Гомельскае выдавецтва шукае таленавітых аўтараў

0
1161
Гомельскае выдавецтва шукае аўтараў

Літаратары часта скардзяцца на тое, што ў нашыя часы надзвычай цяжка надрукавацца. Выдавецтвы цікавяць толькі тыя творы, якія дакладна акупяцца, а даць такую гарантыю можа далёка не кожны. Некаторыя нават выдаюць кнігі за свае сродкі, марнуючы на гэта сямейныя запасы ды  нервы. На гэтым фоне вылучаецца гомельскае выдавецтва ТДА “Барк”, якое наадварот вельмі актыўна шукае аўтараў і абяцае падыйсці да арыгінальных тэкстаў з усёй адказнасцю.

Пра прычыны пошуку новых аўтараў, пагрозу электронных кніг ды ідэальнага аўтара мы пагутарылі з супрацоўніцай выдавецтва Ксеніяй Чындаравай.

Мы шукаем таленавітых літаратараў, бо ў беларусаў ёсць прага за пазнавання сусвету праз кнігі. Бібліятэкі амаль па ўсёй краіне ахвота набываюць (калі ім пашчасціць і з бюждету на гэта выкройваюцца нейкія сродкі) нашыя кнігі і чытачоў хапае. Ёсць кола аўтараў, з якімі мы плённа супрацоўнічаем не адзін год, але нам патрэбны і новыя імёны.

Больш за ўсё запатрабаваныя празаікі, бо нашыя суайчыннікі ахвотней пішуць вершы, чым іх чытаюць. Цікавяць аўтары, якія пішуць захапляльна, цікаўна, пажадана іранічна; з багатым жыццёвым досведам і філасоўскім поглядам на жыццё. Добрае валоданне мовай (любой) і высакомастацкі ўзровень твору абавязковыя.

На наш погляд электронныя кнігі – добры дадатак да папяровых, але ніяк не аналаг.

Па-першае, узровень кампутэрызацыі грамадства сярод насельніцтва 40+ яшчэ не такі вялікі (асабліва ў невялічкіх мястэчках і вёсачках).

Па-другое, эстэтычна, функцыянальна і псіха-фізіялагічна папяровыя кнігі куды лепей. Мо ў будучыні папяровыя кнігі і знікнуць, але гэта адбудзецца не так хутка.

Ідэальны аўар – гэта той, хто ўдумліва працуе над кожным словам, а не цягне ў выдавецтва тое, што

“само прыйшло ў галаву звыш і таму нельга змяніць ані літары, нават калі тэкст супярэчыць усім моўным нормам і правілам”.

Такое бывае ў нашай выдавецкай практыцы, паверце.

Сапраўдны аўтар гэта той, хто не проста апісвае сваё жыцце, а выводзіць думкі на агульна чалавечы ўзровень, жыве з шырока адчыненымі вачыма. Той, у каго абуджана душа.

А ідэальныя кнігі – гэта навукова-папулярныя кнігі пра наш Гомель. Часцей за ўсё ў нас пытаюцца менавіта пра такую літаратуру. Але акрамя прац А. Макушнікава і А. Рогалева, якія, напэўна, ужо даўно ёсць ва ўсёй гомельскай інтэлігенцыі, прапанаваць чытачам няма чаго. Таму ідэальная кніга, якую б мы жадалі выдаць, выглядае так:

Ідэальная кніга для любога гомельскага выдавецтва выглядае так.Зацікаўленыя аўтары могуць дасылаць ці прыносіць свае творы на адрас: г. Гомель, пр. Леніна, 3, каб. 110.

Ліставаць трэба на мэйл odobark@rambler.ru.