Гомельская гарадская дырэкторыя (1918-1919 гг.): палітычныя і дзяржаўныя арыентацыі

0
54
Гомельская дырэкторыя і яе гісторыя

1918 г. паставіў лёс Гомеля, як і ўсяго беларускага ГІалесся, у эпіцэнтр працэсаў, звязаных з заканчэннем Першай сусветнай вайны і барацьбой былых ускраін Расійскай імперыі за дзяржаўнасць.

Увага да Гомельска-палескага рэгіёна была вызначана найперш яго эканамічна- камунікацыйным патэнцыялам. Традыцыйна Палессе вылучалася абмежаванымі магчымасцямі сельскай гаспадаркі, прычынай чаго з’яўлялася лясістасць, малалікасць і невысокая ўрадлівасць ворных земляў. Аднак з развіццём прамысловасці прыродна- сыравінныя рэсурсы рэгіёна былі запатрабаваны, у выніку чаго на тэрыторыі ад Пінска да Гомеля ўзнік шэраг дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, якія мелі не толькі краёвае, але і агульнарасійскае значэнне. Не толькі эканамічную, але і ваенна-стратэгічную цэннасць рэгіёну надалі пабудаваныя ў 80-я гады 19-га ст. Палескія чыгункі, важнейшая частка якіх праходзіла якраз па лініі Брэст — Жабінка — Пінск — Лунінец — Калінкавічы — Рэчыца — Гомель і далей на Бранск. Магчымасці, якія давалі Палескія чыгункі, цікавілі маладую ўкраінскую дзяржаву, а дрэваапрацоўчая вытворчасць рэгіёна ўяўляла для яе безумоўную каштоўнасць пры дэфіцыце ўласных лясных рэсурсаў.

Паводле падпісанага 2-га студзеня (9-га лютага) 1918 г. мірнага дагавора паміж Украінай, з аднаго боку, і Германіяй, Турцыяй, Аўстра-Венгрыяй ды Бапгарыяй, з другога, Украінскай дзяржаве была перададзена акупіраваная нямецкімі войскамі частка Заходняга Палесся. 18-га лютага, як вядома, перамовы ў Брэсце былі сарваны, началося франтальнае наступление германскіх войск. 1-га сакавіка чырвонаармейскія атрады разам з гарадскім балыпавіцкім Саветам пакінулі Гомель, і ў той жа дзень яго занялі часткі 41-га дывізійнага корпуса нямецкай арміі. Пасля стабілізацыі фронту на ўсходзе ў канцы сакавіка адбылася афіцыйная перадача Украінскай Народнай Рэспубліцы Мазырскага, Рэчыцкага і Гомельскага паветаў. Гомель увайшоў у новаўтвораную адмінісграцыйна-тэрытарыяльную адзінку ў складзе Украіны — Дрэгавічскую зямлю, цэнтрам якой быў прызначаны Мазыр [1, с.181].

Апошнія падзеі амаль што супалі з прыняццем Народным Сакратарыятам Беларускай Народнай Рэспублікі 25-га сакавіка Трэцяй Устаўной граматы, якая вызначыла тэрыторыяй незалежнай рэспублікі «усе землі, дзе жыве і мае лічбавую перавагу беларускі народ, а ласьне Магілёўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Віленшчыны, Горадзеншчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губэрняў, заселеных беларусамі». Такім чынам, адпаведна грамаце Беларускае Палессе было абвешчана неад’емнай часткай тэрыторыі незалежнай Беларусі.

У 20-х чыслах красавіка 1918 г. у Кіеве адбываліся беларуска-ўкраінскія перамовы, прадметам якіх стала тэрытарыяльна-межавое пытанне. Спасылкі беларускага боку на прыняты міжнароднай практыкай этнічны прынцып вызначэння граніц поспеху не мелі. Украінскі бок прапанаваў лінію мяжы, якая праходзіла па сучасных раёнах: Веткаўскаму, поўначы Гомельскага, Рэчыцкага, Калінкавіцкага, Петрыкаўскага, поўдні Любанскага, Салігорскага і Івацэвіцкага. За Украінай заставаліся басейн Прыпяці і чыгунка Пінск — Гомель, што абгрунтоўвалася неабходнасцю бяспекі Украіны з поўначы на выпадак, калі незалежная беларуская дзяржаўнасць не ўтрымаецца і на яе тэрыторыі будуць панаваць Расія альбо Польшча.

Перамовы зайшлі ў тупік, а 30-га красавіка на Украіне адбылася змена ўлады: Цэнтральная рада была распушчана, на яе месца прыйшоў урад гетмана П. Скарападскага, а замест Украінскай Народнай Рэспублікі была прынята новая афіцыйная назва краіны — «Украінская Дзяржава».

Спробы беларускага боку працягнуць дыялог аб тэрытарыяльна-памежным пытанні з новымі палітычнымі сіламі не мелі поспеху. Звароты дэлегацыі БНР па- просту ігнараваліся, а захады ў адносінах да далучаных беларускіх паветаў сведчылі аб курсе на больш глыбокую іх інтэграцыю ва ўкраінскія справы. Гомель адчуў гэта першым: на пачатку чэрвеня замест Дрэгавіцкай зямлі была створана часовая Палеская губерня з уключэннем у яе Рэчыцкага, Пінскага і Мазырскага паветаў. Гомельскі павет пры гэтым далучаўся да ўнутранай Чарнігаўскай губерні [2, арк.39]. Адначасова быў падрыхтаваны «Законапраект аб адміністрацыйным дзяленні далучаных да Украіны паветаў паміж губернямі», адпаведна якому, беларускія ўезды размяркоўваліся наступным чынам: Пінскі, Брэст-Літоўскі і Кобрынскі далучаліся да Валынскай губерні, Мазырскі і Рэчыцкі — да Кіеўскай. Гомельскі павет заставаўся за Чарнігаўскай губерняй, але да яго дадавалася частка Рагачоўскага [2, арк. 75-77].

У такім выглядзе статус беларускіх паветаў і Гомеля заставаўся і пасля новай перамены ўкраінскай улады, калі ў лістападзе 1918 г. палітычныя партыі сацыялістычнага кірунку стварылі на месцы рэжыма П. Скарападскага Кіеўскую Дырэкторыю на чале з С. Пятлюрай і Ул. Вінічэнкам.

Структура гомельскай гарадской улады ў перыяд 1918 — пачатку 1919 гг. уяўляла сабой своеасаблівую ієрархію не толькі сацыяльна-палітычных, але і нацыянальна-дзяржаўных суб’ектаў. Рэальныя паўнамоцтвы належалі, безумоўна, акупацыйным установам, якія ўзялі на сябе жандармскія і гаспадарча- мабілізацыйныя функцыі ў прыфрантавой зоне. Германская камендатура пільнавала недапушчэнне антынямецкіх выступленняў, а таксама работу чыгуначнага вузла і прадпрыемстваў. Яна, аднак, заявіла аб неўмяшальніцтве ў цывільныя і грамадска-гталітычныя гарадскія справы, хаця захоўвала кантроль над іх дзейнасцю з мэтай забяспечыць спакой і стабільнасць у тыле нямецкіх войскаў. У гораде нават не былі забаронены мясцовыя лева-сацыялістычныя арганізацыі, прафсаюзы, святкаванне Першамая і г.д.

Органам рэгулявання цывільнага жыцця акупацыйныя ўлады пакінулі Гомельскую гарадскую думу і земскія ўправы. Гэтыя структуры гарадскога самакіравання здолелі ўцалець нават у перыяд перамогі ў горадзе бальшавіцкага рэжыму, бо за іх захаванне выступілі пры падтрымцы насельніцтва ўсе небальшавіцкія палітычныя сілы, уключаючы і сацыялістычныя.

Украінская ўлада вымушана была прыняць гэту рэальнасць і ўступіць у кантакт са структурамі гарадскога самакіравання. Канстытуяванне і функцыяніраванне ўкраінскага прадстаўніцтва на далучаных беларускіх тэрыторыях і іх узаемадзеянне з мясцовымі палітычнымі сіламі і адміністрацыйнымі структурамі засгаецца актуальным прадметам даследавання. У навуковае карыстанне ўведзены толькі агульныя звесткі пра прызначэнне Цэнтральнай Радай у Гомель павятовага каменданта, аб перадачы Кіеву кіраўніцтва прамысловасцю, Лібава-Роменскай і Палескімі чыгункамі і аб рашэнні пра ўкраінізацыю новадалучаных паветаў.

Сам факт дзяржаўна-адміністрацыйнага далучэння да Украіны быў успрыняты ў Гомелі негатыўна. Нягледзячы на даўнія эканамічныя, культурныя, міграцыйныя і інш. сувязі, праўкраінскія сілы ў горадзе практычна адсутнічалі. Вельмі слабым тут заставаўся і беларускі нацыянальны рух. Затое Гомель быў цэнтрам даволі высокай актыўнасці рознага кшталту агульнарасійскіх лева-сацыялістычных партый. Усе яны былі арыентаваны на захаванне расійскай дэмакратычнай дзяржаўнасці, у якой бачылі і будучыню сваёй малой радзімы. Таму Гомельская гарадская дума выказала афіцыйны пратэст супраць далучэння павета да Украіны і прызначэння камісара Цэнтральнай Рады. Дума патрабавала рэалізацыі права насельніцтва на свабоднае самавызначэнне і правядзенне рэферэндума аб дзяржаўнай прыналежнасці, да часу якога прасіла вызваліць Гомель ад улады ўсіх дзяржаў [2, арк.15-19]. Пратэст быў даведзены да Цэнтральнай Рады але, зразумела, застаўся без задавальнення. Можна меркаваць, аднак, што ў сілу вострай палітычнай барацьбы ў самой Украіне, а таксама ўнутры Цэнтральнай Рады, інтэграцыя Гомеля у ўкраінскую дзяржаўнасць мела большым чынам намінальны характар.

Практычныя захады да ўрада гетмана П. Скарападскага сведчылі аб намерах узмацніць цэнтралізацыю ўлады на новадалучаных тэрыторыях. У беларускія паветы былі прызначаны «павітовыя камісары», сфарміраваны аддзелы «дзяржаўнай варты», пачалася здзяйснцца ўкраінізацыя школы і ўстаноў. Паўнамоцтвы гарадскога самакіравання былі абмежаваны настолькі, што яго існаванне стала амаль фармальным. Камісарам гетманскага ўрада ў Гомелі быў прызначаны былы прадвадзіцель мясцовага дваранства Е.Н. Стош. Гэта было расцэнена гарадской грамадскасцю як крок кансерватыўна-рэстаўрацыйны, які адвяргаў у тым ліку і заваёвы Лютаўскай рэвалюцыі.

Узмацненне ўладнай вертыкалі не забяспечыла поўнага кантролю над палітычнай сітуацыяй у Гомелі і павеце. Тут актыўна дзейнічаў, падтрымліваючы непасрэдныя сувязі з цэнтрамі, на ўсход ад фронту, Палескі камітэт РКП(б). Па распараджэнні Масквы ён быў афіцыйна падпарадкаваны ЦК Кампартыі Украіны, але будучыня і Гомеля, і самой Украіны бачылася камітэтам у складзе савецкай федэрацыі. Украінская нацыянальна-дэмакратычная і нямецкая ўлады разглядаліся мясцовымі бальшавікамі як часовыя і варожыя, супраць якіх было неабходна весці барацьбу ўсімі магчымымі сродкамі. У ліпені ў Гомелі выбухнула справакаваная левымі забастоўка рабочых і служачых Палескай і Лібава-Роменскай чыгунак. У сярэдзіне жніўня Гомельскі рэўком зрабіў спробу далучыцца да запланаванага Усеўкраінскім рэўкомам антыгетманаўскага і антынямецкага паўстання. У ноч з 16-га на 17-га жніўня паміж станцыямі Зябраўка і Церахоўка быў узарваны цягнік. Нешматлікія партызанскія атрады ў Насовічах, Жгуні, Прыбытках і Васільеўцы паспрабавалі захапіць чыгуначныя пуці, але былі адцеснены нямецкімі аддзеламі. Паўстанцы зрабілі напад на казармы дзяржаўнай варты ў Навабеліцы і нямецкія ў Гомелі, здзейснілі выбух у гатэлі «Савой», што закончылася забойствам 12 вайскоўцаў. Адказам з боку акупацыйнай улады сталі рэпрэсіўныя акцыі [3, арк. 80-82].

Палітычная сітуацыя яшчэ больш абвастрылася восенню 1918 г., калі 27-га жніўня быў падпісаны дадатковы расійска-германскі дагавор аб эвакуацыі нямецкіх войск з тэрыторыі на ўсход ад Бярэзіны, а ў лістападзе выбухнула рэвалюцыя ў Германіі, пасля чаго Брэсцкі мір быў ануляваны з боку Савецкай Расіі. Акупацыйны рэжым перажыў важныя перамены: на франтах, і ў вайсковых фарміраваннях уладу ў свае рукі ўзялі салдацкія саветы, якія ўсталявалі кантроль над афіцэрскім камандаваннем. У Гомелі ўлада перайшла да «Вялікага савета салдацкіх дэпутатаў» 41- га рэзервовага корпуса і яго выканкама. Настроеныя на заканчэнне ваенных дзеянняў і арыентаваныя прасацыялістычна нямецкія саветы бачылі сваёй мэтай забеспячэнне ўмоў для арганізаванай эвакуацыі войскаў. Пры гэтым германскі бок зыходзіў з прыналежнасці Палескага рэгіёна да Украіны і звязваў сітуацыю ў Гомелі з лёсам украінскай дзяржаўнасці. Бальшавікі ж у цэнтры і на месцы меркавалі, што Томельшчына ёсць вароты паўднёвай жытніцы ў сталіцы Савецкай Рэспублікі»[4, с.90], і рыхтавалі вяртанне горада да рэўкомаўскай улады і расійскай прыналежнасці.

На фоне гэтых падзей украінскі фактар не толькі не страціў свайго значэння, але наадварот набываў для дэмакратычных сіл Гомеля ролю рэальнага саюзніка ў барацьбе за небалыпавіцкую альтэрнатыву. Гэты матыў тым болыл актуалізаваўся пасля прыходу да ўлады ў Кіеве палітыкаў сацыялістычнай арыентацыі, якія стварылі Дырэкторыю. Перад рэальнай небяспекай вяргання бальшавіцкіх сіл і ўлады гарадское самакіраванне паспрабавала ўмацаваць сябе сувязямі з Кіевам і нямецкімі акупацыйнымі структурамі ў асобе салдацкага савета 41-га корпуса.

Звесткі аб падзенні 14-га снежня рэжыма П. Скарападскага прыйшлі ў Гомель дастаткова аператыўна. У літаратуры засведчаны факт наведвання гомельскай думскай дэлегацыяй кіраўнікоў украінскай Дырэкторыі ў першыя дні яе існавання, 16-га снежня, калі Дырэкторыя ў Украіне яшчэ не ўсгупіла ў Кіеў, гарадская рабочая канферэнцыя, скліканая сацыялістычнымі партыямі, пастанавіла стварыць Гомельскую Дырэкторыю як часовы выбарны орган на шматпартыйнай аснове. 3 243 дэлегатаў толькі 60 выказаліся за бальшавіцкае патрабаванне перадаць уладу ў горадзе ваенна- рэвалюцыйнаму камітэту. На наступны дзень гэта рашэнне падтрымала і канферэнцыя сацыялістычных арганізацый горада [4, арк. 17].

17-га снежня новы орган улады быў сфарміраваны. У яго склад увайшлі два прадстаўнікі гарадской думы (Каган і А. Браун), адзін — ад гарадскога цэнтральнага савета прафсаюзаў, два — ад рабочай канферэнцыі, чатыры — ад чыгуначнага камітэта. Падтрымку Дырэкторыі выказаў салдацкі савет 41-га германскага корпуса, узяўшы на сябе абавязак па ахове грамадскага парадку.

Аднак існаванне выбарнай улады было пастаўлена пад пытанне амаль адразу пасля яго ўтварэння. Можна канстатаваць, што ў перыяд другой паловы снежня 1918 — першай паловы студзеня 1919 гг. ў Гомелі існавала своеасаблівае двоеўладдзе, калі побач з Дырэкторыяй амаль што легальна і адкрыта дзейнічаў рэўком. Акрамя гэтага па логіцы знешнепалітычных падзей — сітуацыя на савецка-германскім фронце і ў Украіне – літаральна па днях адлічваўся тэрмін існавання гэтай, напэўна, апошняй на тэрыторыі Беларусі, структуры гарадскога самакіравання.

У ноч, якая папярэднічала 17-му снежня — дню стварэння Дырэкторыі, у Мазыры адбыліся перамовы прадсгаўнікоў нямецкага дывізійнага корпуса і савецкай Дэлегацыі на чале з упаўнаважаным СНК РСФСР Мануільскім. Прадметам перамоў быў тэрмін эвакуацыі германскіх войск па лініі чыгункі Гомель — Пінск. Па дамоўленасці адрэзак Калінкавічы — Мазыр — Лунінец вызваляўся ўжо 17-га снежня, а Гомель — 20-га. Аднак для забеспячэння ўмоў поўнага вываду нямецкіх фарміраванняў на гэтых тэрыторыях павінен быў захоўвацца status quo, забараняліся спробы гвалтоўнага захопу ўлады з боку любых палітычных сіл [5,. арк. 40-44].

Акрыленыя блізкай перамогай бальшавіцкія і некаторыя іншыя левыя сілы Гомеля, якія не пагадзіліся з рашэннямі рабочай і сацыялістычнай канферэнцый аб стварэнні Дырэкторыі, аднавілі 18-га снежня новы склад рэўкома. Яго першым рашэннем было дамагацца ўлады, у тым ліку і зброяй. У той жа дзень савецкая Дэлегацыя мела сустрэчу з новаўтвораным рэўкомам, на якой было вырашана заняць Гомель часткамі Чырвонай Арміі, уладу перадаць рэўкому, а горад і павет далучыць да РСФСР.

Вестка аб хуткім вяртанні бальшавіцкай улады выклікала ў горадзе паніку — найбольш заможныя жыхары імкнуліся выехаць ў заходнім накірунку, аднак рэўком пачаў забіраць уладу ў горадзе ў свае рукі: атрады Чырвонай Гвардыі здолелі ўзяць пад кантроль чыгуначны вакзал, арыштавалі начальніка службы руху і недапускалі выхаду ca станцыі ніякіх цягнікоў, акрамя нямецкіх. 19-га снежня ў гарадскім тэатры ў прысутнасці Дэлегацыі Мануільскага быў наладжаны мітынг для прывітання Чырвонай Арміі і бальшавіцкай улады. Аднак у сітуацыю ўмяшаўся Савет нямецкага 41-га корпуса, прадстаўнікі якога заявілі, што расцэньваюць дзеянні гомельскага рэўкома і савецкай Дэлегацыі як парушэнне мазырскай дамоўленасці, а таму бяруць сітуацыю пад свой кантроль і афіцыйна пацвярджаюць уладу ў Гомелі Дырэкторыі. Па патрабаванні немцаў савецкая Дэлегацыя пакінула горад, камітэт чыгуначнікаў, створаны рэўкомам быў арыштаваны, а сам рэўком перайшоў на нелегальнае становішча.

У гэтых умовах Дырэкторыя паспрабавала разгарнуць сваю дзейнасць. Рэканструіраваць яе станаўленне і захады як уладна-распараджальнай структуры, а таксама ўзаемаадносіны з Кіевам у пэўнай ступені дазваляе комплекс афіцыйных дакументаў — зваротаў і загадаў Дырэкторыі, які захаваўся ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у выглядзе асобнай нефандзіраванай папкі [6].

Першым дакументам у гэтым комплексе з’яўляецца адозва «Да грамадзян г. Гомеля», выпушчаная 18-га снежня не самой новаўтворанай структурай, а выканкамам Савета салдацкіх дэпутатаў 41-га корпуса за подпісам яго старшыні Кабеніуса. Гэтым дакументам акупацыйная ўлада фактычна прызнавала легітымнасць Дырэкторыі, звяртаючы ўвагу гамяльчан на тое, што ўтварэнне гэтага органа адбылося шляхам выбараў гарадской думай і сацыялістычнымі партыямі. Падкрэслівалася добраахвотнасць перадачы верхавенства ўлады Кіеву, з упэўненасцю ў народным характары ўрада С. Пятлюры і яго здольнасці забяспечыць вывад нямецкіх войскаў, перадавалася ўлада.

Варта заўважыць тую адметнасць, што большай палітычнай небяспекай Дырэкторыя вызначала не Гомельскі рэўком, а былую ўкраінскую ўладу. Калі першы ў снежаньскіх дакументах новай улады наогул не згадваецца, то значная ўвага накіравана на ліквідацыю рэшткаў гетманскага рэжыму, які кваліфікаваўся як недэмакратычны і гвалтоўны. Адозва ад 18-га снежня папярэджвала аб гатоўнасці супрацьстаяць зброяй любым інсінуацыям з боку прадстаўнікоў былога гетманскага рэжыму, адначасова гарантуючы ім недатыкальнасць асобы і магчымасць свабоднага выезду з горада. Аднак два наступныя дакументы — звароты да насельніцтва ўжо самой Дырэкторыі, падпісаныя ўпаўнаважаным па справах Р.Г. Павецкім, абвяшчалі, што «прадстаўнікі гетманскай улады, у выпадку з’яўлення іх у горадзе, падлягаюць тэрміноваму арышту», а насельніцтва заклікалася паведамляць аб усіх злоўжываннях і хабарніцтве з боку былых улад.

Найбольш змястоўную інфармацыю аб накірунках дзейнасці Гомельскай Дырэкторыі даюць адрасаваныя насельніцтву яе звароты і загады. Апошніх, выдадзеных ад 22-га снежня да 3-га студзеня, захавалася ўсяго 11.

Загад № 1 цікавы тым, што раскрывае некаторыя праграмна-палітычныя ўстаноўкі новай улады. їм абвяшчаўся пераход усёй улады да Дырэкторыі і аднаўленне гарадской «дэмакратычнай думы». Сваёй галоўнай мэтай новы орган дэклараваў «аднаўленне парадка і дэмакратычнага ладу». Заяўлялася, што «рабочы клас і дэмакратыя могуць разлічваць на адданасць сацыялістычнай Дырэкторыі іх інтарэсам». Для пацверджання сваіх дэмакратычных прынцыпаў Дырэкторыя абяцала, што «як толькі будуць створаны законныя органы дзяржаўнай улады, а мясцовая будзе забяспечана за гарадскім дэмакратычным самакіраваннем, яна складзе свае паўнамоцтвы» [6, арк. 193].

Характэрна, што заканадаўчыя арыентацыі Гомельскай Дырэкторыі былі скіраваны не на новую ўкраінскую ўладу, а на спадчыну расійскай Лютаўскай рэвалтоцьн. Загадам N° 1 адмяняіпся усе законы гетманскага часу, якія супярэчылі актам Часовага ўрада.

Адпаведна наступным загадам для захавання стабільнасці і парадку ў горадзе ўсіх служачых дзяржаўных і гарадскіх устаноў абавязвалі заставацца на працоўных месцах і працягваць выкананне абавязкаў. Папярэжвалася аб строгім пакаранні ўсіх спроб рабаванняў, гвалту і незаконных арыштаў » [6,. № 23, 26].

3-га студзеня 1919 г., у дні, калі ішла арганізаваная рэўкомам забастоўка чыгуначнікаў і максімальна вырасла бальшавіцкая небяспека, Дырэкторыяй быў выдадзены самы аб’ёмны дакумент — «абавязковая пастанова», якая патрабавала ад усіх грамадзян, а ў першую чаргу ад домаўладальнікаў, арандатараў гасцініц, заезжых і пастаялых двароў, начлежных, чайных, сталовых і інш., весці абавязковую рэгістрацыю ўсіх пастаянных і часовых жыхароў, на працягу 12 гадзін паведамляць у міліцэйскія часткі аб прыбываючых і выбываючых, і неадкладна — аб усіх падазроных асобах. Усе грамадзяне горада і ваколіц былі абавязаны мець пры сабе дакументы, у адваротным выпадку яны затрымліваліся для высвятлення асобы. Зачыняліся ўсе месцы азартных гульняў. За парушэнне гэтых патрабаванняў вінаватых чакала турэмнае зняволенне да трох месяцаў » [6, № 33].

Звяртаем увагу на тое, што новы ўладны орган не ствараў уласнай ваенізаванай апоры, а абмежаваўся перайменаваннем Дзяржаўнай варты ў міліцыю. Распушчаным абвяшчаўся толькі кіруючы склад, сама ж структура падпарадкоўвалася калегіі камісараў Дырэкторыі, паміж якімі былі размеркаваны раёны горада. Гэта дае падставы думаць, што аддзелы Дзяржаўнай варты не былы прысланы з Украіны, а іх фарміраванне адбывалася на месцы.

Дакументы сведчаць, што побач з палітычнай найбольшую праблему для Дырэкторыі складала гаспадарча-эканамічная, што абсалютна зразумела ў сітуацыі зацяглай вайны, рэвалюцый, змены мясцовых і дзяржаўных улад. Таму асноўны змест некалькіх загадаў звязаны з такімі пытаннямі, як інфляцыя і цэны, спекуляция таварамі і прадуктамі, харчовае забесгіячэнне. Інструмента і меры вырашэння гэтых праблем мелі адміністрацыйна-прымусовы і кантрольны характар, што было апраўдана экстрэмальнасцю сітуацыі.

У прыватнасці, з дакументаў вынікае, што нестабільнасць палітычнай сітуацыі на Украіне адбілася і на фінансавай кан’юнктуры гомельскага рынка, традыцыйна зацікаўленага ў сувязях з паўднёвай суседкай. Украінскія грошы сталі губляць папулярнасць, у горадзе ўтвараліся стыхійныя «біржавыя вулічныя сходы», дзе ішла спекуляцыя «цвёрдай валютай» — нямецкімі маркамі і расійскімі рублямі. Рэакцыяй на сітуацыю стаў спецыяльны загад Дырэкторыі аб захаванні раўнацэннасці ўкраінскіх грошай з іншымі, што выкарыстоўваліся ў горадзе, з пагрозай аб адказнасці за адмаўленне іх прыёма. Асобы, заўважаныя за нелегальным абменам, падлягалі арышту, а грошы канфіскоўваліся на карысць горада. Такія ж строгія меры, аж да судовай адказнасці, датычылі вінаватых у самачынным павышэнні цэн на прадукты [6, № 23, 26].

Наогул вырашэнне найбольш вострай, харчовай, праблемы прымусіла Дырэкторыю прыняць меры, якія нагадвалі бальшавіцкую харчовую диктатуру: самым строгім чынам забараняўся вываз прадуктаў за межы горада, дарогі з якога ахоўваліся спецыяльнымі атрадамі, якія рэквізіравалі затрыманыя тавары, а іх уладальнікаў аддавалі суду. У той жа час увоз прадуктаў не прадугледжваў ніякіх абмежаванняў.

З шэрагу эканамічных захадаў Дырэкторыі адной з самых радыкальных з’яўлялася спроба стварэння ўласнага бюджэта для «забеспячэння гарадскіх устаноў [сродкамі — В.Л.] на неадкладныя патрэбы барацьбы з нарастаючай злачыннасцю, у мэтах аховы бяспекі насельніцтва горада». Асноўнай крыніцай збору сродкаў быў абраны надзвычайны прымусовы падатак у памеры трох мільёнаў рублёў, які размяркоўваўся па «класавай прыкмеце» — на «маёмасныя класы горада Гомеля». Для вырашэння гэтай задачы Дырэкторыяй былі створаны 2 камісіі: па абкладанні падаткам і для разгляду скаргаў.

Прыцягнутыя да падатку грамадзяне абавязваліся ў трохдзённы тэрмін уносіць у касу Дзяржаўнай управы яго суму. Тых, хто не падпарадкоўваўся, чакалі «пазбаўленне права свабоднага перамяшчэння», арышт і продаж маёмасці, а належачыя ім прадпрыемствы гандлю і вытворчасці зачыняліся [6, № 16].

На жаль, у нашым распараджэнні няма матэрыялаў, якія дазволілі б прасачыць вынікі і эфектыўнасць захадаў Дырэкторыі. Можна, тым не менш, меркаваць, што яны засталіся невысокімі ва ўмовах панавання сацыяльна-эканамічнай стыхіі, а таксама вострай унутры- і знешнепалітычнай барацьбы, фактычнага існавання ў Гомелі двоеўладдзя.

Гомельскі рэўком не спыняў спроб вяртання ўлады, фактычна вярнуўшыся да адкрытай дзейнасці. У 20-х чыслах снежня чырвонаармейскія часткі ўжо ўзялі пад кантроль частку чыгункі ад Гомеля да Жлобіна, што дало рэўкому новы стымул для штурма. 24-га снежня ён звярнуўся да Нямецкага Савета з ульгыматымумам аб перадачы ўлады, але атрымаў толькі пацверджанне аб паўнамоцтвах Дырэкторыі. Для аховы чыгуначнага вузла і горада ў Гомель была дадаткова ўведзена 47-я нямецкая дывізія, а Кіеўская Дырэкторыя накіравала сюды браніраваны цягнік.

У адказ пры падтрымцы Магілёўскага губкома РКП(б) і камандавання Заходняга фронта рэўком арганізуе з 26-га снежня агульнагарадскую забастоўку, якая паралізавала чыгуначны вузел і работу прадпрыемстваў. У выпушчаным у гэтыя дні звароце да грамадзян горада Дырэкторыя зазначала, што «расклееныя ў горадзе загады нейкага рэвалюцыйнага камітэта зыходзяць ад невядомых нам асоб. Улада па- ранейшаму знаходзіцца цалкам у руках гарадской Дырэкторыі, якая здзяйсняе яе ў кантакце з Нямецкім Саветам салдацкіх дэпутатаў» [6, № 20].

Аднак ужо 30-га снежня прадстаўнік Дырэкторыі А. Браун вымушаны быў уступіць у палеміку з прадстаўнікамі рэўкома і Гомельскага цэнтральнага бюро прафсаюзаў на гарадской рабочай канферэнцыі, дзе абмяркоўваліся ход і перспектывы забастоўкі. Ён даводзіў памылковасць забастоўкі, якая зрывае эвакуацыю германскіх войскаў. У адказ прагучалі словы прадстаўніка Магілёўскага губрэўкома Гурэвіча, аб тым, што Гомель неабходны для пропуска Чырвонай Арміі на Украіну, дзе сканцэнтраваны контррэвалюцыйныя сілы Дзянікіна і Краснова [4, арк. 28.]

Пашырэнне забастоўкі вымусіла Нямецкі Савет пайсці на перамовы з рэўкомам, якія закончыліся дасягненнем ўзаемнага кампрамісу: немцы абавязваліся пакінуць Гомель у дзесяцідзённы тэрмін і не перашкаджаць падрыхтоўцы да ўвядзення ў горадзе Савецкай улады, рэўком жа спыняў забастоўку.

Гэта дамоўленасць з’явілася прысудам для Гомельскай гарадской Дырэкторыі. Захоўваючы прынцыпы безгвалтоўнасці, яна прыняла рашэнне аб добраахвотнай перадачы ўлады, выклаўшы сваю пазіцыю ў апошнім звароце да насельніцтва. Дакумент адзначае, што «згодна рашэнню Германскага Савета салдацкіх дэпутатаў і Ваенна-Рэвалюцыйнага Камітэта Гарадская Дырэкторыя і гомельскае насельніцтва пастаўлены перад фактам перахода ўлады ў рукі Рэвалюцыйнага Камітэта».

Падводзячы вынік сваёй дзейнасці, Дырэкторыя ставіла сабе ў заслугу тое. што ў самыя цяжкія часы яна была вымушана ўзяць на сябе цяжар і адказнасць улады, паспрабавала захаваць у горадзе «парадак і дэмакратычны лад», здолела вярнуць заваёвы «Вялікай Расійскай Рэвалюцыі» і пайсці насустрач чаканням шырокіх мас дэмакратычнага насельніцтва, зноў далучаючы іх да палітычнай чыннасці. Падкрэслівалася, што ў сваёй дзейнасці Дырэкторыя абапіралася выключна на давер і падтрымку насельніцтва, на разумение яе адміністрацыйных мерапрыемстваў, а карна- рэпрэсіўныя захады выкарыстоўваліся толькі ў выключных выпадках. Дырэкторыя прызнавалася ў незавершанасці ўласных планаў дэмакратычных пераўтварэнняў, у якіх «абарона інтарэсаў рабочых і працоўных стаяла на першым месцы» і перадавала вынікі сваёй дзейнасці на суд грамадзян горада [6, № 35].

Гэтым дакументам названы тэрмін знаходжання Гомельскай Дырэкторыі ва ўладзе — 25 дзён, што дазваляе датаваць яго прыкладна 10-ым студзеня 1919 г. 14-га студзеня апошнія нямецкія часткі перадалі горад Чырвонай Арміі.

Украінская Дырэкторыя 2-га лютага пакінула Кіеў, саступіўшы яго бальшавікам, і пачала доўгія вандроўкі па Украіне, спрабуючы трымаць супраціўленне Чырвонай Арміі і польскаму наступлению. Магчымыя далейшыя кантакты з членамі Гомельскай Дырэкторыі малаверагодныя, аднак патрабуюць свайго даследавання.
 

  1. Українська Цэнтральна Рада: документі і матеріалі. В 2-х томах. Т.2. — Кіїв, 1997.
  2. ЦДАВО Украіны Ф.3766. Воп. 1. Спр. 186.
  3. Трудящиеся Гомельщины в борьбе за власть Советов (1917-1920): хроника событий.Гомель, 1958.
  4. Гомельскі абласны краязнаўчы музей. Ф. 5. Спр. 3.
  5. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф.52. Bon. 1. Спр. 61.
  6. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Папка «Гомель 1917-1923.»


Аўтар:
В.М. Лебедзева
Крыніца: Беларусь і суседзі: гістарычныя шляхі, узаемадзеянне і ўзаемаўплывы : матэрыялы Міжнар. навук. канф, 28-29 верас. 2006 г. / Гомел. дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны, Гіст. фак. ; рэдкал.: Р.Р. Лазько (гал. рэд.) [і інш.]. Ст. 102-110.