем, звязаных з Чарнобыльскай катастрофай 1986 г. — адсутнасцю належных захадаў па ліквідацыі яе наступстваў і ўтойваннем праўдзівай інфармацыі.

Чарнобыльская праблематыка высунулася на першы план у 1989 у ходзе кампаніі па выбарах народных дэпутатаў СССР. Летам-восенню 1989 у пацярпелых ад аварыі раёнах адбыліся мітынгі, у Ветцы і Нароўлі — першыя забастоўкі.

У Гомелі на прафсаюзнай канферэнцыі вытворчага аб’яднання “Гомсельмаш” (снежань 1989) былі прыняты патрабаванні да адміністрацыі, мясцовых і рэспубліканскіх улад, урада СССР і вырашана ў выпадку іх невыканання пачаць забастоўку. Улады ўсіх узроўняў праігнаравалі патрабаванні. Паводле рашэння канферэнцыі працоўнага калектыву “Гомсельмаша” 26.4.1990, у 4-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС, работа прадпрыемства (30 тыс. чал.) была спынена, кіраўніцтва ім перайшло да забастовачнага камітэта. На іншых прадпрыемствах горада адбыліся мітынгі, у падтрымку гомсельмашаўцаў спынілі работу станкабудаўнічы завод імя Кірава, радыёзавод.  Шматтысячныя калоны рабочых прыйшлі на пл. Леніна, дзе адбыўся агульнагарадскі  мітынг. На ім выступілі старшыня Гомельскага аблвыканкама М. Вайцянкоў, народныя  дэпутаты СССР В. Карніенка і Ю. Варонежцаў, прадстаўнікі пацярпелых раёнаў вобласці, якія падтрымалі патрабаванні бастуючых. Прынятая на мітынгу рэзалюцыя патрабавала неадкладнага закрыцця ЧАЭС, прызнання Гомеля і вобласці зонай нацыянальнага і экалагічнага бедства, забеспячэння забруджаных раёнаў чыстымі прадуктамі і медыцынскім кантролем, аздараўлення дзяцей, стварэння парламенцкай камісіі па расследаванні віны службовых асоб, якія дапусцілі дэзінфармацыю і бяздзейнасць у ліквідацыі вынікаў аварыі.

Забастоўка выклікала занепакоенасць рэспубліканскага кіраўніцтва. 28.4.1990 вытворчае аб’яднанне “Гомсельмаш” наведалі сакратары ЦК КПБ Я. Сакалоў і А. Камай. Праведзены на прадпрыемстве мітынг не прывёў да паразумення рабочыя былі абвінавачаны ў дэстабілізаныі становішча і нагнятанні радыяфобіі. У выніку на канферэнцыі прадстаўнікоў 32 прадпрыемстваў 12.5.1990 быў утвораны гарадскі забастовачны камітэт (А. Бухвостаў, В. Ялфімаў, С. Сімкін, Я. Мурашка, А. Гурачэўскі і інш.). 7-8.7.1990 у час работы XXVIII з’езда КПСС забастовачны камітэт з дапамогай гарсавета і гарадской рады Беларускага народнага фронту “Адраджэньне” арганізавалі ў Маскву марш-пратэст “За выжыванне” з удзелам 350 прадстаўнікоў пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнаў Гомельскай, Магілёўскай і Бранскай абласцей.

Пасля гэтага ў Гомель была накіравана камісія на чале з намеснікам старшыні СМ СССР В. Дагужыевым. 25.7. 1990 паміж камісіяй, забастовачным камітэтам, СМ БССР, абласным і гарадскім выканкамамі быў падпісаны пратакол, паводле якога Гомелю надаваўся статус горада, пацярпелага ад экалагічнага бедства, і прадугледжвалася праграма дзяржаўнай дапамогі. Па ініцыятыве забастовачнага камітэта ход выканання пратакола абмяркоўваўся на сесіях гарадскога і абласнога Саветаў народных дэпутатаў, на гарадскіх мітынгах у гадавіну чарнобыльскай аварыі ў 1991-1993.


Аўтар:
Валянціна Лебедзева
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996.  Ст. 70.