Гомельская сацыял-дэмакратычная група

0
26
Гомельская сацыял-дэмакратычная група

Гомельская сацыял-дэмакратычная група была створана вясной 1895 г. Праводзіла прапаганду сярод інтэлігенцкай моладзі Гомеля, жыхароў мястэчка Ветка Гомельскага павета. У 1896 група мела 5 гурткоў па 5-8 чалавек у кожным. Адным з актыўных дзеячаў быў П.У. Карповіч. У кіруючы цэнтр уваходзілі: І. Захарын, А. Юсін, М. Гезенцвей.

Праз былога кіраўніка Гомельскага гуртка самаадукацыі А.Д. Паляка і студэнтаў-гамяльчан група наладзіла сувязі з Кіеўскім і Екацярынаслаўскім “Саюзамі барацьбы за вызваленне рабочага класа”, атрымлівала ад іх літаратуру (творы Г.В. Пляханава, П.Б. Аксельрода, кіеўскую “Рабочую газету” і інш.).

1(13).3.1896 група правяла сход, прысвечаны памяці нарадавольцаў, пакараных смерцю за забойства цара Аляксандра ІІ, летам 1897 — маёўку. У 1897 кіруючым цэнтрам распрацавана праграма пераходу да масавай агітацыі, якая мела чыста эканамічны характар. Тады ж сталі ствараць стачачныя касы. Да красавіка 1898 яны былі амаль ва ўсіх рамесных цэхах горада і налічвалі каля 250 чал. Пад уплывам агітацыі сацыял-дэмакратаў летам 1897 адбылася стачка 25 сталяроў, якія патрабавалі павелічэння зарплаты і скарачэння рабочага дня. Арышт 6 стачачнікаў стаў штуршком для пачатку антыўрадавай агітацыі. Вясной 1898 група стала называцца Гомельскі рабочы саюз барацьбы.

Аўтар: Міхась Біч
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 177. Ст. 72.