Гомельская дырэкторыя

0
1630
Гомельская дырэкторыя і ўкраінская за часамі УНР

Гомельская дырэкторыя – часовы орган улады ў Гомелі ў снежні 1918 г. – студзені 1919 г. Утворана 17 снежня 1918 г. на пасяджэнні гарадской думы на ўзор Украінскай дырэкторыі.

Падтрымана гарадской рабочай канферэнцыяй і нарадай сацыялістычных партый. Бальшавіцкая арганізацыя адмовілася падтрымаць Гомельскую дырэкторыю і стварыла Ваенна-рэвалюцыйны камітэт (ВРК). Асноўным сацыяльна-палітычным апірышчам Гомельскай дырэкторыі былі апазіцыйныя бальшавіцкай уладзе сілы рознага кірунку. У склад Гомельскай дырэкторыі ўвайшлі прадстаўнікі меншавікоў, Гомельскага сацыял-дэмакратычнага камітэта Бунда, сацыялістаў-сіяністаў, гарадской думы, Цэнтральнага бюро прафсаюзаў і іншыя. Гомельскую дырэкторыю  падтрымлівалі германскія акупацыйныя ўлады. Украінская дырэкторыя прызначыла цывільным камісарам былога гарадскога галаву І. Бабарыкіна. 18 снежня 1918 г. апублікаваны зварот “Да грамадзян горада Гомеля”, у якім абвяшчалася аб пераходзе ўлады да Гомельскай дырэкторыі часова – да стварэння органаў дзяржаўнай улады і гарадскога дэмакратычнага самакіравання. Гомельская дырэкторыя адмяніла законы ўкраінскага пятлюраўскага ўрада, “украінскую дзяржаўную варту” рэаарганізавала ў міліцыю, прызначыла камісараў горада, правяла абкладанне маёмных класаў падаткам для стварэння гарадскога бюджэту і барацьбы супраць спекуляцыі і крыміналу. Пасля перамоваў савецкага боку з германскім камандаваннем і Гомельскай забастоўкі чыгуначнікаў 1918-1919 гг. улада ў Гомелі 6 студзеня 1919 г. перададзена ВРК. Гомельская дырэкторыя самаліквідавалася.

Аўтар: В.М. Лебедзева

Крыніца: Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кнігах. Кн. 1-я. Мн., 1998. Ст. 302