Гомельская акруга існавала ў БССР у 1926-1930. Утворана 8.12.1926. Цэнтр – г. Гомель. Плошча акругі 16 тыс. км2, насельніцтва 675,2 тыс. чал (1927). Уключала 9 раёнаў Веткаўскі, Гомельскі, Дзятлавіцкі, Добрушскі, Насовіцкі, Свяцілавіцкі, Уваравіцкі, Чачэрскі, Чырванабудскі, раёны падзяляліся на 244 сельсаветы.
У склад акругі ўваходзілі 3 гарады (Ветка, Гомель, Добруш), 3 мястэчкі (Лоеў, Паддабранка, Чачэрск). У сувязі са скасаваннем Рэчыцкай акругі 9.6.1927 у склад Гомельскай акругі перададзены Брагінскі, Васілевіцкі, Горвальскі, Камарынскі, Лоеўскі, Рэчыцкі, Хойніцкі, Холмецкі раёны. 4.8.1927 скасаваны Васілевіцкі, Горвальскі, Дзятлавіцкі, Добрушскі, Насовіцкі, Свяцілавіцкі, Холмецкі, Чырванабудскі раёны і ўтвораны Церахоўскі раён. 27.10.1927 з Бабруйскай акругі перададзены Буда-Кашалёўскі раён. Акруговая газета “Палеская праўда” (гл. “Гомельская праўда”).
На 1.1.1930 у Гомельскай акрузе 11 раёнаў, 4 гарады, 5 мястэчак і 224 сельсаветы. 26.7.1930 Гомельская акруга скасавана.
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 67-68.