Гомельская воласць (Гомельскае стараства)

0
1809
старая карта Гомеля

Гомельская воласць, Гомельскае стараства – дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ. Вылучылася са складу Старадубскага княава, якім да 1432 валодаў Жыгімонт Кейстутавіч. Пасля феадальнай вайны 1432—39 у Гомельскай воласці, відаць, быў накіраваны велікакняскі намеснік. Паміж 1440 і 1443 са складу Гомельскай воласці вылучаны маёнткі  Хальч і Шарсцін, падараваныя адпаведна Герману Радзівонавічу (родапачынальніку Халецкіх) і Міхаілу Мантоўту (пасля яго смерці Шарсцін вярнуўся ў склад Гомельскай воласці). Тады ж нейкая неназваная вёска была падаравана Бумонту, у якога яе спрабаваў адняць Еска Пратасавіч, уладальнік іншай вёскі. З 1446 Гомельская воласць належала перабежчыку з Вялікага княства Маскоўскага князю Васілю Яраславічу Серпухаўска-Бароўскаму, у 1450-1452 — Свідрыгайлу. Апошні незадоўга да смерці вылучыў са складу Гомельскай воласці сёлы Данілавічы, Дуравічы і Валосавічы і падараваў іх Андрэю Саковічу. Пасля 1454 Гомельская воласць перададзена ва ўдзел перабежчыку з Вялікага княства Маскоўскага князю І.А. Мажайскаму, каля 1483 адышла да яго сыноў Андрэя і Сямёна. У гэты час Б.А. Саковіч дамогся звароту яму Данілавічаў, Дуравічаў і Валосавічаў пасля смерці А. Саковіча (каля 1464) далучаных да Гомельскай воласці. У выніку пераходу князя С.І. Мажайскага на бок Вялікага княства Маскоўскага ў 1500 Гомельская воласць адышла да Масквы, тады ж да яе далучыліся задняпроўскія паселішчы сумежных Горвальскай, Рэчыцкай і Стрэшынскай валасцей, таксама захопленыя Маскоўскай дзяржавай. Вернута ў склад ВКЛ у 1535 у час вайны Вяыкага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай 1534-1537, уваходзіла ў лік дзяржаўных прыдняпроўскіх (рускіх) валасцей. З сярэдзіны XVI ст. звычайна называлася стараствам.

На пасадзе гомельскіх намеснікаў (дзяржаўцаў, старастаў) вядомы князі А.А. Сангушка (1535), В.Ю. Друцкі-Талачынскі (1536—37), а таксама Я. Дарашкевіч, Я. Хршчановіч (1546—49). А. Гарнастай (1547—52). Пасля 1535 Халецкім быў вернуты Хальч  і вёскі Засоўе, Кальскевічы, Чабатовічы, Чорныя (да 1500 адносіліся да Горвальскай воласці). Ва ўласнасць мясцовым баярам да 1560 былі раздадзены вёскі Вага, Валазковічы, Кузьмічы, Рылавічы, Слабада. Вёска Плёса стала ўласнасцю Гомельскай Троіцкай царквы. Вёскі Ліпінічы,  Прысна, Шарсцін на пачатку Інфлянцкай ваыны 1558-1582 аддадзены ў леннае трыманне гомельскаму ротмістру К. Ленскаму. Дуравічы — паручніку гомельскай роты Я.Фашчу. На момант рэвізіі Гомельскай воласці 1560 у яе складзе заставаліся г. Гомель і 32 сельскія паселішчы, у якіх налічвалася 202 дымы ў 88 службах (у самай буйной в. Губічы было 16 дымоў). Гэта сведчыць пра вельмі нізкую заселенасць — крыху больш за 1 тыс. чал. на плошчы каля 4,5 тыс. км2. Паводле адміністратыўнай рэформы 1565-1566 увайшла ў Рэчыцкі павет Менскага ваяводства. У 1567 намеснік К.В.Цішкевіч трымаў у Гомельскай воласці гарнізон у 30 коннікаў. Да канца XVI ст. яшчэ некалькі вёсак (Волатава, Данілкавічы, Карма, Носавічы, Церашковічы і інш.) раздадзены ў лен. Асноўная частка стараства на працягу больш як паўстагоддзя знаходзілася ў трыманні гальшанскай галіны Сапегаў: Багдана (каля 1570-1582), яго сыноў Андрэя (1582—1610) і Паўла Стафана (1610-1635). Потым яго трымалі Аляксандр Слушка (да 1658) і яго сын Зыгмунт (да 1671), М.К. Радзівіл (1671—80). У канцы XVI — сярэдзіне XVII ст. Гомельская воласць не раз цярпела ваенныя разбурэнні і заставалася адной з самых слабазаселеных ускраінных валасцей. У інвентары 1681 узгадваецца толькі 20 сельскіх паселішчаў. У другой чвэрці XVIII ст.  пачаўся эканамічны і дэмаграфічны ўздым, які ўзмацніўся за часамі знаходжання стараства ў руках аднаго з буйнейшых магнатаў таго часу — канцлера ВКЛ М.Ф.Чартарыйскага. У 1738 стараства налічвала 37 паселішчаў (з іх 18 нядаўна заснаваных слабод). У люстрацыі 1765 узгадваюцца 58 паселішчаў 2265 двароў. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) далучана да Расійскай імперыі, налічвала, паводле адных звестак, каля 6 тыс. душ мужчынскага полу, паводле іншых — каля 12 тыс. мужчынскіх душ у 82 паселішчах.

Аўтар: Вячаслаў Насевіч

Крыніца: Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 1. С. 543