Гомельскае таварыства урачоў — таварыства гомельскіх урачоў. Дзейнічала ў 1898-1900 гг. Ставіла за мэту вывучэнне санітарнага стану Гомельскага павета, складанне яго медычнай тапаграфіі і санітарнай карты, высвятленне прычын і адшуканне спосабаў прадухілення эпідэмічных і іншых хвароб, збор і навуковую распрацоўку статыстычных звестак аб стане здароўя і смяротнасці насельніцтва павета, пашырэнне медыка-санітарных ведаў і інш.
Заснавальнік і старшыня – доктар медыцыны Дзмітрый Кастрыцкі. Распушчана міністрам унутраных спраў нібыта па прычыне парушэння статута, фактычна з-за непрымальнага для улад нацыянальнага складу таварыства (колькаснай перавагі яўрэяў).
Літаратура
Молчанов А.П. Новые материалы из истории возникновения медицинских обществ Белоруссии / / Здравоохранение Белоруссия, 1969, № 5.
Аўтар: Акім Малчанаў
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 67.