Гомельская губерня

0
1231
Гомельская губерня

Гомельская губерня існавала ў 1919-1926 у РСФСР. Утворана 26.4.1919 (зацверджана НКУС РСФСР 11.7.1919) на тэрыторыі 9 паветаў (Аршанскага, Быхаўскага, Гомельскага, Горацкага, Клімавіцкага, Магілёўскага, Рагачоўскага, Чавускага, Чэрыкаўскага) скасаванай Магілёўскай губерні, Рэчыцкага павета Мінскай губерні, Мглінскага, Навазыбкаўскага, Старадубскага, Суражскага паветаў Чарнігаўскай губерні.

Насельніцтва ў 1921 – 2361,7 тыс. чал., у 1925 – 1355,6 тыс. чал. З 29.8.1919 да 10.8.1920 у Гомельскую губерню ўваходзілі Мазырскі, часткі Бабруйскага, Барысаўскага, Ігуменскага паветаў. 18.11.1920 Аршанскі павет перададзены ў Віцебскую губерню. 4.5.1922 Мглінскі і Чавускі паветы скасаваны, Суражскі павет перайменаваны ў Клінцоўскі, створаны Почапскі павет 27.7.1922 Горацкі павет (за выключэннем Нічыпаравіцкай воласці, якая ўключана ў Магілёўскі павет) перададзены Смаленскай губерні. 14.2.1923 Быхаўскі павет  скасаваны. 9.5.1923 Почапскі павет перададзены ў Бранскую губерню. 3.3.1924 Быхаўскі, Клімавіцкі, Магілёўскі, Рагачоўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, частка Рэчыцкага павета перададзены ў БССР.

8.12.1926 Гомельская губерня скасавана. Гомельскі і Рэчыцкі паветы  далучаны да БССР, Клінцоўскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі – да Бранскай губерні.

Літаратура

Административно-территориальное устройство БССР. Справ. Т. 1 Мн., 1985;

Прохоров В.В. Образование Гомельской губернии / / Науч.-информ. Бюл. Архивно­го управления при СМ БССР 1960 № 1

Яго ж “К вопросу о включении уездов Гомельской губернии в состав БССР (1924, 1926 гг.)” // Тамсама 1961 № 10.

Аўтар: Мікалай Камінскі
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 69-70.